Кніга ва ўмовах канкурэнцыі
Гэта, так бы мовіць, мая “прыказка” да круглага стала “Пра кнігу, пра чытанне, пра дзяцей”, які днямі ладзіўся Цэнтралізаванай сістэмай дзіцячых бібліятэк горада Мінска і Камітэтам па арганізацыі абслугоўвання дзяцей і падлеткаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Тым больш, і на гэтым мерапрыемстве ішла гаворка і пра наклады (праўда, на жаль, не мільённыя), і пра сістэму продажу дзіцячай літаратуры, і пра перспектывы беларускай дзіцячай кнігі ды шмат пра што яшчэ.
Працуе круглы стол
Многія ўдзельнікі круглага стала — а на ім прысутнічалі прадстаўнікі выдавецтваў, дзіцячыя пісьменнікі, бібліятэкары, — уздымалі падчас размовы самыя розныя пытанні. Напрыклад, пра састарэлыя, амаль не змяняльныя з савецкіх часоў, спісы літаратуры, размешчаныя ў сённяшняй школьнай праграме. Або разважалі пра статус айчыннай дзіцячай кнігі, праблемы з яе распаўсюджваннем, высокі кошт (чаму, скажам, расійскія выданні часцяком маюць цэннік у 10 — 15, а беларускія — 20 — 25 рублёў?), а таксама гаварылі пра кніжныя навінкі ды наракалі на адсутнасць некаторых выданняў, патрэбных сённяшняму рознаўзроставаму чытачу — і цікаўным малым дзецям, і дапытлівым аматарам чытання падлеткавага веку.
Так, у выступленні вядучага бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі № 8 Марыны Петрашкевіч (да слова, сталага пазаштатнага аўтара “К”) шматкроць гучала думка пра тое, што дзіцячая кніга сёння мае шмат канкурэнтаў — гэта і інтэрнэт, і камп’ютарныя гульні, і тэлевізар, — што, натуральна, вымушае выдаўцоў прыдумваць нешта новае і цікавае для дзяцей. Скажам, у дзіцячых бібліятэках Мінска можна сёння пагартаць кнігі-пазлы, кнігі-тэрмометры, кнігі са старонкамі, з якіх робіцца карабель ці дыназаўр, ды іншыя папяровыя цікавосткі незвычайнага фармату.
Вухуцік у атачэнні кніг
Натуральна, што большасць падобных кніг у бібліятэках — на рускай мове і выдадзены расійскімі выдавецтвамі. Сярод беларускамоўных выданняў пераважаюць кнігі, так бы мовіць, традыцыйныя, якія адрозніваюцца хіба што шрыфтам, аб’ёмам ці вокладкай. Таму падобным выданням трэба прыцягваць чытачоў, у першую чаргу, цікавым зместам, каляровымі малюнкамі і гэтак далей. Што, у прынцыпе, і робяць Ганна Янкута (згадаю, да прыкладу, яе кнігу “Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў”), Надзея Ясьмінска (“Дом цікаўных казак”), Кацярына Хадасевіч-Лісавая (“Вухуцiк. Васiльвася”) ды многія іншыя.
Замежжа нам дапаможа?
Але ж не сакрэт, што і да зместу, і да афармлення дзіцячых беларускамоўных выданняў сёння можна прад’явіць шмат прэтэнзій. Цікавых дзіцячых твораў ад айчынных аўтараў на кніжным рынку з’яўляецца штогод не так ужо і многа, а паліграфічныя паслугі цяпер даволі дарагія, асабліва, калі гаворка ідзе пра неабходнасць аформіць кнігу прыгожымі каляровымі малюнкамі.
Скажам, у дзіцячай бібліятэцы ва Уруччы мне колісь на вочы трапілі дзве кнігі аднаго прыватнага выдавецтва пад назвамі “Выйшаў зайчык пагуляць” Артура Вольскага і Рыгора Барадуліна “Выпаў грук у грома з рук” (усе 2009 года выдання). Цікавыя зборнікі вершаў знакамітых беларускіх аўтараў — праўда, у назве апошняга выдання правільна пісаць грому, а не грома, — былі аформлены настолькі безгустоўна бедна (у дзіцячай кнізе для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту амаль не было малюнкаў, а калі і былі, дык графічныя і невялікага фармату), што ўзяць іх дадому для чытання дачцэ абсалютна не хацелася.
Так што аксіёму пра тое, што аўтар дзіцячай літаратуры абавязкова павінен працаваць у звязцы з мастаком-ілюстратарам, айчынныя пісьменнікі і выдаўцы, на жаль, не заўсёды яшчэ разумеюць і рэдка выкарыстоўваюць на практыцы. Вось і вынікае, што нават добра напісаны твор без каляровых і прыцягальных малюнкаў у кнізе рызыкуе застацца без свайго чытача.
Пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая са сваёй кнігай пра Вухуціка
Таму сённяшняя тэндэнцыя на дзіцячым кніжным рынку, пра якую таксама казала Марына Петрашкевіч, — з’яўленне адметнай беларускамоўнай перакладной літаратуры: серыі кніг шведскіх пісьменнікаў Юі Вісландар пра “Маму Му”, Свэна Нурдквіста пра “Пэтсана і Фіндуса”, Эвы Сусы пра “Снежнага чалавека” ды многіх іншых. І гэта, нейкім чынам, сапраўднае выйсце з праблемнай сітуацыі нястачы якаснай дзіцячай беларускамоўнай літаратуры, з густам і па-мастацку аформленай выдатнымі малюнкамі, якія можна разглядаць нават незалежна ад тэксту, бо гэта сапраўдныя шэдэўры паліграфічнай творчасці.
Можна сказаць болей: гэтыя кніжныя навінкі сусветнага ўзроўню часам вымушаюць чытаць беларускамоўныя кнігі нават тых дзяцей, якія да таго часу бралі кнігі выключна па-руску. Так, па словах Марыны Петрашкевіч, у яе бібліятэцы часам бывае так, што тая ці іншая кніга пра Фіндуса і Пэтсана або пра Маму Му ёсць толькі на беларускай мове. І дзеці яе бяруць, бо вельмі хочуць прачытаць яшчэ адну цікавую гісторыю пра Старога і ягонага Коціка ці пра Карову і Крумкача. Так што не назойлівая прапаганда беларускамоўнай кнігі прыносіць свой плён. Праўда, як вынікае, часцяком праз перакладную літаратуру.
Я, дарэчы, прынёс на круглы стол нядаўняе выданне “Гары Потэр і філасофскі камень”, перакладзеную з англійскай на беларускую мову і выдадзеную адным з прыватных выдавецтваў нашай краіны. І расказаў, што менш чым за месяц былі прададзены дзве тысячы асобнікаў названага выдання (гэта, да слова, увесь наклад кнігі), а само выдавецтва цяпер мяркуе не толькі працягнуць перакладную серыю кніг пра хлопчыка-чараўніка з Хогвартса, але і надрукаваць дадатковы тыраж першай кнігі.
Пухлік, які жыве ў Сіняй Падушцы
Справа тут, канечне, не толькі ў хуткасці распродажу названай кнігі, — хаця нават адзін гэты прыклад цалкам абвяргае думку пра тое, што беларускамоўную дзіцячую кнігу сёння ніхто не чытае, — а, на мой погляд, у тым, што айчынныя дзяржаўныя выдавецтвы не зусім добра дбаюць пра адметныя маркетынгавыя хады, не заўсёды цікавяцца “гучнымі” і “выбуховымі” кніжнымі навінкамі ў замежных краінах, не дастаткова поўна аналізуюць рынак дзіцячай літаратуры як у Беларусі, так і ў краінах-суседзях. І, адпаведна, не заўсёды хутка рэагуюць на зменлівыя тэндэнцыі еўрапейскага кніжнага рынку ці сусветныя тэндэнцыі ў галіне паліграфіі.
Напрыклад, хто перашкаджаў нашым айчынным выдавецтвам выдаць па-беларуску Гары Потэра яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, калі кнігі Джоан Роўлін пачалі з’яўляцца ў Вялікабрытаніі і захопліваць увагу дзяцей па ўсім свеце? Або хаця б у пачатку 2000-х гадоў, калі быў зроблены першы мастацкі фільм Патэрыяны — экранізацыя цудоўнай гісторыі пра хлопчыка Гары і яго змаганне са злым чараўніком Валандэмортам?
Ці, працягну сваю думку, звярнуўшыся зноў да даклада Марыны Петрашкевіч, чаму ў Беларусі дасюль не выпускаюцца кнігі-пазлы, кнігі з акенцамі або кнігі-раскладанкі? Кнігі, у якіх можна пагуляць з якім-небудзь Дзедам Барадзедам, Несцеркай або Пранцішам Вырвічам, прасунуўшы ў яго руку або проста склаўшы яго са старонак кніг? Скажам, у нашай дачкі падобная кніга (з цацкай на руку) ёсць — пра блакітна-паласатага пана Потвура. Яе жонка прывезла з навуковай канферэнцыі ў Варшаве.
Думаю, не варта і казаць, што гэтае польскамоўнае выданне карысталася значнай цікавасцю ў маёй дачкі да пэўнага ўзросту. Як, дарэчы, і ўкраінская дзіцячая кніжка з акенцамі, якую я гады два таму прывёз з Кіева. Але чаму падобныя выданні сёння трэба прывозіць з-за мяжы, але нельга набыць у айчынных выдавецтвах? Пытанне, на мой погляд, зусім не рытарычнае.
Поспех — праз працу
Часткова на мае як зададзеныя, так і не прагавораныя пытанні адказалі ўдзельнікі круглага стала. Так, вядучы спецыяліст аддзела падпіскі і маркетынгу РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Алена Юрына адзначыла, што летась у іх выйшла дзіцячая кніга-квэст “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці” аўтарства Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, дзе ў забаўляльнай форме чытачу прыходзіцца разгадваць сакрэтныя коды, зашыфраваныя на старонках названага выдання.
Прычым, дзеля разгадкі таямніцы кнігі маленькім дэтэктывам трэба пераходзіць, скажам, з 3 старонкі на 18-ю, потым перагортваць кнігу яшчэ далей, а пасля вяртацца назад. Але ж, як прызналася Алена Юрына — гэта пакуль што толькі першае падобнае дзіцячае выданне айчыннага аўтара, выдадзенае выдавецтвам “Звязда”. Між тым, як адзначылі прысутныя на круглым стале бібліятэкары, у той жа Расіі кнігі-квэсты ўжо не рэдкасць і выдаюцца шмат гадоў. Як бачна, і тут мы адстаём ад сусветных — ці нават агульнаўсходнеславянскіх, — тэндэнцый.
Што да беларускамоўнай кнігі, дык, як адзначыла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Алена Беразоўская, летась у сістэме быў распрацаваны і, галоўнае, ажыццёўлены праект па падтрымцы чытання дзецьмі беларускамоўных кніг “Гучы, родная мова”. У рамках праекта ў дзіцячых бібліятэках сталіцы, куды, да слова, завітвае штогод больш за 120 тысяч чалавек (а чытачы да 15 гадоў складаюць у іх пераважную большасць), праходзяць беларускамоўныя чацвяргі, ладзяцца мерапрыемствы для дзяцей на беларускай мове: сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя віктарыны, чытанні беларускамоўных кніг услых і гэтак далей.
Як дадала да гэтай інфармацыі намесніца дырэктара ЦСДБ горада Мінска Алена Чарняўская, за 2019 год колькасць беларускамоўных выданняў павялічылася ва ўсіх бібліятэках сістэмы, у параўнанні з леташнім перыядам, прыкладна на 30 тысяч кнігавыдач. І гэта толькі пачатак працы ў агучаным кірунку: як запэўнілі мяне бібліятэкары, цікавасць да беларускамоўнай кнігі расце, у дзіцячыя “кніжніцы” часцей завітваюць беларускамоўныя дзеці і іх бацькі, зацікаўленыя ў кнігах на роднай мове. Таму названы праект запланавана працягнуць і ў 2020-м годзе і, магчыма, і надалей.
А пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая прынесла на круглы стол не толькі новыя кніжныя выданні свайго аўтарства, а і ляльку, якую завуць Вухуцiк, зробленую па адным з яе твораў. Як расказала аўтарка, яе Вухуцік карыстаецца падвышаным попытам у дзяцей, якія пастаянна просяць яго прадаць ці запытваюцца, дзе яго можна набыць падчас прэзентацый ці сустрэч з чытачамі.
На жаль, лялька зроблена самой пісьменніцай у адзінкавым экзэмпляры, таму продаж яе, натуральна, не прадугледжаны. Магчыма, на мой погляд, выйсцем з гэтай сітуацыі “самавырабу лялек” было б супрацоўніцтва айчынных пісьменнікаў з Саюзам майстроў народнай творчасці. Бо не сакрэт, што нашы народныя ўмельцы могуць сёння выразаць з дрэва, вылепіць з гліны ці зрабіць з саломкі ды льну любыя цікаўныя фігуркі, у тым ліку — і тых жа герояў дзіцячых кніг. Чаму б не аб’яднаць свае намаганні? І дзецям была б карысць, і якая “капейчына” для народных умельцаў, і стваральнікам дзіцячых кніг трэба было б думаць толькі пра слушнасць таго ці іншага слоўнага выразу, а не над тым, як і з якога матэрыялу рабіць герояў сваіх кніг.
А я, у сваю чаргу, прапанаваў праз некаторы час зладзіць на базе нашай газеты ці ЦСДБ Мінска яшчэ адзін круглы стол на тэму дзіцячага чытання. Прычым, не толькі з удзелам бібліятэкараў і пісьменнікаў, але і адказных асоб з міністэрстваў культуры і інфармацыі, з Нацыянальнага інстытута адукацыі ды з кіраўнікамі дзяржаўных і прыватных выдавецтваў нашай краіны. Бо, як вядома, праблемныя пытанні — сярод агучаных згадаю яшчэ і праблему абнаўлення спісаў дзіцячай літаратуры ў школах, неабходнасць зніжэння падаткаў на выданне дзіцячай літаратуры, дзяржпадтрымку выдавецтваў, якія займаюцца беларускамоўнай дзіцячай літаратурай, неабходнасць рэкламы дзіцячых навінак па тэлебачанні і некаторыя іншыя, — трэба не толькі ставіць, але і даносіць іх да адказных асоб і дзяржаўных структур. Так што працяг гэтай тэмы на старонках “К” яшчэ будзе. І, магчыма, бліжэйшым часам.
І апошняе. Больш за ўсё на круглым стале мяне ўразіла актыўная пазіцыя прысутных бібліятэкараў. Яны задавалі пытанні ўсім удзельнікам, выказвалі свой пункт гледжання на кожнае пытанне і фактычна зрабілі гэтае пераднавагодняе святочнае мерапрыемства адметным ды насычаным праблемнымі аспектамі. Было бачна, што супрацоўнікі бібліятэк сапраўды хвалююцца за будучыню дзіцячай кнігі, за дзіцячае чытанне, за дзяцей. Таму яшчэ раз — першы раз я зрабіў гэта падчас круглага стала — прапаную бібліятэкарам сістэмы дасылаць свае матэрыялы і артыкулы па ўзнятай тэме, а таксама па ўсіх іншых праблемных пытаннях дзіцячага чытання ў “К”. Разам мы зможам болей.
Фота аўтара