Свой твар на групавым здымку

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

16 студзеня ў Верхнім горадзе ў Арт-гасцёўні “Высокае месца” адкрылася выстава маладых выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава “Свой твар”.

/i/content/pi/cult/781/16833/3_3.jpgЦяпер “Глебаўка” — каледж, а раней была вучэльняй. Да ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута менавіта гэтая навучальная ўстанова была галоўнай кузняй творчых кадраў для нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Тут вучыліся, тут выкладалі многія з тых, чые імёны сёння на слыху ў прафесійным асяродку і ў коле аматараў мастацтва, і чыя творчасць ужо належыць гісторыі нашай культуры.

На гэтай выставе больш сямідзесяці работ адзінаццаці мастакоў. Паколькі зроблены яны за апошнія дзесяць гадоў, дык экспазіцыю ў пэўнай ступені можна лічыць панарамай маладога мастацтва дадзенага перыяду. Маладога, але ўжо на мяжы з творчай сталасцю.

Аўтары прадстаўляюць розныя творчыя цэхі — жывапіс, графіку, скульптуру, фотамастацтва, дызайн. Калі ведаць, што калісьці вучэльня (яшчэ да надання ёй імя народнага мастака Беларусі Аляксея Глебава) рыхтавала толькі дзве спецыяльнасці — мастакоў-афарміцеляў і выкладчыкаў малявання і чарчэння, бачыш, як парышылася наша культурніцкае поле і павялічылася патрэба ў новых ведах, новых творчых спецыялізацыях.

Выстава працуе да 16 лютага.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"