Фота як жывы працэс

№ 3 (1442) 18.01.2020 - 25.01.2020 г

625 фатаграфій, 360 старонак, 13 аўтараў тэкстаў… Год для беларускай фатаграфіі пачынаецца са знакавай падзеі. 25 студзеня ў сталічным Палацы мастацтва ў ZAL#2 адбудзецца прэзентацыя кнігі “Гісторыя беларускай фатаграфіі”. Праект, куратарамі якога выступілі даследчыцы Ганна Самарская і Антаніна Сцебур, стаўся плёнам трохгадовай працы, сабраўшы пад адной вокладкай 57 артыкулаў пра падзеі і асоб беларускай фатаграфіі, пачынаючы з ХІХ стагоддзя да сённяшніх дзён.

/i/content/pi/cult/781/16831/2_1.jpegКніга мае асаблівую структуру і пабудавана праз наступныя лініі напружання — інфраструктурныя персанажы, падзеі, уключэнне выключаных, супольнасці і аб’яднанні, аналіз фатаграфіі. “Для нас было важна глядзець на гісторыю як на жывы працэс, не ствараць адзінае маналітнае апавяданне, — каментуюць свой падыход да матэрыялу Ганна Самарская і Антаніна Сцебур. — Мы хацелі даць чытачу ключы для ўваходу і крэатыўнай працы з гістарычным матэрыялам”.

Кніга адметная тым, што паказвае, як можна прэпарыраваць гісторыю, якім чынам падыходіць да візуальнага аналізу фатаграфій, адначасова як да твораў мастацтва і гістарычнага дакумента, падкрэсліваюць стваральнікі.

У працэсе працы над выданнем “былі ўзятыя дзесяткі інтэрв’ю ў відавочцаў і ўдзельнікаў падзей, прагледжаны сотні дакументаў, прааналізаваны тысячы фатаграфій”. Важна, што злучаныя пад адной вокладкай аўтарскія тэксты (кніга мае асноўнай беларускую мову) перакладзены на англійскую.

Пазнаёміцца з этапамі стварэння аналітычнай фотаэнцыклапедыі (выданне можна апісаць і так), знойдзенымі дакументамі і выявамі, каманда праекта прапануе таксама на адмыcловай выставе “Гісторыя беларускай фатаграфіі. Backstage”, прымеркаваннай да прэзентацыі кнігі.

У рамках мерапрыемства запланавана і правядзенне міні-канферэнцыі “Гісторыя vs гісторыі. Як вывучаць беларускую фатаграфію”, праграма якой уключае выступленні экспертаў, круглыя сталы і абмеркаванні.

Нагадаем, што падзея ладзіцца пад эгідай Месяца фатаграфіі ў Мінску.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"