Гэта тэма застаецца жывой, трапяткой, надзвычай актуальнай для кожнага. Бо згадванне тых падзей заклікае зрабіць усё, каб яны больш ніколі не паўтарыліся.
Упершыню праект з такой назвай здзейсніўся ў сталічнай філармоніі два гады таму. У фае адкрылася незвычайная выстаўка: мы бачылі фотапартрэты тых, хто ацалеў у гады жудаснай навалы, і быццам чулі іх галасы, бо побач з кожным здымкам паўставалі запісаныя ад іх успаміны. А на сцэне гучалі музычныя творы, прысвечаныя тым падзеям.
Традыцыі будуць захаваны і сёлета. Сярод іх — складанне да гэтага выступлення асобнага аркестра, гэткай “музычнай зборнай”, арганізаванай з інструменталістаў розных калектываў. Да аркестра далучыцца Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы пад кіраўніцтвам Вольгі Янум. У праграме — класічныя творы кампазітараў яўрэйскага паходжання з розных краін. Сярод іх — знакаміты беларускі кампазітар-класік Генрых Вагнер. Выратоўваючыся ад фашысцкай навалы, ён патрапіў да нас, і распаўсюджаная фраза пра тое, што Беларусь стала для яго другой радзімай — зусім не трывіяльныя словы. Ён так і не пазбавіўся польскага акцэнту ў размовах, а творы пісаў — беларускія па сваім духу і ў лепшым сэнсе слова еўрапейскія па тых часах складаных музычна-выразных сродках, якія таксама былі яго мастацкай “мовай”.
Месца за дырыжорскім пультам зойме Бомсак Йі з Аўстрыі, запрошаны правесці гэтую незвычайную вечарыну. А ў фае, акрамя працягу згаданага фотапраекта “Лица общины” Дзмітрыя Шамяткова і фотавыставы “Промні святла. Лёс жанчыны ў Гады Халакосту”, унікальную інсталяцыю Валерыі Гайшун, якая вырабляе адметных лялек “з характарамі” і стварае з іх цікавыя кампазіцыі з яўрэйскага побыту.