Цэнтру нацыянальных культур — 25!

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Напрыканцы снежня Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур адзначыў 25-годдзе з дня ўтварэння. Як паведамілі “К” з установы, святочны вечар адбыўся ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Апрача канцэрта прайшло гашэнне спецыяльнага паштовага канверта.

Дзейнічала і выстава. На ёй прэзентаваліся ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, народных рамёстваў розных нацыянальнасцяў. Ладзіліся майстар-класы па ткацтве, лоза- і саломкапляценні, кераміцы, разьбе па дрэве. Не меншае ўражанне выклікалі нацыянальныя кухні, музычныя інструменты і касцюмы самых розных суполак.

У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрстваў культуры і замежных спраў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, кіраўнікі дыпламатычных місій у нашай краіне, старшыні нацыянальна-культурных аб’яднанняў, таварыстваў беларусаў замежжа, святары і работнікі культуры.

Падрабязней пра тое як Цэнтр працаваў чвэрць стагоддзя ў незалежнай краіне, якія набыткі ён мае сёння ў справе развіцця народных культур у шматнацыянальнай і шматканфесійнай Беларусі, што за праекты рыхтуе на будучыню, чытайце ў наступных нумарах “К”.