Каб не прамахнуцца...

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Навагоднія святы і зімовыя канікулы — традыцыйны час тэатральных ранішнікаў. Гэтак жа традыцыйна “К” робіць агляд хаця б некаторых з іх. Падкрэслю, менавіта некаторых, а не амаль усіх. Бо з кожным годам такіх спектакляў, нават уласна ў сталіцы, не ўлічваючы іншыя гарады і мястэчкі, становіцца ўсё больш. Творчыя калектывы не толькі прымяркоўваюць да Калядаў чарговыя прэм’еры і збіраюць разам свой лепшы дзіцячы рэпертуар, але і ствараюць у поўным сэнсе слова “дацкія” спектаклі, дзе слова “навагодні” ўжываецца ў назве. Каб не прамахнуцца, а патрапіць не тое што ў яблычак — на вочы і ў самае сэрца клапатлівых бацькоў. Дый дарослым гледачам-слухачам — усё больш ды больш увагі: калядныя канцэрты, спектаклі, іншыя святочныя праекты…

Што ў трэндзе?

Паспрабуем вылучыць некаторыя тэндэнцыі. Першая з іх ляжыць літаральна на паверхні — гэта згаданае пашырэнне ўсяго святочна-зімовага, што адбіваецца ў афішах. Сапраўды, што ні назва — з азначэннямі “калядны”, “навагодні”. Прычым часцей у множным ліку і ў спалучэнні са словам “прыгоды”. А ніхто ж не дамаўляўся паміж сабой!

Другая тэндэнцыя — жанрава-тэматычнае пашырэнне. Здаецца, мінаюць тыя часы, калі ўсе навагоднія спектаклі былі пашытымі па адных лекалах: Новы год пад пагрозай, бо нейкі антыгерой імкнецца перашкодзіць яго надыходу. Нават калі гэта схема захоўваецца, сёння яна ўсё часцей суправаджаецца пошукам адметных, арыгінальных персанажаў і новых сюжэтных хадоў.

Тыя становяцца больш сучаснымі, прывязваюцца да новых інфармацыйных тэхналогій, у якіх дзеці разбіраюцца часам лепей за дарослых.

Пачынае з’яўляцца і нейкае падабенства жанру каляднай казкі — пакуль рэдкага ў нас, але добра распрацаванага ў Еўропе: гэткай сцішанай, але вельмі кранальнай гісторыі пра сапраўдныя чараўніцтвы і, галоўнае, дабрыню, якая становіцца не проста нейкім цудам, а вынікам мэтанакіраваных чалавечых дзеянняў. Мякка, але даволі настойліва ўнушае, што кожны чалавек пры жаданні можа ствараць цуды ўласнымі рукамі і, шырэй, сваімі творчымі і фізічнымі намаганнямі.

Патроху змяняецца агульны настрой навагодніх гісторый. Замест непрымірымай барацьбы станоўчых і адмоўных персанажаў — не на жыццё, а на смерць — узнікае і гэткае вясёлае, гуллівае, крыху іранічнае спаборніцтва паміж імі. Часам усё гэта мадулюе да вядомай тэорыі бесканфліктнасці савецкіх дзесяцігоддзяў, заснаванай на супрацьстаўленні добрага і выдатнага. А часам перацякае ў пошукі новых варыянтаў драматургіі. І, галоўнае, у пошукі прычын, чаму той ці іншы герой паступае дрэнна, што рухае ягонымі дзеяннямі. І як можна выправіць сітуацыю! Прычым так, каб у выйгрышы засталіся ўсе.

Не адмаўляюцца тэатры і ад дзіцячай класікі — аўтарскіх і народных казак: надаюць ім новае прачытанне, ствараюць сіквелы ды іншыя “варыяцыі на тэму”. Такі падыход, да ўсяго, стымулюе дзіцячую фантазію, натхняе юных гледачоў на ўласныя інтэрпрэтацыі, а не на просты “пераказ, як па нотах”.

Нарэшце, пашыраецца кола разнавіднасцей спектакляў — найперш за кошт усё большага інтэрактыву з гледачамі, імерсіўнага тэатра, які яшчэ называюць тэатрам-паглыбленнем, праменадам, “бродилкой”.

Усё больш актыўнымі становяцца прыватныя тэатры, якіх у нас пакуль нямнога, далучаюцца антрэпрызы, “прачынаюцца” навучэнцы школ-студый, студэнты, асабліва дыпломнікі — і ў якасці аматарскіх калектываў, і як пастаноўшчыкі, акцёры, аніматары.

Сімптаматычна, што сярод “ранішнікаў” з’явіліся некалькі новых мюзіклаў маладых беларускіх аўтараў. Суцэльная рэвалюцыя ў гэтым жанры!

Цікава і тое, што адразу некалькі тэатраў рыхтавалі сёлета не адзін навагодні сюрпрыз, а болей. Прычым не толькі класічную пару для дзяцей і для дарослых, а абодва спектаклі — дзіцячыя.

Краіна мюзіклаў

Сярод найбольш удалых прадзюсарскіх спроб трэба назваць мюзікл “Дзінь-дон, я ваша мама!”, здзейснены тэатральным праектам “МюзікЛэнд” і Палацам культуры МАЗа. Спектакль ушчэнт разбівае сцвярджэнні, што мадэль прадзюсарскага тэатра і антрэпрызы — гэта апрыёры дрэнна. Па-першае, спачатку былі вырашаны пытанні аўтарскіх правоў (дарэчы, усе нумары гучаць у новых аранжыроўках Віктара Дзяменцьева, з новай даволі простай, але відовішчнай харэаграфіяй Вольгі Вялічка). Па-другое, спектакль не паўтарае пачатковую кінаверсію, а зусім іначай, у адпаведнасці з сучаснай псіхалогіяй, расстаўляе акцэнты. Замест папраўдзе варожага, шмат у чым жорсткага супрацьстаўлення суседзяў — Ваўка і Казы, вочы якіх бліскаюць агністымі маланкамі, мы бачым зграбную, грацыёзную, добразычлівую дзяўчыну і… надзвычай абаяльнага хулігана ў кампаніі такіх жа харызматычных, зусім не страшных сяброў. Ваўка ніхто не топіць у палонцы — накідваюць сетку, і яму становіцца сорамна. А модны Папугай са сваёй запальнай песенькай увогуле ператвараецца ў тую цэнтральную фігуру, вакол якой верціцца ўвесь сусвет спектакля — па меншай меры, у сцэне кірмашу. Дый дзея разгортваецца як “спектакль у спектаклі”: Дзед Мароз з гулліва-іранічнай Снягуркай дапамагае хлопчыку патрапіць у казку.

/i/content/pi/cult/779/16813/7_2.jpg

 

 

“Дзінь-дон, я ваша мама!”.

Мадэль праектнага тэатра дазволіла сабраць папраўдзе зорны склад артыстаў з розных труп: Сяргей Чэкерэс, Вераніка Пляшкевіч, Аляксандр Асіпец, Арцём Пінчук, Уладзіслаў Вінаградаў (апошнія двое іграюць, дарэчы, па дзве ролі — абедзве бліскуча) і іншыя. Выдатным менеджарскім ходам стала запрашэнне да ўдзелу юных выканаўцаў Тэатра эстраднай песні “Сябрынка” таго ж Палаца культуры МАЗа: праз іх выдатна спрацавала “сарафаннае” радыё. Дый знешняя рэклама была зроблена вельмі прафесійна. А якую ўдалую сцэнаграфію стварыў Андрэй Жыгур! Кампактная, эфектыўная, яна дазваляе адным паваротам перасоўнай шырмы імгненна змяняць месца дзеяння, бы пры кінамантажу. Гадзіна з невялікім пралятае, бы некалькі хвілін.

“Навагодняя бітва магаў” тэатра “Тэрыторыя мюзікла” цікава тым, што гэта новы беларускі мюзікл. Нядаўні выпускнік Акадэміі музыкі (дарэчы, піяніст паводле адукацыі), Ілля Палякоў пачынае складаць добрую канкурэнцыю прызнанаму майстру гэтага жанру Уладзіміру Кандрусевічу. Лібрэта Наталлі Марчук настолькі закручанае, што на нейкім этапе нават дарослыя, не гаворачы пра дзяцей, стамляюцца сачыць за логікай разгорту, пачынаюць блытацца. Музыка вельмі яркая — гэткі эмацыйны канцэнтрат, а не вадой разбаўленая поліўка. Сцэнічныя строі сталі вынікам курсавых праектаў шасці студэнтаў Акадэміі мастацтваў — выдатны прадзюсарскі ход! Праўда, у эскізах і зблізу фантазійныя касцюмы глядзеліся больш эфектна. Колеравая ж палітра адразу выдавала кіраўніцтва (і, адпаведна, уздзеянне) Юліі Бабаевай. І ўсё б добра, ды… навошта ўвесь спектакль крычаць жудаснымі галасамі і фарсіраваць гук! Гарнітура, якую выкарыстоўваюць удзельнікі, гэта не церпіць, ператвараючы дзеянне ў вампуку.

“Навагоднія прыгоды цацак” у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўтрымлівалі некалькі папраўдзе цікавых фрагментаў, здольных упрыгожыць дзею. Сярод іх — выступленні юных артыстаў, што заварожвалі сваёй гнуткасцю, пластычнасцю. Але спектакль у цэлым, пры ўсім жаданні стваральнікаў знайсці незашмальцаваныя хады ў лібрэта, успрымаўся гэткім мехам Дзеда Мароза, дзе ўсё перамешана. І логіку шукаць папросту не трэба — усё роўна не знойдзеш.

“Крышталёвы пантофлік” Уладзіміра Саўчыка, прымеркаваны да восеньскіх канікул і паўтораны днямі, разлічаны на Камерную залу імя Р. Шырмы. Але ён мог бы скласці добрую альтэрнатыву ёлачным святкаванням на вялікай сцэне. Той жа кампазітар, але яго музыка гэтай казкі пра Папялушку больш цікавая, запамінальная. Ды ўсё ж касцюміраванаму дзеянню бракавала такой жа адметнай рэжысуры. Ігар Пятроў, падобна на тое, баяўся парушыць традыцыйнасць оперных спевакоў. Але заўсёды можна знайсці шмат іншых прыёмаў, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні. Чаму б не задзейнічаць больш шырока тых жа інструменталістаў? Да гонару кампазітара, у спектаклі выкарыстаны камерны ансамбль, які знаходзіцца тут жа на сцэне. Дык гэта ж адна з распаўсюджаных еўрапейскіх тэндэнцый! Але чаму той жа Уладзімір Козін са сваёй гітарай застаецца “прыкаваным” да крэсла? Хай суправаджае Прынца (Уладзіслаў Штылеўскі), калі той спявае серэнаду. Дый Вяшчальнік (Максім Абравец), які валодае прыгожым бас-барытонам, павінен выходзіць разам з духавіком Андрэем Дзяргаем, каб дзеці насамрэч бачылі, што “пушки палят, в трубы трубят”.

Нельга не адзначыць адметны філарманічна-музычны паварот у лібрэта, створанае самім кампазітарам: Прынц звяртае ўвагу на Папялушку (Ганна Янкоўская) не з-за яе прыгожага ўбрання, а таму, што яна іграе на раялі. А за раялем у гэты час шчыруе лаўрэат міжнародных конкурсаў Сяргей Вайніцкі. І яго постаць сціпла завешваюць: маўляў, за шырмай — дзяўчына. Канешне, вакалістка не валодае клавішнымі так, як прафесійны піяніст. Але чаму б ёй не далучыцца, сыграўшы хаця б некалькі нотак у чатыры (нават у тры) рукі? Усе гэтыя даволі простыя рэчы маглі б стаць сапраўднымі “фішкамі”. Можа, яшчэ стануць пры далейшых паказах?

/i/content/pi/cult/779/16813/7_1.jpg

 

“Дзюймовачка”.

Бо і гэты спектакль, і “Дзюймовачка” ў сталічным тэатры лялек, якую можна было б адзначыць як “прынцыпова не мюзікл — прыпавесць”, і некаторыя іншыя найменні разлічаны на доўгае жыццё, не скаванае ёлачнымі прадстаўленнямі. “Дзюймовачку” яднае з каляднай казкай не толькі светлы фінал, дзе лунаюць эльфы, але і пошукі свайго жыццёвага шляху, тэма станаўлення і паступовага раскрыцця чалавечай душы, усведамленне ўласнай сутнасці — ідэя духоўнага прасвятлення.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Заканчэнне — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"