Ужо першы фільм серыі атрымаў цэлую гронку прызоў на прэстыжных кінафорумах. Уручаючы ўзнагароду, дырэктар Міжнароднага фестывалю гістарычных і ваенных фільмаў у Варшаве Анджэй Бжоза лаканічна выявіў галоўную вартасць работы: пра Мінскае гета вядома даўно. Але толькі цяпер мы здолелі зразумець і адчуць, як усё гэта было.
Менавіта дзеля такога занурэння ў мінулае рэжысёр Уладзімір Луцкі далікатна ўкрапляе ў тканку дакументальнага кіно пастановачныя эпізоды. Яны чаргуюцца са словамі сведак падзей — былых вязняў Мінскага гета. Зафіксаваць іх аповеды было архіважным хаця б таму, што з кожным годам тых людзей, на жаль, становіцца ўсё меней.
Але ў першым фільме цыкла гучаць не толькі інтэрв’ю тых нешматлікіх, каму пашчасціла выжыць. Разам з імі — і маналогі забітых, створаныя на падставе іх дзённікаў і лістоў. Гэтыя словы ад першай асобы агучваюць сучаснікі — нібы прымяраючы на сябе лёс іншага чалавека. Мастацкі прыём рызыкоўны, але дзейсны.
Кадр з фільма “Хроніка Мінскага гета-2”
Па словах аўтара ідэі праекта, вядомага пісьменніка і сцэнарыста Барыса Герстэна, менавіта з асабістай далучанасці ўсё і пачыналася:
— Тэма для мяне вельмі… мая: яна перагукаецца з гісторыяй уласнай сям’і. У першыя дні вайны бацька быў мабілізаваны як ваенны лекар, і калі пасля Перамогі ён вярнуўся ў свой родны гарадок Чорткаў у Заходняй Украіне, дык жахнуўся: амаль уся яго сям’я загінула ў гета! Толькі адна з сёстраў цудам ацалела: яе ў гады акупацыі хавала ў сябе ў падвале польская жанчына. Ён не хацеў пра гэта згадваць, нават калі я ўжо пасталеў.
Для стварэння чатырох стужак гэтага цыкла студыі гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” спатрэбілася шэсць гадоў. Самім здымкам папярэднічала грунтоўная праца ў архівах і пошук непасрэдных удзельнікаў тых падзей.
— У спісе ўганараваных спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта — тры асобы: сцэнарыст, рэжысёр і я, — кажа Уладзімір Бокун. — Але насамрэч да стварэння цыклу спрычынілася вельмі шмат людзей з розных краін — думаю, не меней за сотню. Без іх удзелу — творчага, арганізацыйнага, фінансавага — гэты праект ніколі б не атрымаўся.
Рэканструкцыя трагічных падзей. Падчас здымак.
— Цяжка сказаць, колькі людзей паглядзела гэтыя фільмы, але ўпэўнены, што лік ужо ідзе на мільёны, — распавядае Уладзімір Бокун. — “Хроніку Мінскага гета” паказвалі некалькі буйных тэлеканалаў, якія вяшчаюць на ўвесь свет. Ды і ў Сеціве гэтыя стужкі сабралі сотні тысяч праглядаў.
— Я быў на паказе ў Вене, — дадае Барыс Герстэн. — У зале — пераважна аўстрыйцы, не яўрэі. Шмат людзей пажылых. І раптам сабе думаю: нехта з іх, пэўна, бачыў тую вайну з адваротнага боку. Як будуць успрымаць? Але рэакцыя была неверагодна эмацыйнай, многія плакалі. І вось што яшчэ цікава: людзі падыходзілі да мяне, каб падзяліцца сваёй уласнай гісторыяй. Вельмі рады, калі кіно дапамагае нам звярнуць на яе ўвагу.