Рэжысура II Еўрапейскіх: “на выдатна!”

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Рэжысёр і ўсе чальцы пастаноўчай каманды — прафесіі “нябачныя”. Асабліва калі гэта тычыцца не тэатра ці кіно, а разнастайных канцэртных праграм, урачыста-святочных мерапрыемстваў. Таму высокая ўзнагарода за падрыхтоўку і правядзенне цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў прыемна ўдвая.

Так здарылася, што і ўласнае ўзнагароджванне (дакладней, святочны канцэрт пасля ўручэння дыпломаў) Аляксандр Вавілаў “зрэжысіраваў” сам. А таксама нядаўнюю Галоўную ёлку краіны са спектаклем “Чароўная прафесія”, паказы якога завяршыліся 6 студзеня. Супадзенне? Не, запатрабаванасць.

/i/content/pi/cult/779/16804/4_3.jpg— Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі стала для мяне прыемнай нечаканасцю, — падзяліўся радасцю Аляксандр Вавілаў. — Калі ў пачатку верасня мне прапанавалі зрабіць Калядны канцэрт, пра магчымую ўзнагароду яшчэ не ведаў, дый увогуле да ўласных ушанаванняў не прывучаны. Але ўжо тады вырашыў, што канцэрт будзе прысвечаны сімвалам Беларусі — у працяг тых думак пра радзіму, якія закладаліся ва ўрачыстае адкрыццё ІІ Еўрапейскіх гульняў. Тады мы практычна год гэту ідэю выношвалі, абаранялі, дапаўнялі, каб атрымалася тое, што ўсе ўбачылі на стадыёне “Дынама” і з экранаў тэлевізараў. Мая вялікая ўдзячнасць сапраўдным майстрам сваёй справы, бо без добрай каманды аднадумцаў мы ніколі не справіліся б з такімі грандыёзнымі задачамі, што былі пастаўлены. Кожны працаваў не проста прафесійна, але і з вялікай любоўю — гэта вельмі і вельмі важна. Былі выкарыстаны новыя тэхналагічныя прыёмы, дарагое абсталяванне, мы звярталіся па дапамогу да замежнай кампаніі — усе гэтыя захады сябе апраўдалі.

У цяперашнім Калядным канцэрце я адштурхнуўся ад тых прац фотамастачкі Ірэны Гудзіеўскай, дзе яна здымае суворую беларускую прыроду ў спалучэнні з далікатнымі, амаль крохкімі на выгляд жаночымі постацямі (некаторыя яе фота з гэтай серыі дэманстраваліся тры гады таму на “Славянскім базары ў Віцебску”). Захацелася перанесці гэтае зачараванне прыгажосцю на сцэну — у спалучэнні з музыкай, якую выконвае Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. І так выбудоўваецца кожны нумар: усё залежыць ад тых артыстаў і калектываў, якія былі адабраны для ўдзелу, ад тэхнічных рэчаў, ад каманды — і ад настрою залы. Бо зала і сцэна — быццам сазлучаныя пасудзіны ў фізіцы.

Атрымліваючы ўзнагароду, хочацца працаваць яшчэ больш, зрабіць штосьці яшчэ лепшае. Крыніцай натхнення застаецца мая родная Беларусь, дзе я нарадзіўся і жыву, дзе нарадзіліся мае бацькі, дзеці і ўнукі. Гэтую любоў да сваёй краіны, разуменне значнасці беларускіх нацыянальных каранёў хочацца данесці да кожнага гледача.

 

На фота: Аляксандр Вавілаў

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"