Асвета для кожнага

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Прэміяй Прэзідэнта Беларусі адзначаны протаіерэй Іаан (Іван) Аляксандравіч Харашэвіч, настаяцель храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска. Узнагарода была ўручана за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй міласэрнасці і арганізацыю работы Дома духоўнай асветы.

/i/content/pi/cult/779/16798/2_1.jpg

Калі хто не ведае, дык каменны храм святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска быў узведзены ў 1847 годзе на месцы згарэлай драўлянай царквы на Старажоўскіх могілках. Сёння тут размешчаны цэлы храмавы комплекс, у які, акрамя царквы Марыі Магдаліны, уваходзяць хрысцільная царква Іаана Прадцечы, пабудаваная ў 1992, капліца ў памяць усіх беларускіх святых, што паўстала тут у 1998 годзе, а таксама Дом духоўнай асветы, які адчыніў свае дзверы для ўсіх ахвотных летась.

Да слова, саму царкву, пачынаючы з 1933 года, не раз зачынялі, ператвараючы то ў склад для захоўвання бульбы, то ў сталярную майстэрню, а ў 1950-м, канчаткова змяніўшы інтэр’ер і фасады (нават уваход быў прабіты з алтарнага боку), размясцілі ў ёй архіў кіна- , фона- і фотадакументаў. Дарэчы, у такім выглядзе будынак быў увекавечаны ў кінастужцы “Гадзіннік спыніўся апоўначы”.

Але ўсё гэта — справы мінулыя. Бо шматпакутны храм вярнулі Беларускай праваслаўнай царкве яшчэ ў 1990 годзе і ён стаў першай у Мінску царквой, вернутай вернікам. Будынак аднавілі ўсяго за сем месяцаў, а для рэстаўрацыі фрэсак нават запрасілі грэцкага іканапісца. 25 лістапада 1990 года ў сталіцы адбыўся першы за многія дзесяцігоддзі хросны ход — са Свята-Духава кафедральнага сабора ў асвечаны храм перанеслі часціцу мошчаў святой Марыі Магдаліны.

А 4 жніўня 2019 года, у дзень памяці святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў асвячэнне Дома духоўнай асветы. Асноўнай мэтай будаўніцтва гэтага будынка з’яўляецца арганізацыя асветніцкіх гутарак і лекцый, правядзенне заняткаў нядзельнай школы, стварэнне ўмоў для стасункаў паміж святарамі і прыхаджанамі ды многае іншага.

Дарэчы будзе адзначыць, што будаўніцтва Царкоўнага корпуса духоўнай асветы ў Мінску яшчэ ў 2010 годзе блаславіў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Будаўніцтва будынка пачалося ў 2013 годзе, аархітэктурны праект будынка атрымаў высокую ацэнку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"