Рукатворная прыгажосць

№ 1 (1440) 04.01.2020 - 11.01.2020 г

Беларускімі гістарычнымі брэндамі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве з’яўляюцца слуцкія паясы, налібокскае шкло і карэліцкія шпалеры. Слуцкі пояс рэканструяваны ва ўжо суверэннай Беларусі і робіцца малымі партыямі ў падарункавай версіі. Пераемнікам традыцый Налібоцкай гуты яшчэ ў савецкі час стаў шклозавод “Нёман”. Тады ж паўстаў і Барысаўскі камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які можна лічыць спадкаемцам Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў. Як і іншыя прамысловыя гіганты Беларускай ССР габеленавы ўчастак Барысаўскага камбіната працаваў на ўсю прастору ад Брэста да Уладзівастока. Зразумела, тут жа выконваліся да адносна нядаўняга часу і ўсе ўласна беларускія дзяржаўныя заказы. Усе габелены, што сёння аздабляюць інтэр’еры нашых грамадскіх будынкаў і дзяржаўных устаноў, родам з Барысава. Тут жа быў вытканы славуты “Габелен стагоддзя”. Рэпрадукцыі габеленаў, якімі мы аздобілі наш календар, спадзяемся, мусяць выклікаць станоўчыя эмоцыі ў чытачоў “Культуры” і, магчыма, паспрыяць таму, каб мела далейшае развіццё школа беларускага габелена, а таксама і цікавасці да гэтай Прыгажосці.

/i/content/pi/cult/778/16793/1_10.jpg

Ксенія Ціханава. “Беларусь сінявокая”.

 

 

СТУДЗЕНЬ

Наталля СУХАВЕРКАВА:

Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у 1975 годзе. Спецыялізуецца на габелене і батыку, калі-нікалі звяртаецца да акварэлі. Яе габелены ўпрыгожваюць грамадскія будынкі ў сталіцы і ў рэгіёнах. Тэмы звычайна бярэ з традыцыйнай народнай культуры. У канцэптуальным сэнсе мастачка прайшла шлях ад апавядальнасці, у чымсьці блізкай да станковай карціны, да знакавага коду і ўсведамлення формы і колеру як самадастатковых чыннікаў твора.

/i/content/pi/cult/778/16793/1_1.jpg

ЛЮТЫ

Галіна КРЫВАБЛОЦКАЯ:

Мастачка часта прытрымліваецца формаў, за якімі згадваецца наша звыклае прадметнае і прыроднае асяроддзе. Але ўсе ж такі яны бліжэй да абстракцыі. Яе габелены — гэта намаляваная ніткамі мроя, арыгінальная візія рэчаіснасці, дзе канкрэтная рэч ператвараецца ў знак-сімвал. Скарыстанне нязвыклага для габелена фармата набліжае творы спадарыні Галіны да тканай скульптуры.

/i/content/pi/cult/778/16793/2_1.jpg

САКАВІК

Уладзімір ЛІСАВЕНКА:

Для спадара Уладзіміра ткацтва — тое ж, што і маляванне. Ён увасабляе ў габелене думкі, якія маглі б быць занатаванымі алоўкам на паперы альбо фарбамі на палатне. Прычым ступень выяўленчай умоўнасці калі-нікалі мяжуе з так званым наіўным мастацтвам. Аднак нават калі аўтар імітуе стылістыку дылетанта, адчуваецца ўпэўненая рука прафесіянала.

Ала НЕПАЧАЛОВІЧ:

Спадарыня Ала — творца, якая трывала абапіраецца на шматвекавую традыцыю. На першы погляд, яе стылістыка не надта адрозніваецца ад ткацтва народных майстроў, але насамрэч гэта вытанчанае мастацтва, за якім досвед прафесіянала і знаёмства не толькі з глыбіннымі нацыянальнымі каранямі, але і з тым, што робіцца сёння ў свеце, адчуванне на ўзроўні творчай інтуіцыі перспектыўных тэндэнцый. Ала Непачаловіч пазбягае адкрытага колеру і брутальна акрэсленых формаў. Яе кампазіцыі пабудаваныя на колеравых нюансах, якія далёка не заўжды можа перадаць фотаздымак. Работы спадарыні Алы лепей бачыць не на рэпрадукцыях, а, што называецца, жыўцом.

/i/content/pi/cult/778/16793/3_1.jpg

КРАСАВІК

Валянціна КРЫВАШЭЕВА:

Яе кампазіцыям уласціва філасафічнасць. Спадарыня Валянціна бачыць у звычайных рэчах адвечныя знакі быцця і адначасова рэаліі знікаючай рэчаіснасці. На сваіх габеленах яна занатоўвае рысы вясковай цывілізацыі, арэал якой імкліва звужаецца пад націскам урбаністыкі. Дарэчы, і рэлігійныя матывы ў яе творах — гэта своеасаблівая праява настальгіі, успамін пра тыя часы, калі людзі нават у сталым узросце заставаліся крыху дзяцьмі і верылі ў анёлаў.

Галіна СТАСЕВІЧ:

Яе габелены — узор амаль чыстага дэкаратывізму, да якога яна прыйшла праз складаную эвалюцыю формы і адмаўленне ад сюжэтнасці, што была ўласцівая яе раннім работам. Але пры пэўнай умоўнасці формы ў работах спадарыні Галіны захоўваецца прадметнасць. Здаецца, што мастачка хоча сказаць гледачу, якім прыгожым можа быць навакольны свет, калі паглядзець на яго незамыленым вокам.

/i/content/pi/cult/778/16793/4-12.jpg

МАЙ

Ніна ПІЛЮЗІНА:

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Пілюзіна заспела час, калі мастакі самі не толькі ткалі, але нават рабілі ніткі і самі ж іх фарбавалі. Так што і дагэтуль пачуццё матэрыялу ў яе, што называецца, на кончыках пальцаў. Яе творчасць — рукатворная ў самым што ні ёсць літаральным сэнсе. Натхняе ж мастачку родная прырода, нашы легенды і драматычная гісторыя краю. У падборцы “К” прадстаўлены габелен “Творчы шлях Якуба Коласа”, выкананы ў 2019, годзе і ўрачыстае тканае палатно ў гонар Савецкай Беларусі — важнага этапу ў станаўленні нашай дзяржаўнасці. Дарэчы, у гэтым кантэксце вельмі дарэчны і вобраз Зубра — адвечны сімвал Бацькаўшчыны.

/i/content/pi/cult/778/16793/5_1.jpg

ЧЭРВЕНЬ

Ларыса ГУСТАВА:

Вучылася ў Беларускім тэатральна-мастацкім на мяжы 60 — 70 гадоў — у час, калі ў Беларусі сцвердзіўся і набыў нацыянальнае аблічча “суровы стыль”, пад уплыў якога падпала і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пры захаванні традыцыйных для гэтай сферы тэм і сюжэтаў змясціўся акцэнт на форматворчасць; пры захаванні фігуратыўнасці паменела ілюзорнасці. Усе гэтыя рысы ўласцівыя і вучнёўству спадарыні Ларысы і яе сталай творчасці. Але пры гэтым яна калі-нікалі звяртаецца да надзвычай простых сюжэтаў, якія лашчаць вока і грэюць сэрца самаму што ні ёсць паспалітаму гледачу.

/i/content/pi/cult/778/16793/6_1.jpg

ЛІПЕНЬ

Аляксандр КІШЧАНКА:

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі нашай краіны. Стваральнік беларускага манументальнага габелена. Фактычна здзейсніў у гэтай галіне дэкаратыўнага мастацтва ментальную рэвалюцыю. Ён маляваў звыклыя воку рэчы, за якімі прычытваўся Космас, адчуваўся подых Сусвету. Ягоная творчасць як ілюстрацыя да знанай тэзы Максіма Багдановіча пра тое, што не варта марнаваць час на глупствы і разборкі, “калі мы ўсе разам ляцім да зор”.

Знакавымі, этапнымі для ягонай творчасці і для беларускага мастацтва ўвогуле сталі габелены “Чарнобыль” у інтэр’еры будынка ААН у Нью-Ёрку, “Ленінізм” і “СССР: этапы барацьбы і перамог”, габеленавы цыкл для Вялікага тэатра оперы і балета, а таксама манументальнае тканае палатно “Габелен стагоддзя” — бадай, самы вядомы ў свеце славуты твор беларускага мастацтва.

/i/content/pi/cult/778/16793/7_1.jpg

ЖНІВЕНЬ

Людміла ПУЦЕЙКА:

Сярод мастакоў-габеленшчыкаў спадарыня Людміла — пейзажыст. Ёй даспадобы краявіды, дзе чалавек калі і прысутнічае, дык звычайна “за кадрам”. Ёсць у гэтым нешта ад усходняй культурніцкай традыцыі, паводле якой мастаку не раілася маляваць людзей, бо гэтым ён нібыта браў на сябе прэрагатывы вышэйшых сіл. Заставалася прырода, якая ў сваёй шматаблічнасці многае што гаворыць пра сусвет і пра чалавека ў свеце. Рытмічна выбудаваныя раслінныя і іншыя прыродныя матывы на яе габеленах набліжаюцца да арнаментыкі. Але арнаментыкі не геаметрычнай, а значна больш складанай, блізкай да народнага мастацтва, якая адначасова з’яўляецца праявай урбаністычнага мыслення.

Алена ОБАДАВА:

Для спадарыні Алены прыродныя формы цікавыя тым, што ад іх можна адштурхоўвацца пры стварэнні эмацыйна акрэсленых вобразаў, якія пры жаданні можна лічыць люстэркай унутранага стану аўтара. Яе тканыя карціны адначасова пра ўсё і ні пра што канкрэтна. Кожны можа ўбачыць у іх тое, што зразумела і блізка менавіта яму.

/i/content/pi/cult/778/16793/8_1.jpg

ВЕРАСЕНЬ

Таццяна БЕЛАВУСАВА-ПЯТРОЎСКАЯ:

На яе габеленах часта адлюстраваны свет, які можа быць толькі ілюзорным. Гэта віртуальнасць, якая цяжка стасуецца з рэчаіснасцю. Спадарыня Таццяна бачыць у рамантычным святле людзей і прыроду. Матэрыяльная асяроддзе для яе не побыт, які гасіць эмоцыі, а люстэрка прыгожых успамінаў і яшчэ прыгажэйшых мар. Але апошнім часам у яе творах з’яўляюцца элементы гратэску і як падаецца, самаіроніі.

/i/content/pi/cult/778/16793/9_1.jpg

КАСТРЫЧНІК

Вольга РЭДНІКІНА:

Мастачка — гараджанка паводле ментальнасці і светапоглядаў. Яна глядзіць на свет з вакна майстэрні, а майстэрня — у мегаполісе. Знерваваны рытм вялікага горада пункцірнай лініяй адбіваецца ў яе творах. Гэта не тыя класічныя габелены, на якіх нібыта спыніўся час і якія пасуюць інтэр’ерам палацаў і шыкоўных асабнякоў мінулых стагоддзяў. Творы спадарыні Вольгі — для сучаснага жытла і офіса, для людзей, якім заўжды не стае часу. Няма калі нават засяродзіць увагу на лапіках жывой прыроды сярод асфальтавага мора. Нават палеткі на яе габеленах выглядаюць як убачаная з самалёта геаметрыя зямлі.

Наталля ЛІСОЎСКАЯ:

Родны кут для спадарыні Наталлі — вясковая хата, якая быццам выразна “урбанізавалася” пад уплывам вонкавых чыннікаў, а найперш - праз тое, што адбываецца ў яе сценах. Але, мабыць, гэты твор не столькі пра хату, як пра краіну ўвогуле. Такія мы сёння. Маем легендарныя карані, штосьці памятаем з сямейнай хронікі.

/i/content/pi/cult/778/16793/10_1.jpg

ЛІСТАПАД

Вольга ГРЫДЗІНА:

Прафесійнаму майстэрству вучылася спачатку ў Вільні, а ўжо потым у Мінску. Магчыма, з гэтай прычыны некаторыя асаблівасці яе аўтарскага почырку, у прыватнасці — своеасаблівае разуменне дэкаратыўнасці, шырокае скарыстанне абстрактных і абстрагаваных формаў, дысанансаў колеру, выклікаюць у памяці мастацтва Прыбалтыкі, якое за савецкім часам лічылася адаптаванай версіяй недасягальнай, а таму асабліва прывабнай для савецкага чалавека заходняй эстэтыкі. Такі досвед быў вельмі дарэчным нашаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, якое ў пэўны перыяд мела прыярытэтам выключна тутэйшыя народныя традыцыі.

/i/content/pi/cult/778/16793/11_1.jpg

СНЕЖАНЬ

Людміла ПЕТРУЛЬ:

Яе называюць ці не апошнім рамантыкам ткацтва. Калі рамантыка гэта незамулены побытам погляд на тое, што нас штодня атачае, дык у гэтым вызначэнні творчасці спадарыні Людмілы ёсць рацыя. А вось калі зыходзіць з таго, што Roma Antica — што і ёсць рамантыка — літаральна азначае “Старыжытны Рым”, дык яно зусім не пра нашу мастачку. Так, яе ўяўны свет не мае прывязкі да матэрыяльнай канкрэтыкі. Ён як вада і паветра, якія больш старажытныя, чым самыя старажытныя гарады. Але гэта беларускае паветра і вада, кветкі і аблокі…

/i/content/pi/cult/778/16793/12_1.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"