Алег СКРЫПКА: “Смачна, як у Беларусі!”

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Пад і на Каляды і Новы год прынята дарыць адзін аднаму падарункі. Для газеты “Культура” такім стала сустрэча з Алегам СКРЫПКАЙ. І хоць, як сцвярджаецца, падоранае перадорваць нельга, мы прэзентуем гэта “спатканне” і вам, паважаныя чытачы, — у выглядзе эксклюзіўнага інтэрв’ю з лідарам знакамітага ўкраінскага рок-гурта “Воплі Відаплясава”, які вы пачуеце ў ноч пад Новы год з блакітнага экрана Беларусь 1.

— Якім стаў 2019-ты для калектыву?

— Натуральна, пісалі песні. Выйшла два кліпы. Шмат выступалі за мяжой: напрыклад, вялікі тур прайшоў па Германіі. Перавыдалі абмежаваным накладам на белым вініле канцэртны альбом “Закустыка”, што быў запісаны ў Парыжы ў 1993-м і выйшаў праз два гады на касетах. Запіс лічыўся згубленым, але нядаўна знайшлася копія рэлізу. Асноўны тыраж мяркуем выпусціць наступнай вясной. Працоўны сезон атрымаўся.

/i/content/pi/cult/777/16791/15_1.jpg

— Гадоў дзесяць таму на прэс-канферэнцыі, якая папярэднічала чарговаму выступу “Вопляў Відаплясава” ў Мінску, вы выказвалі непакой за стан украінскай культуры. Нешта з тых часоў, на ваш погляд, у гэтай сферы змянілася?

— У сувязі з вядомымі падзеямі Украіна вымушана абараняць і сваю інфармацыйную прастору, і сваю культурную прастору. Я скажу пра тое, што мне бліжэй і больш зразумела. У тую нішу, якую займалі расійскія артысты ва ўкраінскіх медыя, шоу-бізнэсе, цяпер увайшлі нашы выканаўцы. Аднак пры гэтым добрай музыкі не стала больш настолькі, наколькі вызвалілася ў нішы месца. І, на жаль, як не было шмат сэнсаў у папулярнай музыцы, так, пераважна, усё па-ранейшаму і засталося.

— Ёсць нейкая самая памятная сустрэча Новага года ў гісторыі “ВВ”?

— ...У вашай газеце можна пра алкаголь пісаць?

— Гледзячы пра які.

— Аб інтэрнацыянальным…

— Пад Новы год, хіба…

— Тады распавядаю. 1986-ты год. Толькі-толькі сабраліся “ВВ”, а на касеце выйшаў наш першы альбом. Новы год вырашылі адзначаць у, зараз ужо былога, басіста гурта Аляксандра Піпы. Таксама на сёння былы гітарыст “Вопляў…” Юрый Здоранка захапіў пару пляшак самагонкі. Саша жыў, ці што, на восьмым паверсе. І калі мы падымаліся ў ліфце, ён спыніўся — за гадзіну да Новага года. Сядзім сабе, кукуем, на лесвічных пляцоўках — цішыня, ціснем на аварыйную кнопку — цішыня: ліфцёр, напэўна, сваё адсвяткаваў. Здолелі неяк прыадчыніць дзверцы ліфта і ўнутр кабіны пайшло паветра, а то ўжо і дыхаць стала цяжка. Што рабіць?.. Пачалі адзначаць наступ свята — выпіваць патрошку. Без закускі, само сабой. І з нейкага моманту — зразумела з якога, захацелася ўжо не столькі выйсці, колькі дзе-небудзь дастаць ежы. І тут чуем, нейкі чалавек бяжыць. Мы давай гарлапаніць! Ён падышоў да ліфта, убачыў усю гэтую карціну, выслухаў нашы тлумачэнні. І чалавек гэты... праштурхоўвае ў шчылінку палку каўбасы! Нам, у дачыненні да сітуацыі, зусім добра сталася, але неяк жа вызваляцца трэба было! І Піпа прапануе ідэю, маўляў, ён чуў, што калі цяжкім прадметам біць у пэўную кропку закрытай дзверцы ліфта, то тая адкрыецца. Мы ўзялі, як таран, самага лёгкага з гурта — Здоранку, і сталі дзяўбсці яго нагамі ў дзверы. І яны адкрыліся! Паміж паверхаў адзін за адным і вылезлі на волю.

А так, як правіла, Новы год сустракаем на сцэне. Прычым, ва Украіне цяпер усё больш і больш святкуюцца менавіта Каляды, а сустрэча Новага года адыходзіць на другі план. Адпаведна, і канцэртаў у гурта больш у студзені, чым у снежні.

— Што абавязкова робіце, бываючы ў Беларусі?

— Наогул, у вашай краіне выступаем вельмі часта — гэта канцэрты, тэлездымкі. Адзін-два разы на год дакладна прыязджаем... З абавязковага... (задзірае калашыну. — А.К.) Атрыбутам майго сцэнічнага касцюма з’яўляюцца і шкарпэткі — Брэсцкага панчошнага камбіната. Ва Украіне добрых баваўняных шкарпэтак чамусьці не выпускаюць, і як толькі я прыязджаю ў Мінск, адразу закупляюся шкарпэткамі з беларускім арнаментам. У маім доме ваша пасцельная бялізна з лёну. Яшчэ з Беларусі прывозім згушчонку, каўбасы, нейкія базавыя натуральныя прадукты. Паміж сабой і гаворым, жуючы, — смачна, як у Беларусі! Прадукты харчавання ў вас сапраўдныя. І пачуцці. Так, як гурт прымаюць у Беларусі, яго нідзе ні прымаюць. Ва ўсім свеце людзі перанасычаныя інфармацыяй — і музыкай таксама, ва Украіне ў тым ліку. Яшчэ некалькі гадоў таму слухачы апускаліся ў музыку, нібы ныраючы глыбока ў ваду. Гэта значыць, цалкам знаходзіліся ў матэрыяле. А цяпер уся музыка слухаецца па вярхах. Не таму, што людзі паглупелі, а з-за лішку інфармацыі. Беларускія меламаны пакуль “сёрфінгістамі” не сталі, яны ўважліва ўслухоўваюцца ў мелодыі, словы песень. Для нас гэта вельмі каштоўна.

— Пажадайце што-небудзь чытачам газеты “Культура” і ёй самой.

— Чытачам, — каб вас чыталі, не ўсё ж ім па інтэрнэтах і ў сацыяльных сетках завісаць. Газеце — шчасця і здароўя ўсім яе супрацоўнікам. Прыросту чытачоў, асабліва ўдумлівых. Глыбокіх артыкулаў. Цікавых, вострых матэрыялаў. Жывіце яшчэ доўга-доўга і ў друкаваным варыянце, і ў электронным. Усіх выгод. З Калядамі і Новым годам!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"