Венецыянскія далягляды

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Літаральна нядаўна я вярнулася з Італіі. На той момант экспазіцыя Венецыянскай біенале-2019 яшчэ працавала. Як прэзідэнту асацыяцыі Alfa arte, мне давялося прымаць непасрэдны ўдзел у шматлікіх сімпозіумах, канферэнцыях, сходах, што напаўнялі форум. І вось цяпер напрыканцы года, што адыходзіць у гісторыю, хацелася б паразважаць аб тым, як Біенале ў Венецыі ўплывае на мастацкія тэндэнцыі свету ды на мастакоўскі пошук увогуле. Але спачатку невялікі ракурс у гісторыю форума.

Ужо ў 58-мы раз з 1893 года ва ўнікальным італьянскім горадзе, размешчаным у марской лагуне, найвялікшым еўрапейскім цэнтры культуры і мастацтва, праходзіла Венецыянская біенале. Яе заслужана лічаць адным з самых прэстыжных выставачных аглядаў стану і накіраванасці сусветнага сучаснага мастацтва. Тут няма аднойчы прызнаных дасягненняў і лідараў-пераможцаў. Раз у два гады змяняецца і сам агульны ідэйна-крэатыўны дэвіз для ўсіх экспазіцый, які павінен быць актуальным і натхняльным для ўдзельнікаў розных краін, займальным і шматзначным для гледачоў, якія заўсёды чакаюць убачыць у Венецыі нешта асаблівае, важнае і дагэтуль небывалае. У 2019 годзе біенале праходзіла з 11 мая па 24 лістапада і выклікала вельмі яскравыя і разнастайныя меркаванні і ацэнкі. Куратарам гэтага грандыёзнага міжнароднага форуму творчасці стаў англічанін Ральф Ругофф. Ён выбраў для арганізацыі персанальных экспазіцый 79 мастакоў, у двух экспазіцыйных цэнтрах біенале — Арсенале і Джардзіні функцыянавалі павільёны 90 краін усіх кантынентаў зямлі. Дэвіз быў абраны вельмі папулярным і зразумелым — May You Live in Interesting Times (“Каб Вы жылі ў цікавыя часы”). Ён быў прачытаны мастакамі як заклік да актыўнага ўдзелу ў асэнсаванні самых розных з’яў сучаснага свету. Тут на першым месцы апынуліся праблемы змянення клімату, расавай дыскрымінацыі, міграцыі, наступстваў войнаў і экалагічных катастроф, злучэння творчасці і свету тэхнікі і так далей.

/i/content/pi/cult/777/16789/14_3.jpg

Мастакі розных краін не імкнуцца да просталінейных формаў самавыказвання, а больш давяраюць метафарам, сінтэзу розных мастацтваў і новых тэхналогій. Або знаходзяць такія наватарскія рашэнні, якія ў мастацтве яшчэ не выкарыстоўваліся, смела пашыраючы межы мастацтва. Галоўны прыз Біенале-2019, “Залаты леў” быў прысуджаны літоўскаму павільёну за экалагічную оперу-перформанс “Сонца і мора” (Марына). Яна ўяўляла з сябе фрагмент пляжу з натуральным пяском, на якім удзельнікі-акцёры і валанцёры адпачывалі і выконвалі арыі на актуальныя тэмы сучаснага жыцця. І такое незвычайнае рашэнне выклікала найбольшае прызнанне.

Прыз “Залаты леў” за лепшы аўтарскі праект атрымаў відэафільм мастака з ЗША Артура Джафа пад назвай “Белы альбом”. У ім даследуюцца праблемы сучаснага мульты-нацыянальнага грамадства, якое яшчэ вельмі складана фармуецца, пераадольваючы самыя розныя, але ў рэшце рэшт, пераадольныя перашкоды.

Спецыяльная згадка журы было звязана з экспазіцыяй бельгійскага павільёна пад назвай “Сабачае жыццё”, дзе механічныя лялькі дэманстравалі раздзел еўрапейскага грамадства на руплівых рамеснікаў і розных дзівакоў-маргіналаў, ад якіх залежаць, як ні дзіўна, усе наватарскія змены ў жыцці.

Былі прадстаўлены і вельмі драматычныя праекты, якія прымушалі задумацца над сусветнымі канфліктамі. Тут трэба адзначыць найперш інсталяцыю кітайскіх мастакоў Суань Юань і Пэй Юй Сan’t help myself (“Не магу дапамагчы сабе”), у якой робат з металічнай шчоткай безвынікова спрабуе прыбраць з белай глянцавай паверхні густую лужыну цёмна-чырвонага колеру, якая ізноў павольна расцякаецца.

А вострае пытанне аб трагізме нелегальнай міграцыі здолеў падняць швейцарскі аўтар Хрыстаў Бюхель пасродкам экспанавання на біенале выцягнутай з дна мора заржавелай лодкі, на якой спрабавалі перабрацца некалькі гадоў таму ў Італію 800 лівійскіх бежанцаў. Мастак нічога тут не дадаў і не змяніў па сваім меркаванні. Дакументальнае сведчанне катастрофы гаварыла само за сябе.

/i/content/pi/cult/777/16789/14_1.jpg

Можна сцвярджаць аб значна ўзрослым ўзроўні сацыяльнай адказнасці мастакоў з розных краін. Усе яны прынцыпова адпрэчваюць салонныя і забаўляльныя функцыі арт-рамяства. Таму ствараюць творы, якія не прызначаныя для калекцыянавання і продажу на прэстыжных аўкцыёнах. Але яны ўражваюць, зачароўваюць і пераконваюць сваім шчырым імкненнем дапамагчы новаму стагоддзю развітацца з кашмарнымі рэцыдывамі папярэдняга стагоддзя і пазбегнуць новых катастроф. Мастацтва пачатку стагоддзя і павінна адрознівацца такім далёка не абыякавым характарам да ўсяго што адбываецца, што носіць адмоўны або станоўчы характар.

Беларускі павільён у кантэксце Біенале-2019 знаходзіўся ў цэнтральным раёне Кастэла. Куратарам экспазіцыйнага праекта “Выхад” з’яўляецца мастацтвазнаўца Вольга Рыбчынская, а аўтарам — скульптар Канстанцін Селіханаў. Праект уяўляў з сябе вобразную сувязь скульптурных выяў чалавека, экранаў манітораў, неонавых рэклам, упаковачных скрыняў і да таго падобнае. Тут была перададзена ідэя вызначыць каардынаты нашага часу, якія не паддаюцца асэнсаванню ў межах аднаго традыцыйнага погляду на працэсы многіх сучасных перамен.

/i/content/pi/cult/777/16789/14_4.jpg

Актуальнасць экалагічнай занепакоеннасці мастакоў была далёка не беспадстаўнай. З сярэдзіны лістапада 2019 года Венецыю спасцігла чарговая паводка, падобнай якой не было ўжо больш за 50 гадоў. Усе ніжнія паверхі будынкаў апынуліся падтопленымі, горад быў на мяжы стыхійнага бедства. Але нават у такі напружаны час яго не пакідалі шматлікія турысты, а мастакі-канцэптуалісты, па ўсёй верагоднасці, ужо пачалі планаваць футурыстычныя праекты розных супер-грандыёзных і вільгаценепранікальных купальных канструкцый, звыш-вышынных дамбаў, якія маглі б надзейна абараніць Венецыю ад пагібельнай вялікай вады.

Многае залежыць у будучыні, калі спадзявацца на крэатыўныя пасланні мастакоў, ад самых смелых творчых ідэй у імя набліжэння лепшых часоў. У гэтым важным працэсе ўзаемадзеяння творчых асоб і арганізацый розных краін важную ролю могуць адыграць многія беларускія мастакі. Не проста дзеля таго, каб звярнуць на сябе ўвагу чымсьці знешне вельмі экстравагантным і выклікаючым. Такога роду забаўляльна-інтрыгуючых праектаў заўсёды было і будзе ў звышдастатковай колькасці.

Беларускія мастакі розных напрамкаў і відаў мастацтва павінны часцей быць разам, ставіць на шматлікіх выставах актуальныя задачы, якія хвалююць наша грамадства, вельмі чулае да творчых навінак, якія нясуць ідэі свабоды, абнаўлення, міралюбнасці, выхаду з ідэйных тупікоў, з сацыяльнай апатыі творцаў, якія заклікаюць любіць прыроду, народныя традыцыі і да таго падобнае.

Нельга сказаць, што аб сучасным беларускім мастацтве ўжо склалася яснае ўяўленне ў вялікай культурнай прасторы. Таму варта максімальна пашыраць міжнародныя творчыя сувязі, не выпускаць магчымасці ўдзелу ў розных выставачных праектах, што ў цяперашні час з’яўляецца цалкам даступнай і выніковай творчай дзейнасцю.

Наша мастацкая школа валодае вялікім прафесійным і творчым патэнцыялам як у выяўленчым мастацтве, так і ў новых арт-эксперыментах, якія ўзнікаюць на стыку розных сацыякультурных пераменаў. Не забываючы актуальных задач, зацверджаных на нядаўна завершанай Біенале-2019, нашы мастакі павінны ўвесь час адчуваць пульс новага часу, каб да наступнага венецыянскаму форуму міжнароднай творчасці прапанаваць вельмі значныя вобразныя ідэі, здольныя змяніць да лепшага многае ў нашым неспакойным сучасным свеце.

Тамара ФАМЕНКА, мастацтвазнаўца

Фота аўтара

На здымках: фрагменты экспазіцыі Венецыянскай біенале