Оперны форум: ці многа накалядавалі?

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

18 снежня завяршыўся Х Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. А праз дзень Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі на правах заснавальніка і галоўнага арганізатара гэтага фестывалю правёў круглы стол, у час якога беларускія крытыкі падвялі некаторыя вынікі.

Што на форуме было…

Замежных крытыкаў, у адрозненне ад мінулых гадоў, не запрашалі. І прычынай, шчыра кажучы, быў не толькі фінансавы разлік. Можна, канешне, знайсці прыгожыя словы, што мэтры, маўляў, гасцінна саступілі месца айчыннай моладзі: сёлета ўпершыню тэатр праводзіць конкурс маладых беларускіх крытыкаў, вынікі якога будуць падведзены пасля святаў. Але зірніце на праграму: што ў ёй магло насамрэч прыцягнуць увагу спрактыкаваных, добра дасведчаных знаўцаў? “Турандот”, “Кармэн” былі прадстаўлены на форуме і раней — хіба з іншымі салістамі. “Лятучая мыш”? Але тыя ж маскоўскія рэцэнзенты ўжо бачылі некалькі расійскіх пастановак запрошанага да нас венгерскага рэжысёра Габара Міклаша Керэньі, таму добра разумелі, што спадзявацца на цуд не давядзецца. Пасля не самай удалай прэм’еры (гл. “К” № 17 за 2019 г.) наш тэатр паспрабаваў крыху палепшыць спектакль за кошт некаторых скарачэнняў. Але, зразумела, нічога прынцыпова не змянілася — толькі хранаметраж стаў крыху меншым. Дый дырыжор Іван Касцяхін славіцца сваёй музычнасцю, беражлівым стаўленнем да спевакоў.

/i/content/pi/cult/777/16784/9_1.jpg

Удзельнікі гала-канцэрта зорак сусветнай оперы

Складанне фестывальнай праграмы з самых, бадай, папулярных оперных найменняў было скіравана на прыцягненне ў тэатр шырокай публікі — магчыма, нават тых, хто раней у оперы не бываў. Яно, можа, і няблага, ды хутчэй бывае ўласціва так званым курортным фестывалям забаўляльнага кшталту. У астатніх выпадках фестываль усё ж больш асацыюецца хаця б з некаторай эксперыментальнасцю.

Тэарэтычна гэты прагал мог запоўніцца і згаданай аперэтай І. Штрауса, і прэм’ерным “Князем Ігарам”, дзе былі заяўлены вяртанні да першай аўтарскай рэдакцыі. У “…Ігары”, да ўсяго, у спектакль былі ўключаны некаторыя невядомыя раней фрагменты, знойдзеныя ў чарнавіках. Але тыя, каго папраўдзе цікавіць менавіта гэты аспект, будуць звяртацца найперш да навуковых прац Ганны Булычовай, якая выступала кансультантам па рукапіснай спадчыне А. Барадзіна. Увогуле, вывучэнне як мага больш поўнага аўтарскага варыянту — справа надзвычай карысная. Але, падкрэслю, менавіта вывучэнне — і не заўжды ўвасабленне. Бо цяперашняя пастаноўка “Князя Ігара”, якой адкрываўся гэты сезон, дапамагла напоўніцу ацаніць… не аўтарскі шэдэўр, а, наадварот, талент і самаахвярнасць М. Рымскага-Корсакава, які пасля заўчаснай смерці свайго калегі ператварыў яго накіды ў неаспрэчны твор рускай патрыятычнай класікі. Бы скульптар, ён змог адкінуць усё залішняе і вывесці на першы план лепшыя фрагменты, дадаўшы ім мастацкай вагі. Затое ў цяперашняй рэдакцыі з вуснаў князя, выведзенага ў спектаклі цалкам станоўчым персанажам (нагадаем, у некаторых ранейшых версіях на нашай сцэнге яго постаць была досыць супярэчлівай), гучыць напамін пра пераможныя змаганні з яцвягамі і ліцвінамі. Вядома, у кожнага свая праўда. Дый у аўтарскім лібрэта А. Барадзіна тут відавочны “пракол”, бо азначэнне ліцвінаў як жыхароў Вялікага Rняства Літоўскага з’явілася значна пазней за Ігаравы паходы на полаўцаў. Але вы можаце сабе ўявіць, каб штосьці падобнае замацавалася б у нацыянальным тэатры якой іншай краіны?

/i/content/pi/cult/777/16784/9_2.jpg

Сцэна са спектакля “Севільскі цырульнік”

У гэтай рэдакцыі шмат драматургічных, а следам і рэжысёрскіх нестыковак (да прыкладу, спатканне закаханых Уладзіміра Ігаравіча і Канчакоўны, якія шукаюць зацішнага месца, адбываецца ў час “Палавецкіх скокаў”, а далей дзяўчына ў прамым сэнсе слова заарканьвае свайго абранніка). Але ўдзел нашых прызнаных салістаў Настассі Масквіной, Уладзіміра Пятрова, Аксаны Волкавай, Юрыя Гарадзецкага годны ўпрыгожыць любую сцэну свету.

Цэнтрам Мінскага Каляднага форуму заўжды становіцца гасцявы спектакль. Ужо хаця б таму, што ў адрозненне ад драматычных тэатраў, оперныя ў нас гастралююць куды радзей: раз ці два за год. А тут — зусім свежы “Севільскі цырульнік” Нацыянальнай оперы Украіны, пастаўлены ў красавіку галоўным рэжысёрам тэатра Анатолем Салаўяненкам — малодшым сынам легендарнага спевака. Украінскія рэцэнзіі на гэту прэм’еру — скрозь станоўчыя. Фотаздымкі — прыцягальныя: нейкі сучасны гандлёвы цэнтр, дзе ёсць мэблевы салон Бартала. У час прагляду я ацаніла і адметныя сцэнічныя строі. Пры ўсёй іх фантазійнасці, асабліва зблізку, са сцэны яны ўспрымаюцца вельмі гуцульскімі па самім сваім духу і колеравых спалучэннях.

/i/content/pi/cult/777/16784/9_3.jpg

Сцэна са спектакля “Севільскі цырульнік”

Гэтыя “фішкі” былі прапанаваны таленавітымі мастакамі Андрэем Злобіным і Ганнай Іпацьевай, якіх мы ведаем па спектаклях “Кіеў мадэрн-балета”. Але сцэнаграфія і касцюмы не былі “абыграны” і засталіся “мёртвымі” — як, дарэчы, і самі героі. Фігара, праўда, выязджаў на электрасамакаце, ды на гэтым рэжысёрскія прыдумкі скончыліся. Арыі, ансамблі, хары выглядалі, бы канцэртныя нумары: героі — на авансцэне, усе — у адну лінію. Фінал і ўвогуле стаў спасылкай да гала-канцэртаў “Славянскага базару ў Віцебску”, якія А. Салаўяненка, між іншым, часцяком рэжысіраваў. Пры ўсёй прыроднай спеўнасці ўкраінцаў, вакалісты былі рознага ўзроўню. Але ніводны з іх не надрываў звязкі: усе галасы (дзякуючы, у тым ліку, жорсткім дэкарацыям, што выступалі адбівальнікам) гучалі лёгка і палётна. Лепшымі, безумоўна, аказаліся жаночыя партыі — Разіны (Сусана Чахаян) і прыслужніцы Бартала Берты (Анжаліна Швачка), якая ў гэтай пастаноўцы вельмі спачувае дзяўчыне. Горшым быў — аркестр на чале з Алай Кульбабай. Ён так і наравіў разысціся з вакалам, асабліва ў ансамблях. Пэўна, трэба было б не везці сваіх аркестрантаў, а ўзяць нашых — тым больш, што ў іх рэпертуары гэта партытура маецца. Але пераканаць гасцей не ўдалося: яны настойвалі, што для сумеснага выканання патрабуюцца ажно два тыдні рэпетыцый. Можа, і так. Але нашы нават з ліста сыгралі б больш зладжана і без фальшу.

…І чаго не ставала

Агляд праграмы будзе няпоўным, калі не згадаць некаторыя стратэгічна важныя, ды, на жаль, упушчаныя магчымасці. Форум быў — 10-ы, юбілейны. І прыпаў на 200-годдзе з дня народзінаў Станіслава Манюшкі. Але ніводнай ноты гэтага кампазітара, якога мы сёння цалкам справядліва далучаем да нашай нацыянальнай, а не толькі польскай спадчыны, у час фестывалю не прагучала. Так, цягам года ў краіне было шмат разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам польскага боку. Ладзіліся канцэрты і ў Вялікім тэатры. Але ж ці можна было на гэтым ставіць кропку? Бо форум — міжнародны, розгалас мае адпаведны, і падкрэсліць на ім беларускасць Манюшкі трэба было абавязкова. Гэта маглі быць, да прыкладу, адна з яго ранніх аднаактовак ці хаця б нейкая тэатралізаваная частка гала-канцэрта. Дарэчы, некаторыя з яго камічных опер, напісаных да ад’езду ў Варшаву, ставіліся і ў філармоніі сіламі Дзяржаўнага камернага хору і Ансамбля салістаў “Класік-Авангард”, і антрэпрызным складам на арандаваных сцэнах. Нашы оперныя артысты таксама ўдзельнічалі, толькі на прыватнай аснове, а не пад шыльдай тэатра.

Чаго яшчэ не хапала? Ні на гэтым, ні на ранейшых форумах ніяк не быў прадстаўлены оперны эксперыментальны рух. А ён жа ёсць! У замежжы. І менавіта праз камерную сцэну ідзе развіццё самога жанру. Не буду згадваць тую ж Германію — літаральна напярэдадні форуму наша Акадэмія музыкі праводзіла Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную музычнаму тэатру і прымеркаваную да юбілеяў С. Манюшкі і Я. Глебава. Сярод гасцей быў доктар мастацтвазнаўства, прафесар з Латвіі Яніс Кудзіньш, які акрамя даклада выступаў яшчэ з лекцыяй пра оперы латышскіх кампазітараў пачатку ХХІ стагоддзя. Там узрасло суцэльнае пакаленне маладых оперных творцаў, схільных да эксперыментатарства і пашырэння жанравых межаў. А ўсё таму, што былі знойдзены пляцоўкі для падобных пастановак.

Нам жа неабходна думаць аб гранічна прыстасаванай пляцоўцы для пастановак камернай опернай сцэны (цяперашняя імя Л. Александроўскай прыдатна хіба для канцэртаў і прэс-канферэнцый), якая дапаможа вырашаць пытанне і з запрошанымі спектаклямі. Бо гэта могуць быць не толькі буйныя шматактовыя пастаноўкі, як цяпер, але і камерныя, эксперыментальныя. Паказы такіх опер змогуць вырашыць адразу дзве праблемы — напаўнення фестывальнай праграмы гасцявымі пастаноўкамі і выхавання слухацкіх густаў, прывучэння гледачоў да сучаснай эстэтыкі. А ці ж не на гэта разлічаны ўвесь форум?..

Фота прадастаўлены тэатрам

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"