За чысціню ліфтаў!

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Пастараюся мысліць глабальна. Мроіцца ўрачыстае прыняцце эпахальнага дакумента па наданні культурнай галіне нацыі статусу стратэгічнай, прыярытэтнай, лёсаўтваральнай. І аргументы ў дакуменце прыведзены жалезныя. Маўляў, чысціня ліфтаў наўпрост залежыць ад комплекснага культурнага выхавання. Будуць чыстымі думкі ды ўчынкі — будуць чыстыя і ліфты, а далей, як кажуць, ланцужковая рэакцыя, ажно да бясплатных экалагічных пакетаў у гандлі. Культура ў эканоміцы і эканоміка культуры — рэч, сцвярджаюць спецыялісты, надзвычай магутная. Толькі вось не атрымліваецца чамусьці пераканацца ў гэтым на ўласныя вочы. Абпісаныя ліфты, відаць, замінаюць. А клубы, музеі ды бібліятэкі застаюцца пакуль не магутнымі мацерыкамі, а лядашчымі выспачкамі пасярод неспакойнага мора недафінансавання.

А пакуль пагаворым пра тое, што зроблена. Дапамагла тут у значнай ступені прадстаўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Марына Пшыбытка, якая ў сваім артыкуле распавяла пра бібліятэчныя дасягненні. Праўда, за колькаснай статыстыкай кнігавыдачы, іншых параметраў бібліятэчнай справы не вельмі дакладна праглядае фактура — дык расце колькасць чытачоў ці не? Лічу, што знявераныя работнікі культуры мала кажуць аб карпаратыўных праблемах, якія даўно сталі кепска вырашальнымі ў маштабах краіны. Дадзены пралік, па маім цвёрдым перакананні, трэба ліквідаваць.

Па мне, дык у бібліятэчнай справе нам хаця б захаваць тое, што ёсць. Заўжды згадваю нашага школьнага бібліятэкара, якая не стамлялася паўтараць: “Навучэнец, які цікавіцца толькі праграмнай літаратурай, сапраўдным чытачом не з’яўляецца. Ці ж можна ім стаць пад прымусам?!” Яна мела рацыю. І тым, хто чытаў усё запар і нагбом, дазваляла ўсё. Па гэтай логіцы асноўнымі сапраўднымі чытачамі на Беларусі з’яўляюцца людзі сталага веку. А іх, на вялікі жаль, усё меней і меней. Да месца гаворка пра небяспечнае ігнараванне прафарыентацыі не толькі работнікаў культуры. Патэнцыйных чытачоў варта адшукваць яшчэ ў ясельках. Хто гэтым займаецца? Вось у тым і праблема.

Неаспрэчна адно: за апошняе дзесяцігоддзе бібліятэкары сталі больш ініцыятыўнымі і шматпрофільнымі. Калі пісаў гэты матэрыял, мне патэлефанавалі са Свіслацкай раённай бібліятэкі і паведамілі, што за грошы Прэзідэнцкага гранта яны прапагандуюць традыцыю вырабу керамікі ў вёсцы Поразава. У мясцовай бібліятэцы ёсць музейчык, які і займаецца дадзенай справай. Цяпер і гэта бібліятэчны клопат. А вакол — плойма зацікаўленых чытачоў. Пабольш бы такіх прыкладаў “небібліятэчных” намаганняў, якія падвышаюць кніжны імідж.

Так, асноўны галаўны боль сумленных бібліятэкараў — састарэлы парк мабільных устаноў. Тое ж тычыцца і большасці клубнікаў. Ды плюс маральна і фізічна састарэлыя камп’ютары. У дачыненні да пэўных клубаў — варта казаць пра недаравальную адсутнасць такой тэхнікі. Вырашэнне пытання знаходзіцца ў змялелым рэчышчы паўнавартаснага фінансавання культуры. А гэта значыць, што без змагання за свае кроўныя інтарэсы тут не абысціся. І вечны бой…

Недахоп грашовых сродкаў адбіваецца і вось яшчэ на чым. Не кожны раён дазволіць сабе накіраваць работніка культуры на вучобу ў Мінск. Як па мне, дык не на тым эканомім. У сталіцы самы перадавы досвед праектных тэхналогій, тут — усе звесткі пра фонды, гранты і пра тэхналогію іх атрымання. Не ведаць усяго гэтага — сабе даражэй.

У бібліятэкараў ёсць рэспубліканскі конкурс, у клубнікаў матывацыя працаваць цікава цалкам адсутнічае. Справа трымаецца толькі на прафесіяналізме, напал якога знікае па меры росту пенсійнага, так бы мовіць, стажу. Амаладжэнне кадраў звязана з адсутнасцю сістэмнай прафарыентацыі. Пра гэта глядзі вышэй.

Нядаўні музейны форум паказаў, што сіла дробных раённых устаноў у музейнай, так бы мовіць, кааперацыі. Ініцыятарам яе на час згаданага мерапрыемства стаў Лоеўскі музей. І не прайграў. Але такіх прыкладаў прыкладна столькі, колькі ў Беларусі адмысловых ды непаўторных музейных устаноў.

Але пра недахоп крэатыву — у наступны раз. Больш хвалюе няўменне паўнацэнна выкарыстаць тое, што ёсць. Ды што там казаць, у пэўных раёнах і па сёння няма музеяў, выставачных галерэй, сувенірных крам. Вобразна кажучы, падарыць ёсць што, ды толькі няма ў што загарнуць. Перад замежнымі турыстамі сорамна. Яны не разумеюць, што такое астаткавы прынцып фінансавання культуры.

Можна было б назваць лепшых і трошкі пасварыцца на недастаткова жвавых. Каб гэта хоць нейкім чынам паўплывала на вырашэнне хваравітых пытанняў, я б так і зрабіў… А пакуль з чыстымі ліфтамі праблема.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"