Інгрэдыент незаменны

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Вынікі Году малой радзімы падводзіць яшчэ зарана. Але галоўнае пытанне ўжо закрадаецца само сабою: ці спрычыніцца гэтая трохгодка да знаходжання адказаў на адно з самых хваравітых пытанняў сучаснасці: як спыніць няўмольны ход сацыяльна-дэмаграфічных працэсаў і выратаваць ад знішчэння малыя паселішчы з іх унікальнай спадчынай? І пытанні гэтыя вельмі канкрэтныя, адной патрыятычнай рыторыкай наўрад ці тут абыдзешся.

Зрэшты, варыянты адказаў ужо знаходзяцца — і пакуль навобмацкі, метадам тыку. Мы пра гэта неаднойчы ўжо пісалі. Ці ўдасца пераўтварыць абязлюдзелае Чарэйскае княства ў модны арт-кластар? Ці будуць жыхары Лынтупаў і ваколіцаў зарабляць на старадаўніх кулінарных рэцэптах беларуска-літоўскага памежжа? Ці прыйдзе аднаўленне ў занядбаную шчорсаўскую сядзібу, чые недагледжаныя сёння прысады памятаюць столькі знакамітасцяў?

Адказы пакуль няпэўныя. Але разам з утрапёнымі завадатарамі ўсіх гэтых рызыкоўных справаў, мы ў калядны перыяд, вядома, выкажам спадзеў, што кожная з іх стане пачаткам аднаўлення свайго рэгіёна, а не канцом яго канца.

Усе гэтыя і многія іншыя ініцыятывы робяцца выключна на энтузіязме. У чым, зразумела, няма нічога кепскага. Наадварот, энтузіязм, на які, уласна, і быў разлічаны Год малой радзімы — інгрэдыент незаменны. Без яго наўрад ці што атрымаецца — нават пры наяўнасці належнага фінансавання.

Але, з іншага боку… Ідэі без належнага “паліва” так ідэямі і застануцца. За які кошт могуць рэалізоўвацца навартарскія па сваёй сутнасці прыватныя ініцыятывы? На што яны могуць разлічваць, акрамя сціплых магчымасцяў мясцовых уладаў ды ўстаноў культуры — а апошнія, варта, адзначыць, рэгулярна дапамагаюць такім праектам, скажам, абсталяваннем?

Яе сведчыць назапашаны з папярэдніх гадоў досвед, крыніц тут пакуль што дзве. Па-першае, гэта пошук добразычліўцаў сярод камерцыйных структур. Менавіта так, са свету па нітцы, і збіраецца, прыкладам, вялікі фестываль SPRAVA. І па-другое — атрыманне грантаў у міжнародных і проста замежных арганізацыях. Здавалася б, сродак аптымальны. Але, як прызнаваўся адзін з суразмоўцаў, яму прасцей бывае патраціць час на тое, каб уласнаручна зарабіць на добрую справу пэўныя грошы (працуе ён архітэктарам), чым марнаваць той самы час на тое, каб патлумачыць размешчанай далёка ад нашых межаў установе, чым жа карысны ёй будзе гэты лакальны праект.

Зразумела, у гэтым спісе вельмі бракуе айчынных праграм, прывязаных менавіта да Года малой радзімы. З аднаго боку — грошай у нашай сферы паўсюдна бракуе. Але з іншага — нават не ў грошах справа.

Памятаю, дыпламат і грамадскі дзеяч Уладзімір Шчасны, які на той час кіраваў Нацыянальнай камісіяй па справах UNESCO, заўсёды падкрэсліваў: удзел грантадаўцы — гэта не забяспечыць праект і яго ініцыятараў патрэбнымі для бесклапотнага жыцця сродкамі “ажно да сёмага калена”. Місія зусім іншая — выступіць свайго кшталту трыгерам, здатным даць першапачатковы штуршок для перспектыўнай ініцыятывы.

Адсюль і адпаведныя сумы грантаў: не мільёны, а якія пару дзясяткаў тысяч рублёў.

Думаецца, калі б менавіта такі падыход культываваўся ў дачыненні да смелых праектаў (без залежнасці ад таго, хто іх ініцыюе: дзяржаўная арганізацыя або купка рупліўцаў), лік такіх пачынаў істотна бы паболеў у “трохгодку” малой радзімы. А там, глядзіш, некаторыя б і пусцілі карэнне.

Прычым, тут адчувальны брак не толькі грантаўскіх праектаў. Няма таксама і семінараў, дзе энтузіясты з розных куткоў Беларусі маглі б, як заведзена казаць, “абмяняцца досведам”. Няма “курсаў павышэння кваліфікацыі” для тых, хто толькі вырашыў распачаць “пераўвасабленне свету да лепшага” —- а як паказвае досвед, такія людзі ў сваёй0 большасці прыходзяць з зусім іншых жыццёвых сфераў, і вопыт ім даводзіцца набываць самастойна, метадам спробаў і памылак.

Уласна, нават падсумавання тых спробаў і памылак пакуль што няма — у адрозненне ад таго, што варта было б падсумоўваць. Але не выпадае сумнявацца, што для многіх яно стане жыццёва неабходным.