Рух да надзённасці

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Значныя юбілеі, форумы адмыслоўцаў, новыя тэхналогіі і мясцовыя ініцыятывы — чым запомніцца 2019 год у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны?

2019 год прайшоў пад знакам некалькіх важных юбілеяў, сярод якіх ці не найбольш значнае месца займала 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нацыстаў — усё-такі памяць пра вайну і акупацыю ў нашай краіне яшчэ даволі блізкая і балючая. Ды й не толькі ў нашай — цікавасць да гісторыі Другой сусветнай вайны і асэнсавання яе трагічных падзей сёння захоўваецца і нават узрастае па ўсёй Еўропе. Тым не менш, беларускі досвед апошняй вайны застаецца ўнікальным, і айчынныя гісторыкі з гонарам імкнуцца данесці свету свой, адметны погляд на гісторыю тых незабыўных гадоў.

Сёлета тэме захавання памяці пра герояў і ахвяр вайны былі прысвечаныя шматлікія навуковыя канферэнцыі, музейныя выставы і выдавецкія праекты. Варта прыгадаць хаця б VI Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Вызваленне Беларусі. Памяць скрозь гады”, якая паказала выразную пазіцыю беларускіх гісторыкаў у захаванні ўласнага беларускага погляду на досвед вайны і акупацыі.

Юбілейны год адзначыўся таксама з’яўленнем грунтоўна падрыхтаваных і шыкоўна выдадзеных навукова-папулярных энцыклапедый “Беларусь партызанская” і “Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць”, прысвечанай трагедыі спаленых вёсак. Не губляецца памяць і пра мясціны, непасрэдна звязаныя з трагедыяй вайны — працягваецца мемарыялізацыя тэрыторыі колішняга лагера смерці ў Трасцянцы, прынятыя рашэнні аб развіцці мемарыялаў на месцы лагероў ваеннапалонных у Драздах і Масюкоўшчыне…

З іншых юбілеяў год адзначыўся таксама святкаваннем 90-годдзя Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, да якога быў прымеркаваны Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі “Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні”, што сабраў звыш 200 удзельнікаў з розных краін. А 200-гадовы юбілей ураджэнца Беларусі кампазітара Станіслава Манюшкі быў нават унесены ў спіс памятных дат UNESCO.

Не прайшла незаўважанай і такая памятная дата ў беларускай гісторыі, як стагоддзе са дня смерці славутага дзеяча нацыянальнага руху Івана Луцкевіча — гэты юбілей запомніцца не толькі тэматычнымі выставамі, але і раптоўным адкрыццём падмуркаў мінскага дома Луцкевічаў, якое так прыгожа падвяло рысу пад юбілейным годам. Зрэшты, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які рупіцца аб ушанаванні памяці Луцкевіча, таксама сёлета адсвяткаваў сваё 75-годдзе.

У галіне захавання і асэнсавання помнікаў гісторыі і культуры ці не найбольш маштабнай і яскравай падзеяй года зрабіўся конкурс “Спадчына ў дзеянні”, зладжаны Беларускім бюро ICOMOS, падчас якога былі падведзеныя вынікі працы адмыслоўцаў-рэстаўратараў за апошнія пяць гадоў.

З надзвычайным размахам прайшоў традыцыйны Фэст экскурсаводаў, які сёлета аб’яднаў нечуваную колькасць экскурсій — каля 300, у тым ліку, далёка за межамі Беларусі. Расце цікавасць да сферы турызму, экскурсаводы ствараюць і рэалізуюць усё новыя і новыя фарматы, здольныя здзівіць самых дасведчаных падарожнікаў. Не адстаюць і музейшчыкі, якія ўсё часцей звяртаюцца ў сваёй працы да новых тэхналогій. Расце папулярнасць і распаўсюджанне праектаў, накіраваных на папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны сродкамі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці.

Наогул, пры ўсёй увазе з боку дзяржавы і грамадства, звернутай на захаванне матэрыяльнай спадчыны, 2019 год адзначыўся выразным павелічэннем увагі і да нематэрыяльнага складніка нашых культурных набыткаў. У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO сёлета быў унесены абрад “Юраўскі карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Год запомніўся і шэрагам грамадскіх ініцыятываў, якія аб’ядналі людзей, неабыякавых да спадчыны, і дапамаглі дасягнуць пэўных вынікаў. Урэшце вызначылася сітуацыя ў сталічным раёне Асмалоўка, які ўвайшоў у зону рэгулявання забудовы, што мусіць паспрыяць захаванню ўтульнай атмасферы, за якую так цэняць мясцовыя жыхары свае кварталы.

Наогул жа, пералічыць усе падобныя ініцыятывы, накіраваныя на ахову спадчыны, не ўяўляецца магчымым. Застаецца толькі спадзявацца, што рост свядомасці нашага грамадства і папулярызацыя ведаў аб гісторыка-культурнай спадчыне будуць спрыяць з’яўленню ўсё новых і новых цікавых праектаў і ініцыятываў, якія дапамогуць вырашыць усе пытанні і праблемы, звязаныя з лёсам помнікаў нашай даўніны. Толькі эфектыўнае супрацоўніцтва дзяржаўных органаў і грамадскіх актывістаў можа быць зарукай поспеху ў гэтым важным пачынанні.