Кіналетапісцы ляснога фронту

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

16 снежня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя мультымедыйнага праекта “Іх зброя — кінакамера”, прысвечанага 95-годдзю беларускага кіно, суарганізатарамі якога выступілі таксама Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Музей гісторыі беларускага кіно і кінастудыя “Беларусьфільм”.

/i/content/pi/cult/777/16774/2_1.jpg

Фрагмент экспазіцыі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 308 кінааператараў і асістэнтаў знаходзіліся на фронце і ў партызанскіх падраздзяленнях, кожны чацвёрты з іх быў забіты, а кожны другі — паранены. За гады вайны вайсковымі кінааператарамі было адзнята больш за тры з паловай мільёна метраў стужкі — а гэта 80 сутак неперарыўнага прагляду.

/i/content/pi/cult/777/16774/2_2.jpg

Рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін і аператар Іосіф Вейняровіч падчас здымак фільма “Вызваленне Савецкай Беларусі”. Мінск. 1944 год.

Наталля Обухава, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, распавяла аб дакументах з фондаў музея, звязаных з біяграфіямі вайсковых кіналетапісцаў. Аператар Іосіф Вейняровіч з дапамогай кінакамеры здымаў побыт і баі партызан Браншчыны і Міншчыны, а Ацілія Рэйзман і Марыя Сухава фіксавалі подзвігі партызан брыгады “Народныя мсціўцы” Мінскай вобласці.

У экспазіцыю выставы, прадстаўленай на мерапрыемстве, увайшлі звыш 30 архіўных дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, сярод якіх — спісы асабовага складу партызанскіх брыгад са згадкамі аб залічаных у іх кінааператарах, узнагародныя лісты Маісея Берава і Іосіфа Вейняровіча, акт аб гібелі Марыі Сухавай — яна загінула ў 1944 годзе падчас прарыву блакады партызанскай зоны ля Ушачаў. Яшчэ каля 30 фотадакументаў выставы паходзяць з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. У экспазіцыі прадстаўленыя таксама ўзоры кінатэхнікі, якая выкарыстоўвалася вайсковымі кінааператарамі.

/i/content/pi/cult/777/16774/2_5.jpg

Спявачка Ларыса Александроўская выступае перад савецкімі байцамі на Калінінскім фронце, 1942 год.

Падчас прэзентацыі былі прадэманстраваныя сюжэты з ваенных кіначасопісаў і фільмаў, створаных як у гады вайны, так і ў пасляваенны перыяд: “У адным з першых партызанскіх атрадаў Беларусі” (1941), “Народныя мсціўцы” (1943), “Бітва за Віцебск” (1944), “Мінск наш” (1944) і іншых. Вялікую цікавасць выклікаюць кадры вайсковых кінааператараў, выкарыстаныя ў дакументальна-хранікальным фільме “Працэс над нямецка-фашысцкімі-захопнікамі, і зверствы, учыненыя імі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” — тут паказаныя, між іншага, вызваленне лагера смерці ў Азарычах, лагер смерці ў Трасцянцы. Быў прадэманстраваны і фрагмент фільма “От зорь июньских”, знятага ў 2000 годзе Уладзімірам Цеслюком на памяць аб сваіх калегах — франтавых кінааператарах.

Кіназнаўца, загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Антаніна Карпілава звярнула ўвагу прысутных на такі ўдалы мастацкі прыём, як выкарыстанне кадраў дакументальнай кінахронікі ў сучасных мастацкіх фільмах на ваенную тэматыку, што дазваляе глыбей пагрузіцца ў атмасферу тых гераічных часоў — з удалых прыкладаў быў прыведзены нядаўні беларускі фільм “Сляды на вадзе”. Таксама кінакрытык згадала, што ў беларускім кіно створаны і вобраз вайсковага кінааператара — так, у фільме “Глыбокая плынь” прататыпам адной з гераінь выступае ўжо названая вышэй Марыя Сухава.

/i/content/pi/cult/777/16774/2_3.jpg

Марыя Сухава здымае падчас партызанскай засады каля Быхава, 1944 год.

Кінарэжысёр Уладзімір Мароз распавёў пра свой досвед працы з кінахронікай, а таксама аб знаёмстве і супрацоўніцтве з франтавымі кінааператарамі. Уражаннямі ад знаёмства з Маісеем Беравым, дэталямі і абставінамі працы франтавых кінагруп падзяліўся таксама кінарэжысёр Міхаіл Жданоўскі. Кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў паведаміў аб цікавай ініцыятыве, прапанаванай удзельнікам вайны, адным з наведвальнікаў музея — ён выступіў з прапановай усталяваць ля ўваходу на студыю “Беларусьфільм” помнік франтавым кінааператарам. А рэжысёр і старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў акрамя вітальнай прамовы выканаў для наведвальнікаў мерапрыемства знакамітую песню “Поклонимся великим тем годам”, прысвяціўшы яе памяці вайсковых кінааператараў.

Памяць аб гэтых мірных людзях, якія перад абліччам небяспекі працягвалі гераічна выконваць свае прафесійныя абавязкі ў жорсткіх умовах вайны, рупліва захоўваецца супольнымі намаганнямі архіўных работнікаў, музейшчыкаў і кінасупольнасці. Сучаснікі застаюцца ўдзячныя ім за тую праўду аб вайне, якая дайшла да нашых дзён у выніку іх самаадданай працы.

Фота аўтара