Слова класікаў у Лондане

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Як паведамілі нам з Міністэрства замежных спраў, 16 снежня 2019 г. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі арганізавала ў г.Лондане прэзентацыю кнігі ”Паэтычны скарб з Беларусі. Свята жыцця і творчасці Веры Рыч“ — зборніка вершаў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча.

Двухмоўнае выданне такога кшталту надрукавана ў Вялікабрытаніі ўпершыню. Кніга падрыхтавана на аснове перакладаў Веры Рыч (1936 — 2009 гады), вядомай брытанскай перакладчыцы беларускай і ўкраінскай паэзіі. Фінансавую падтрымку публікацыі аказаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Сяргей Алейнік шчыра падзякаваў усім партнёрам, супольная праца якіх зрабіла гэта ўнікальнае выданне магчымым. Словы асаблівай удзячнасці былі адрасаваны даследчыку беларускай літаратуры Джыму Дынглі, рэдактару кнігі Дэвіду Пэры, прафесару Лонданскага ўніверсітэта Арнольду Макміліну, а таксама прафесару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вячаславу Рагойшу.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі выдавецтва “Хертфардшыр прэс”, Еўразійскай творчай гільдыі, а таксама блізкія знаёмыя і сваякі перакладчыцы.

Удзельнікі сустрэчы чыталі вершы беларускіх класікаў на англійскай і беларускай мовах. Адбылося таксама зацікаўленае абмеркаванне пытання паглыблення міжкультурнага дыялогу паміж дзвюма краінамі і прасоўвання ў Вялікабрытаніі беларускай культурнай спадчыны.