У Чырвоным… кіна-касцёле

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Першыя пасляваенныя фільмы
Такім чынам, напрыканцы 1950-х “Беларусьфільм” набіраў не толькі, як кажуць, “вытворчыя абароты”. Павышаўся і мастацкі ўзровень яго прадукцыі. Ды, на жаль, шлях яго быў няроўным. Скажам, наступны фільм Корш-Сабліна “Пасеялі дзяўчаты лён” — тыя ж схематычныя маскоўскія “памешчыкавы граблі”. Чаму ж слынны рэжысёр пасля правалу свайго “Новага дома” ізноў звярнуўся да пасрэднай драматургіі Яўгена Памешчыкава?

/i/content/pi/cult/776/16770/025.JPGПрактыкаванні па агратэхніцы душ

Што, не было з чаго выбіраць? Ды не: у той час ужо плённа стваралі якасны драматургічны матэрыял масквічы Яўген Габрыловіч, Генадзь Шпалікаў, Валянцін Яжоў, Аляксей Спешнеў. Болей за тое — выдаваў сцэнарый за сцэнарыем і штатны працаўнік “Беларусьфільма” Мікалай Фігуроўскі, па творах якога іншыя кінастудыі здымалі шыкоўныя фільмы — “Калі дрэвы былі вялікімі” або “Вогненыя вёрсты”. Што самае цікавае, ён працаваў літаральна побач, дзверы ў дзверы з коршавым кабінетам! Ну не можа быць, каб Корш не чытаў хаця б нешта з напісанага ім!

Але ж ён выбраў найгоршае: ізноў Памешчыкаў, ізноў бесканфліктнасць, ізноў лакіроўка… Ды і акцёры ўзятыя з “другой шуфляды” — маскоўскай, канешне: Ларыса Сабалеўская, Леў Фрычынскі, Зоя Сцяпанава.

Крытыка на гэты раз была бязлітаснай: аніводнага станоўчага водгука. Аніводнага!

“Причины неудачи — в холодном ремесленном сценарии… Упражнение по агротехнике человеческих душ”.

“Совершенно условный водевильный сюжет… Беспомощное произведение”.

“Опереточное изображение труда”.

“Для режиссёра пагубная потеря ощущения жанра”.

А гэта — удар па прафесіі! Корш што, не знаёмы з навінкамі экрана?

Пагатоў, на экранах у сярэдзіне 50-х — “Сорак першы” Рыгора Чухрая, “Чалавек нарадзіўся” Васіля Ардынскага, “Забойства на вуліцы Дантэ” Михаіла Рома, “Вясна на Зарэчнай вуліцы” Фелікса Міранэра і Марлена Хуцыева, “Ляцяць жураўлі” Міхаіла Калатозава… Новыя тэмы, новая кінамова, новыя імёны. Ды і наогул — новае савецкае кіно!

А ў Корша…

“Социально-психологическая драма” — пакутліва азначаўся жанр у анатацыі. Якая там “социальность”, які “психологизм”, якая там “драма”?! Кустаршчына!

За разбор фільма ўзяліся і беларускія літаратары. Рэцэнзія Валянціна Тараса ў “Звяздзе”:

“Твор надуманы і непераканаўчы… Лакіроўка… Сцэнарый носіць на сабе адбітак праславутай “тэорыі бесканфліктнасці”… не даў матэрыялу для творчай фантазіі”.

У чатыры галасы асудзілі фільм у “Комсомольской правде” Янка Брыль, Андрэй Макаёнак, Пімен Панчанка, Іван Шамякін. Што характэрна, акрамя Панчанкі ўсе яны — кінасцэнарысты.

“Что это — пародия на произведения времён бесконфликтности и лакировки?.. Не трогают, не волнуют, не вызывают раздумья все эти председательницы, отсталые агрономы, с которыми победоносно борются передовые звеньевые, все эти мудрые деды, колхозницы-спекулянтки, пионеры-радиолюбители, мещанки-жёны… Это всё та же развесистая клюква, увиденная из окна легкового автомобиля”.

І ўрэшце, абвінавачванні гучаць наўпрост на адрас студыі: было, аказваецца, абмеркаванне сцэнарыя, гучалі папераджальныя сігналы!

“Результат крайней неразборчивости и нетребовательности киностудии “Беларусьфильм”, которая пренебрегла общественным мнением и выступлениями в печати с критическим анализом явно халтурного сценария Евгения Помещикова”.

Я вылічыў асаблівасці кінатворчасці Корш-Сабліна: у майго кінанастаўніка была “церазпалосіца”. Глядзіце самі: удалы фільм “Маё каханне” — няўдалы “Новы дом”, удалы “Канстанцін Заслонаў” — няўдалы “Пасеялі дзяўчаты лён”. Далей трэба чакаць выдатнай карціны — і Корш яе здыме!

Драматызм шпуляў нітак

Ёсць творы літаратуры, якія экранізуюць кінематаграфісты розных краін, новых пакаленняў. Узгадаем “Ганну Карэніну”, “Ціхі Дон”, “Небяспечныя сувязі”. Па апавяданні Купрына французы знялі славутую “Вядзьмарку” з Марынай Уладзі, а ўжо ў нашы часы расіяне ўвасобілі на экране тое самае апавяданне з Людмілай Чурсіной.

А куды раней, яшчэ ў 1957-м, па падобным сюжэце знялі ў нас карціну маладыя “ўгікаўцы” Пётр Васілеўскі і Мікалай Фігуроўскі — будучы знакаміты сцэнарыст. У іх фільме “Палеская легенда” паводле апавядання Караленкі галоўныя ролі звычна выконвалі масквічы: чароўная Ала Ларыёнава — сапраўды першая прыгажуня тагачасных экранаў СССР — і Іван Пераверзеў. Вось яго кандыдатуру, пэўна ж, ухваляў мастацкі кіраўнік студыі Корш-Саблін, які адкрыў гэтага акцёра ў сваім фільме “Маё каханне”.

Франтавік Іосіф Шульман шукаў сцэнарый на блізкую яму ваенную тэму. Ён неўзабаве экранізуе аповесць Івана Стаднюка пад назвай “Чалавек не здаецца” — натуральна, з масквічамі ў галоўных ролях. А да гэтага здыме фільм па аповесці Аляксея Кулакоўскага “Нявестка” — бытавую драму. Акурат тады павярнуўся тварам да студыі малады драматург Андрэй Макаёнак: напісаў свой першы сцэнарый паводле гэтай аповесці. У ролях у Шульмана, ізноў жа, спрэс расіяне: Скарабагатаў, Сталярская, Паліцэймака, Саранцаў, Дарошына. Назва ў фільма павучальная: “Шчасце трэба берагчы”. Хто б такую сентэнцыю аспрэчыў?

Амаль паралельна здымалася карціна з таксама павучальнай назвай: “Каханнем трэба даражыць” — ізноў жа, нямногія тут будуць спрачацца! У ёй Сяргей Сплашноў з камандай масквічоў-акцёраў — Брэдун, Іванова, Крэпкагорская, Будкевіч, Адоскін — імкнуліся надаць драматызм зусім дробнай, здавалася б, сітуацыі: выкраданню некалькіх шпуляў нітак з Мінскага камвольнага камбіната. І вось рэквізітары на кожную павільённую здымку ашчадна дастаўлялі на падносе маткі нітак — як увасабленне выпакутаванага, высмактанага з пальца “вытворчага” канфлікту!

Суседзі па камуналцы

Але ў гэтай занудліва-павучальнай карціне рэжысёр не ўзняўся да поспеху ў гледачоў свайго папярэдняга фільма “Нашы суседзі”, на якім я працаваў памочнікам рэжысёра: мяне не пакідалі без працы, рыхтуючы да ўключэння ў здымачную групу “Чырвонага лісця”. На “Нашых суседзях” я з замілаваннем і ўвагай слухаў успаміны, разважанні і павучанні аператара Андрэя Булінскага.

Сцэнарый “Нашы суседзі” Антаненкава і Севэлы — ён потым стане ізраільскім пісьменнікам Эфраімам Севэлам — пэўна ж, не прайшоў у Маскве, і яго перакінулі да нас. Так было прынята: кідаць з саюзнага “барскага пляча” хілыя сцэнарыі на рэспубліканскія студыі.

У галоўных ролях — папулярны ў 50-я кінапрыгажун Леў Фрычынскі, бурліва-характарная цешча Вольга Вікланд і гераіня ну зусім бляклая ды ніякая — Нэла Карнеева. Лішне нават казаць, што ўсе масквічы. Але нашы ў другапланавых ролях жыхароў камуналкі іх абсалютна перайгралі: Міша Пятроў, Глеб Паўлавіч Глебаў, Валянціна Краўчанка, Лідзія Ржэцкая.

Драматургічная калізія “Нашых суседзяў” на шмат гадоў апярэдзіла сітуацыю “Пакроўскіх варотаў” Міхаіла Казакова: рассяленне камуналкі. Музыку напісаў меладыст Барыс Макравусаў. Песню “Вечерком за окном” праспяваў яшчэ нікому не вядомы выканаўца: яго нехта пачуў у Маскве толькі што, летам 57-га, падчас Усесветнага фестывалю моладзі і студэнтаў з песняй “Подмосковные вечера”. Імя яго — Уладзімір Трошын. Песня з нашага фільма “Вечерком за окном” з акна мантажнай, расчыненага ў спякоту, чулася на вуліцы, і мінчукі яе, лёгка запамінальную, пачалі напяваць яшчэ да выхада фільма.

І што яшчэ ў той карціне можна ўбачыць непаўторнага: у сцэне “Рэстаран” у поўным складзе гучыць легендарны “шанхайскі” джаз-аркестр Барыса Райскага, які толькі што назаўсёды застаўся ў нашым цырку.

Але сярод гэтай, шчыра кажучы, досыць шараговай прадукцыі другой паловы 50-х выдзяляюцца два фільма, якія здымаліся амаль адначасова: “Гадзіннік спыніўся апоўначы” і “Чырвонае лісце”. Пра іх і пагаворым пазней.

А пакуль жа — трохі пра іншае. Занураныя ў сваю працу кінематаграфісты часам і не заўважалі, як імкліва адбудоўваўся пасля вайны Мінск. Амаль адначасова на яго новым цэнтральным праспекце з’яўляюцца знакавыя для рэспублікі пабудовы. У тым ліку, і ўстановы культуры: філармонія, стацыянарны цырк, і ўрэшце — кінастудыя.

Гэта азначала, што цесны, але ўжо абжыты будынак Чырвонага касцёла кіношнікам неўзабаве наканавана пакінуць.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр