Колькі кіламетраў да... “Дажынак”?

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

19 — 21 верасня ў Оршы пройдзе Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2008”.

Пра падрыхтоўку аршанцаў да сёлетніх Дажынак “К” пісала яшчэ ўвесну (гл. № 13 за 2008 г.). Работа віравала амаль на 700 аб’ектах. Оршу рыхтавалі да свята больш за тры тысячы будаўнікоў ста лепшых арганізацый краіны. Завершана аднаўленне і будаўніцтва гасцініцы, аўтавакзала, стадыёна, радзільнага дома, мастоў, помнікаў гісторыі і культуры, дарог, жылых дамоў. На беразе Дняпра з’явіўся дзіцячы парк з атракцыёнамі. А на ўзбярэжжы Оршыцы ўсталяваны светламузычны фантан. Атмасфера свята створана гарадскімі ўладамі яшчэ на пад’ездзе да Оршы: на галоўных аўтатрасах устаноўлены спецыяльныя дарожныя знакі, якімі адзначаюць адлегласць да населенага пункта, але замест слова “Орша” пазначана: “Дажынкі”...
Урачыстае шанаванне пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва мяркуецца правесці з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Для ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў пры ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў дзяржава выдаткавала 7 мільярдаў рублёў. Пастановай Савета Міністраў № 342 зацверджана 386 ганаровых дыпломаў з грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі.
Натуральна, рыхтаваліся да фестывалю-кірмашу не толькі будаўнікі. Як паведаміла “К” начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама Ірына Мігаль, на творчую разнастайнасць і непаўторнасць “Дажынак-2008” працуе цяпер не толькі горад, але і ўся рэспубліка. 19 верасня па вуліцах Савецкай і Леніна адкрыюцца гандлёвыя рады, пройдзе марш-парад духавых аркестраў, а на галоўнай пляцоўцы будзе ўзняты фестывальны сцяг, пасля чаго распачнецца святочны канцэрт з удзелам самадзейных і прафесійных калектываў Беларусі і Расіі. На плошчы Леніна плануецца кірмаш твораў народных майстроў. Тут рэй будуць весці дамы рамёстваў Віцебскай вобласці, якія прэзентуюць рэканструкцыю традыцыйных строяў і шматковых дываноў. На фальклорна-абрадавай пляцоўцы прапаноўваецца праграма “Добры дзень, госцейкі, у нашу хату!” і канцэрт-акцыя “Мы беларусы!” з удзелам лепшых ансамбляў і выканаўцаў Оршы. Выступяць таксама і цыркавыя калектывы горада і вобласці. “Гумарыстычны пагорак” узнікне па вуліцы Міру. У дзіцячым парку — выступленне дзіцячых духавых аркестраў Віцебшчыны. На аршанскім гарадзішчы распачнецца тэатралізаваная дзея з удзелам рыцарскіх клубаў Беларусі. Адбудуцца цырымонія адкрыцця гарадскога стадыёна і прэзентацыя кіназалы ГЦК з сеансамі айчыннага кіно.
Дзейнічаць будуць і дзесяць выязных канцэртных пляцовак: выступленні калектываў з абласцей рэспублікі мяркуюцца ў дамах культуры БелГРЭС і Смальянскага аграрнага каледжа, у Межаўскім, Зубоўскім, Усценскім, Забалоцкім, Бабінскім, Бабініцкім, Копыскім і Лісуноўскім сельскіх дамах культуры.
Мяркуецца, што ў гала-канцэрце фестывалю, які адбудзецца каля адрэстаўраванага будынка езуіцкага калегіума, прымуць удзел артысты з Беларусі, Расіі, Украіны.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ