Пагост — край цудаў

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Карагод, які варта захаваць
11 снежня Міжурадавы камітэт па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO на чарговай 14-й сесіі ўключыў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны сярод іншых элементаў, якія маюць патрэбу ў тэрміновай ахове, і абрад “Юраўскі карагод” з Беларусі.

/i/content/pi/cult/776/16769/023.JPGЮраўскі ці Тураўскі

Архаічны абрад, які з’яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў Тураўшчыны — лакальнага рэгіёна Усходняга Палесся — і праводзіцца 6 мая, у энцыклапедычных выданнях пазначаны як “Тураўскі карагод”. Аднак, калі рыхтаваліся дакументы ў UNESCO, жыхары вёскі Пагост — адзінай вёскі, якая захавала абрад у жывой традыцыі, запярэчылі з пачуццём уласнай годнасці: называйце “Юраўскі карагод” або проста “Карагод на свята Юр’я”, бо не ў Тураве яго захавалі, а ў Пагосце. Эксперты пагадзіліся, а жыхары Пагоста паставілі свае подпісы пад лістом у UNESCO з просьбай уключыць іх абрад у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Міністэрства культуры падтрымала просьбу матэрыяльна і арганізацыйна. У выніку быў створаны фільм і належным чынам падрыхтаваныя дакументы, ілюстраваныя фотаздымкамі. На сесіі ад Беларусі прысутнічала Ала Сташкевіч.

Адкуль пайшоў Пагост

/i/content/pi/cult/776/16769/024.JPGУ 2020 годзе спаўняецца 500 гадоў з часу першай згадкі Пагоста ў друкаваных крыніцах. Аднак, паводле мясцовага падання, Пагост старэйшы за Тураў. Уявіце, што вучоныя з такім меркаваннем пагаджаюцца, бо менавіта тут захавалася пратока пад назвай Тур, а Пагост азначае “месца збору палюддзя”. Палюддзе — падаткі, якія збіраліся князямі з падуладных зямель. З новым ураджаем, з рыбай, сушанымі грыбамі і ягадамі з Палесся (цяперашні Лельчыцкі раён), чобатамі з Давыд-Гарадка і гарадоцкімі керамічнымі вырабамі, тканінамі ручной работы мясцовых майстрых прыплывалі людзі на чаўнах. Дзень, калі гэта адбывалася, адпавядае праваслаўнаму святу Узвіжання 27 верасня — святу “закрывання” зямлі на зіму. Дагэтуль традыцыя правядзення кірмашу ў Пагосце захоўваецца ў памяці старэйшага пакалення. Пры гэтым адбывалася і шанаванне каменнага крыжа, які і сёння зберагаюць у мясцовай царкве.

“Рагатыя” ўборы

Да легендарнага князя Тура існавала дрыгавіцкае пратакняства, межы якога адпавядаюць этнарэгіёну Тураўшчына — ад Пагоста да Аздамічаў. Яго называюць таксама Малое Палессе. Пагост - вёска ў 8 кіламетрах ад Турава, Аздамічы — вёска ў Столінскім раёне. Жыхары гэтай тэрыторыі дагэтуль карыстаюцца адной гаворкай і маюць падобныя абрады і звычаі, адметнасці ў традыцыйным касцюме, адна з якіх — “рагатыя” жаночыя галаўныя ўборы, звязаныя з культам быка тура. Магчыма, тут магутны дзікі бык і быў прыручаны. Веснавы абрад на свята Юр’я 6 мая яўна прысвечаны гэтаму культу, а яшчэ Зямлі-маці і Небу-бацьку. Тураўская зямля на левым узбярэжжы Прыпяці ў выніку веснавых разліваў спрадвеку была багатай, плоднай. Падчас апытвання жыхароў вёскі Чэрнічы быў выяўлены цэлы пласт веснавых песень “на разліў ракі”. У старажытнасці можна адзначыць яшчэ адзін адметны маркер — абрад “Жаніцьба коміна” (або пасвета, светача), які спраўляўся перад засеўкамі ўвосень і вясной, маркіраваў зімовы перыяд, прысвечаны прадзенню, ткацтву, вырабу адзення і абутку. Абрад захавалі толькі жыхары вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна і Дзяржынск Лельчыцкага раёна. Адна з мясцовых тапанімічных легенд называе сталіцу дрыгавіцкага пратакняства — горад Хіль, які быў папярэднікам Турава. На яго месцы зараз вёска Хільчыцы, якая знаходзіцца за дзясятак кіламетраў за Туравам, калі ехаць у бок Столінскага раёна.

Шанаванне кароў

Некалі абрад “Карагод” пачынаўся з першага выгану кароў у поле. У 90-я гады, калі ў кожнай вёсцы вакол Турава былі вялікія статкі кароў, кожная гаспадыня праводзіла пэўныя рытуалы-абярэгі, выпраўляючы сваю рагульку на пашу першы раз: з хлява выганяла асвечанай галінкай вярбы, карміла спецыяльным печывам у выглядзе крыжа, спечаным на Серадапосце (у сярэдзіне Вялікага посту). Пры гэтым на парозе хлява клалі цэп і замок (каб зашчапіць пашчы ваўкам і абараніць ад іх жывёлу), ніты, яйка або сякеру — ад ведзьмы і ўсякай нячыстай сілы. Пры ўсім гэтым прамаўляліся замовы.

Сёння мала хто трымае “тавар”, як называюць статак кароў на Тураўшчыне. А ў Пагосце ўвогуле не засталося ніводнай каровы. Але ж шанаванне каровы-карміцелькі з’яўляецца асновай абраду. Нават само слова “карагод” складаецца з дзвюх асноў — “карв”(бык) і “вадзіць”. У некаторых гаворках кажуць не “карагод”, а “каравод”, што ў дадзеным выпадку бліжэй да ісціны.

Рагаты — значыцца багаты

Дык вось, у старажытныя часы хутчэй за ўсё ў поле да кароў выводзілі прыручанага быка-тура. Сімвалам гэтай традыцыі пасля таго, як гэты бык вымер, стаў абрадавы хлеб на свята Юр’я, які ў Пагосце называюць “карагод”, як і сам абрад. Ён “рагаты” і ўпрыгожаны сімвалічна: трыма каласкамі з цеста, трыма “шышкамі” (шарыкамі з цеста) і трыма галінкамі з пладовага дрэва, якое распусцілася ў гэтую пару. Кожная галінка, якую называюць “ралцэ”, мае па тры адгалінаванні, і ўсе іх абкручваюць цестам і падпякаюць на агні. Колькі галінак атрымліваецца разам? — Дзевяць. А гэта дзевяць месяцаў сцельнасці каровы і цяжарнасці жанчыны. Значыцца, абрад “Карагод” спраўляюць для таго, каб зямля давала багаты ўраджай, пладзіўся статак і працягваўся род. Абрад часам называюць дзявочым. Хлопцы як бы гарантавалі, што будуць берагчы цнатлівасць дзяўчат, паважліва ставіцца да традыцый продкаў.

Граблі замест крыжа

Дарэчы, мужчыны і хлопцы носяць падчас абраду ўсю атрыбутыку, акрамя абрадавага ручніка, праз які ўвесь гурт заходзіць на поле, дзе пасеяны азімае жыта або пшаніца, і выходзіць праз яго. Васьміканцовая калядная зорка не выпадкова прысутнічае ў абрадзе, яна з’яўляецца сімвалам кахання.

Раней фартухі насілі на крыжавіне. Крыжавіна — гэта два кіёчкі, збітыя ў выглядзе крыжа, што сімвалізуе сонечнае свяціла. Але ў перыяд ваяўнічага атэізму за “дэманстрацыю з крыжом” ссылалі ў Сібір, пра што расказвалі жыхары вёскі Старажоўцы. Таму ў Пагосце прыдумалі прыстасаваць для гэтага граблі. Можа менавіта такая хітрасць і пасадзейнічала таму, што абрад тут захаваўся.

Што пагражае абраду?

Перш за ўсё, дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы. Праблема не толькі ў тым, што няма столькі кароў і выпадае важная частка абрадавага дня на свята веснавога Юр’я. Хутка адыдзе старэйшае пакаленне, а хто застанецца, калі ў вёсцы няма працы? Усе з’язджаюць, хоць і шкада пакідаць мілы сэрцу куточак, дзе такая плодная зямелька і прыгожыя краявіды. Яны аб’ядналіся ў Інтэрнэце на сайце “Пагост — край цудаў”. Дарэчы, менавіта там я прачытала нядаўна навіну: нашчадкаў старажытных тураў хутка паселяць на лузе за вёскай Пагост…

Багацце гэтага краю ацанілі дачнікі, якія купілі тут сабе або збудавалі хаты пад лецішча ў Пагосце. Зараз тут пражывае, па стане на лістапад гэтага года, 194 жыхары, сярод якіх працаздольных 113, пенсіянераў 66, а дзяцей усяго 11.

Другая прычына, чаму трэба падтрымаць гэты абрад — пайшлі з жыцця старэйшыя вясковыя спявачкі, захавальніцы традыцый вёскі. Са старэйшага пакалення засталіся толькі двое. Фальклорна-этнаграфічны гурт “Міжрэчча”, які быў створаны ў 1980 годзе Кацярынай Панчэня і які мае найменне “народны”, у 2020 годзе адзначыць разам з юбілеем вёскі сваё 40-годдзе. З самага пачатку яго стварэння асноўная заслуга ў захаванні абрадаў і звычаяў гадавога кола належыць Кацярыне Аляксееўне. Яна змагла ацаніць спадчыну сваёй вёскі змалку і асвоіць песні, танцы, усе традыцыі, бо бацька — Аляксей Конанавіч Кузьміч — быў слынным гарманістам, вячоркі адбываліся ў іх хаце, а сама яна была дапытлівай і лёгка запамінала тэксты на слых. Мела добры голас, таму старэйшыя спявачкі бралі яе падводзіць, а яна пераймала ў іх рэпертуар і манеру спеваў, мясцовую гаворку.

Адметнасць абрадаў гадавога кола, якія захоўваюцца ў вёсцы Пагост, — удзел у іх падлеткаў. Усе дзеці спявачак “Міжрэчча” былі выканаўцамі розных роляў у абрадавых дзеях, аднак падраслі і з’ехалі з дома. Зараз усіх пагосцкіх дзяцей, якія ёсць, заахвочваюць да ўдзелу ў абрадах. З імі займаецца дырэктар мясцовага клуба Ірына Юнчыц, якая сама вырасла ў калектыве і ў шматдзетнай сям’і, дзе было 12 дзяцей, а цяпер сама мае траіх. Уся надзея на тое, што будзе праводзіцца планамерная работа па этнавыхаванні дзяцей у школе аграгарадка Азяраны, які знаходзіцца побач, а таксама ў іншых вясковых школах каля Турава, што гурты гэтых вёсак адновяць традыцыю абрада “Карагод” на Тураўшчыне і захаваюць яе для будучых пакаленняў.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ
Фота з архіва вёскі Пагост