“Музыкаю блаславёны…”

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Настальгічныя нататкі з нагоды 80-годдзя гродзенскай Музычнай школы № 1
Гэту снежаньскую 2019 года імпрэсію-ўспамін аб далёкім маім пасляваенным дзяцінстве спарадзіў ліст. Рэдкі сёння паштовы “анахранізм” у век камп’ютарнага сеціва, бы рэальны цёплы ветрык вясною, раптам абудзіў магутныя імпульсы, здавалася, напаўзабытых станаў і перажыванняў. Гэта быў ліст-запрашэнне на юбілейныя ўрачыстасьці з нагоды свята Дня нараджэння Першай гарадзенскай музычнай школы. І пачала працаваць “машына часу” гісторыі і памяці…

/i/content/pi/cult/776/16768/019.JPGКазка з вінаграднай лазой

80 гадоў таму, 16 кастрычніка 1939 года, праз месяц пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў Гродне, пачала сваю сапраўды гістарычную дзейнасць музычная школа. Першым дырэктарам быў прызначаны Уладзімір Ілліч Янаў. Пасля вайны ўжо восенню 1944 года школа атрымала двухпавярховы з мансардай цагельны будынак, што на рагу будучых вуліц Сацыялістычнай і Карбышава (Тэлеграфнай). Завезлі некалькі піяніна. А праз пэўны час — і раяль, які ўзгрувасцілі ў зале на другім паверсе. Гэта быў будынак былой польскай установы. А яго самай адметнай прыкметай і асаблівасцю была ўнікальная польска-стыльная зашкляная веранда. А ў ёй на столі — казка! Вочы міжволі спыняліся на той казцы: на столі… спеў вінаград! Так, дваццаць квадратных метраў верандавай столі былі ўпрыгожаны розным размаляваным гарэльефам: галінкі, лісце і гронкі драўляна-фарбаванага вінаграда. Шкада, што тая казка знікла, няма яе там зараз. Упэўнены, гэта быў бы сёння ўнікальны музейны экспанат гарадзенскай культуры 30 — 40-х…

Веранда тады была другім, непарадным, уваходам у будынак. Парадны выходзіў на вуліцу Тэлеграфную. Насупраць былі непрывабныя аднапавярховыя хаты з залапленымі лістамі іржавай бляхі дахамі, тыповыя для малазаможных гараджан даваеннага часу. Ды й пасляваенны быў нялёгкім, нават, суровым… Праз прахадныя двары тых хат можна было амаль наскрозь прайсці забудаваны прамежак вуліц Сацыялістычнай і Тэлеграфнай да Ажэшковай, чым мы і карысталіся. Мы — гэта я (скрыпач), Воўка Яндоўскі, Ізя Пушэль (піяністы), потым далучыліся малодшыя — мой брат Вадзім, Костка Шыдлоўскі (сын вядомага ў той час гарадзенскага хармайстра і кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага). Увогуле маршрут да музыкалкі мы стваралі сабе, як прыгоду: мы не хадзілі па мосце праз Гараднічанку, што вяла на плошчу Леніна/Тызенгаўза. Мы хадзілі… пад мостам, праз парк, а далей праз яр побач з тагачаснай пагранічнай часткай, дзе цурчала мутнаватая Гараднічанка. Недзе напрыканцы 50-х — напачатку 60-х гадоў халабудзіны на Тэлеграфнай-Сацыялістычнай былі знесены, а з імі былі “знесены” нашы дзіцячыя рамантычныя прыгоды-ўражанні, якія мы перажывалі ў тых лабірынтах прахадных двароў, калі спрошчвалі наш маршрут да музычнай школы.

/i/content/pi/cult/776/16768/020.JPGМова “другой філасофіі”

Вось сюды, у гэты будынак, што ўзвышаўся па-над тымі залапленымі бляхай стрэхамі суседніх дамкоў, і ўвайшоў я напрыканцы лета 1949-га, пяцігадовы хлопчык, трымаючыся за руку мамы. Тады й убачыў гронкава-вінаградную казку ўпершыню. Як аказалася, мама прывяла мяне ў Мой Храм, у якім я атрымаў сваё другое — музычнае Хрышчэнне. Менавіта тут, пасля спеваў мамы, я зразумеў, навучыўся разумець боскую мову музычных геніяў. Тут мяне навучылі спяваць, іграць на скрыпцы, фартэпіяна. Тут я пачуў і запомніў музыку опер-сімфоній-санат класікаў, якую аднаўлялі на фартэпіяна нашы выкладчыкі па тэорыі музыкі (дарэчы, тэорыю музыкі і сальфеджыа вёў да 1952 года дырэктар школы Уладзімір Янаў. Яго роспісы і строгія запісы бацькам у маім тагачасным дзённіку знайшоў у цудам захаваных двух дзённіках музычнай школы за 1950 — 1952 гады). Цяпер з гордасцю і глыбокай удзячнасцю я кажу: сёлета — юбілей МАЁЙ Альма-матэр. Потым былі мае “іншыя” Альма-ўстановы — кансерваторыя, Акадэмія навук, аспірантура, радыё і тэлебачанне, але дзе б я ні вучыўся і ні працаваў, паўсюдна і па-над усім у мяне панавала Музыка. Значна пазней я зразумеў, што валодаю, як і ўсе выхаванцы нашай школы, усявышняю мовай, мовай “другой філасофіі” (выраз музыколага Сярэднявечча Мікалая Дылецкага). А вытокам маёй жыццёвай прафесійнай музычнай ракі была музычна-вінаградная казка Першай музычнай школы. Таму нізкі мой паклон усім першым у маім жыцці настаўнікам, якія далучылі, уклалі мне ў сэрца і душу (даруйце за пафас!) азы разумення таямніц музычнай гармоніі.

Насамрэч, мне было пяць з паловаю гадоў, калі я стаў, пасля абавязковага іспыту на слых і на рытм, вучнем дашкольнага класа. Не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. На ўрокі прыходзіла мама, запісвала і потым дома кіравала маімі заняткамі.

/i/content/pi/cult/776/16768/021.JPGМае ўніверсітэты

А самым першым маім настаўнікам у жыцці стаў каларытны чалавек і музыкант, скрыпач і педагог Іван Макаравіч Сагайдачны. Тады ў музычнай школе ў кожнага вучня галоўным быў настаўнік па спецыяльнасці. Яго ўрокам былі адведзены дзве траціны кожнай старонкі дзённіка. Ён першы замаўляў дні і гадзіны заняткаў, а пад іх ужо ладкаваліся заняткі абавязковага хору, абавязковага фартэпіяна, сальфеджыа, тэорыі музыкі. Крыху пазней, калі я вучыўся ўжо ў 4 — 6 класах агульнаадукацыйнай школы і калі мы знаёміліся з творамі Максіма Горкага, і я ў падручніку ўбачыў партрэт пісьменніка, дык зразумеў, што Іван Макаравіч — вонкавая копія пісьменніка-класіка Горкага. Цюбяцейка, сівыя валасы і вусы, агульны абрыс твару, няспешныя рухі… Ён шмат курыў, тады яшчэ дазвалялася паліць у класах. А напрыканцы самых першых заняткаў, на якіх ён са мною развучваў просценькія песенькі на скрыпцы (“Во саду ли, в огороде…”, “Как пошли наши подружки в лес по ягоды гулять…”), Іван Макаравіч чарнільнай ручкай (!) запісваў ноты песенек на лістку нотнай паперы, каб я дома вучыў. Прамакашак не было, дык настаўнік попелам з папірос ці з попельніцы прысыпаў чарнілы, здуваў з нот попел і даваў лісткі мне. На ўроках ён ставіў адзнакі не вышэй за “чацвёркі” (тады была пяцібальная сістэма ацэнкі ведаў). Затое на акадэмічных канцэртах (прамежкавыя справаздачы вучняў школы ў чвэрцях), на экзаменах школьная камісія ставіла “пяцёркі”. Такі вось педагагічны прыём.

/i/content/pi/cult/776/16768/022.JPGУ той час (з 1944 па 1952 гады) у Гродне дзейнічаў Дзяржаўны хор БССР на чале з яго арганізатарам Рыгорам Шырмам (сёння — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, якая ў 1952 годзе была пераведзена ў Мінск). У тым хоры спявала мая хросная мама — цётка Ала Туроўская, малодшая сястра маёй маці. Дарэчы, у той час там канцэртмайстрам працаваў і будучы старшыня Саюза кампазітараў Беларусі, будучы народны артыст рэспублікі Юрый Семяняка. Імя яго і носіць сёння мая Альма-матэр. Цётка Ала жыла ў нашым доме. Добра іграла на гітары, фартэпіяна, зразумела, спявала. Аднойчы я хацеў пазаймацца дома на скрыпцы, але ўсе струны былі спушчаны. Цётка Ала настроіла скрыпачку-чацвярцінку, як магла — па тэрцыях (як гітару, а скрыпка ж строіцца па квінтах). На наступным уроке Іван Макаравіч, калі пачуў маю ігру і ўзяў маю скрыпачку, дык добра парагатаў. Гэта стала нашай вясёлай сямейнай гісторыяй. А сёлета, падчас нашай гарадзенскай сустрэчы з Вячаславам Корневым, тэатральным рэжысёрам, таксама былым вучнем І.М. Сагайдачнага, Слава, мой “аднакашнік” і ў Гарадзенскай музычнай вучэльні, нагадаў мне яшчэ адну гумарную школьную гісторыю. У сёмым класе школы, я, як выпускнік-скрыпач, быў канцэртмайстрам Школьнага сімфанічнага аркестра. Дырыжыраваў Іван Макаравіч. І вось аднойчы на рэпетыцыі Слава бачыць: дыміцца рукаў маёй фірменнай гімнасцёркі (тагачаснай школьнай формы)! Гэта з папіросы курыльшчыка Сагайдачнага-дырыжора выпаў вугалёк, і задымілася мая ўніформа! А я іграў: канцэртмайстар жа, нельга спыняцца! Але…

Той, каго памятаю...

Вобраз Івана Макаравіча, майго самага-самага першага настаўніка ў жыцці назаўжды са мной. І ў памяці яго вучняў. А іх багата. Назаву зараз толькі імёны некалькіх — маіх сяброў з музычнашкольных гадоў і тых, каго памятаю і з кім давялося мне ісці побач па прафесійным жыцці, звязаным з Музыкай. Сярод іх — згаданы ўжо мой “аднакашнік” па Музычнай вучэльні ў Гродна Вячаслаў Корнеў. Як і я, мы былі першымі выпускнікамі-скрыпачамі гэтай установы (1959 — 1963 гг.). Пасля яе заканчэння Вячаслаў паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут (сёння Акадэмія мастацтваў) на рэжысёрскі факультэт. Працаваў рэжысёрам у тэатрах Гродна, Магілёва. Сёння — гаспадар спадчыннага бацькоўскага дома ля гарадзенскага вакзала.

На год маладзейшы ў школе быў Анатоль Клінкевіч, у якога ад прыроды былі выключныя здольнасці скрыпача-віртуоза. Па жыцці мы так і ішлі побач: у школьным сімфанічным аркестры на чале з Сагайдачным — за адным пультам, у вучэльні — саліравалі ў Канцэрце для дзвюх скрыпак з аркестрам Баха, жылі ў адным інтэрнаце падчас вучобы ў кансерваторыі. У апошнія гады свайго жыцця (яго не стала ў снежні 2017) Анатоль у гарадзенцаў заслужыў славу таленавітага майстра-рэстаўратара струнных інструментаў. Па сутнасці, ён і яго майстэрня па вуліцы Цітова, 49 у Гродне былі надзейнай, ці не адзінай базай рэстаўрацыі інструментаў усіх струннікаў Гародні і вобласці — ад пачаткоўцаў да дарослых…

Таксама маладзейшыя на год Пётр Бруенок, Валодзя Журня, Валодзя Рылатка, і яны прайшлі пачатковую школу ў Івана Макаравіча, а заканчвалі яе, як і я, ужо ў наступніка Сагайдачнага — Івана Георгіевіча Гусенцава. Валодзя Журня і Валодзя Рылатка паступілі ў нашу кансерваторыю ў клас альта. Журня, адбыўшы трохгадовы тэрмін у арміі, закончыў кансерваторыю, працаваў у мінскіх музычных школах. Нядаўна з’ехаў у Злучаныя Штаты, займаецца прыватным бізнесам. Пётр Бруенок — мой спадарожнік-вандроўнік на шляху з музычнай школы дахаты. Мы жылі ў Гродне недалёка адзін ад аднаго — у раёне былых Яўрэйскіх могілак, што напачатку вуліцы Максіма Горкага. Могілкі неўзабаве распахалі і збудавалі вядомы сёння стадыён “Дынама”. Менавіта з Пятром мы выбіралі нетыповыя маршруты з музыкалкі дахаты, скажам, па знакамітым сёння яры пад назвай “Швейцарская даліна”, у нашым дзяцінстве — задворак так званай Архіерэйскай сядзібы, дзе ў 1950-я гады месцілася рамесная вучэльня. З-пад гары тады з боку Віленскай вуліцы біла крыніца чыстай вады, з якой мы набіралі бутэлі яе дахаты. Сёння крыніца ў заняпадзе, але па-ранейшаму прабіваецца ў Гараднічанку…

Зараз можна адзначыць цікавую біяграфічную асаблівасць ці не ўсіх былых навучэнцаў нашай гарадзенскай музыкалкі, каго ўзгадваю: так ці інакш, менавіта яна, Музычная школа і яе настаўнікі, вызначылі і асабісты лёс большасці яе выпускнікоў. Так, Пётр Бруенок пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай падчас рэпетыцыі ўніверсітэцкага аркестра. Студэнтка фізмата БДУ Рая іграла на скрыпцы. І не абы як: на выпускным справаздачным канцэрце Мінскай музычнай школы ў Заводскім раёне, саліравала на сцэне філармоніі ў Канцэрце Баха, а акампаніраваў Дзяржаўны сімфанічны аркестр! Па заканчэнні гістарычнага факультэта БДУ Пётр Бруенок, ужо з жонкай, вярнуўся ў Гродна, працаваў у агульнаадукацыйнай і музычнай школах. Выхаваў дачку і сына. Унучка Пятра Ганна таксама прайшла нашу музыкалку, і сёння — навучэнка Музычнай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі ў Мінску. Атрымала званне лаўрэата на конкурсе скрыпачоў. Скажам, дынастыя, музычнай школай Гродна спароджаная…

Уладзімір Рылатка з нашай кагорты гарадзенцаў-скрыпачоў быў наймалодшы. Па заканчэнні кансерваторыі па класу альта, працаваў артыстам Камернага аркестра Беларусі ў часы, калі ім кіраваў арганізатар і дырыжор аркестра, арганіст і кампазітар Алег Янчанка. Затым — выкладчыкам музычнай вучэльні Мінска. Потым — у Міністэрстве культуры: начальнік упраўлення, намеснік і першы намеснік міністра культуры шмат гадоў. У апошні час першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, прафесар Акадэміі музыкі па класу альта. Яго сын Алег — таксама скрыпач, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Зараз жыве ў Злучаных Штатах, працуе ў адным з вядомых сімфанічных аркестраў. І тут дынастыя, распачатая ў Гарадзенскай музычнай школе.

Партызанская скрыпка

Так і мой прафесійны шлях быў закладзены, распачаўся менавіта ў нашай музычнай школе: Гродзенская музвучэльня-кансерваторыя-артыст сімфанічнага аркестра-аспірантура-радыё- і тэлежурналістыка (музычны каментатар Беларускага радыё, стваральнік музычна-мастацкай “Тэлесябрыны”). І журналісцкі лёс падарыў мне колькі сімвалічных “колаў жыцця” — сустрэч праз гады з тымі, з кім сустракаўся, бачыўся, сябраваў менавіта ў гады вучобы ў нашай музшколе. Сярод такіх “колаў” мая сустрэча праз дваццаць гадоў пасля заканчэння школы з маім апошнім настаўнікам па скрыпцы ў школе Іванам Георгіевічам Гусенцавым. Мы ўсе й не маглі падумаць, што наш настаўнік Іван Георгіевіч партызаніў на Віцебшчыне. І вось я, каментатар Беларускага радыё, даведваюся, што ў маі 1975 года — года 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — у Мінск з’язджаюцца былыя партызаны, удзельнікі самадзейных партызанскіх ансамбляў, агітбрыгад, стваральнікі песень і вершаў пра партызанскую барацьбу. І ўявіце маё здзіўленне і радасць: у спісе ўдзельнікаў — імя майго настаўніка, былога байца партызанскай брыгады Аляксея, якую называлі так у гонар яе камандзіра Аляксея Фёдаравіча Данукалава, Героя Савецкага Саюза!

Вось у гэтай брыгадзе ў 1943 годзе ўзнік партызанскі ансамбль, у якім выступаў і наш настаўнік. А праславіўся скрыпач і самадзейны кампазітар Іван Гусенцаў тым, што стварыў тады “Марш аляксееўцаў”, які і ўспомнілі былыя партызаны падчас сустрэчы.

Іван Георгіевіч у 1960-я гады з Гродна неўзабаве з жонкай Н. Серыкавай (дарэчы, выкладчыцай тэорыі музыкі ў нашай школе) пераехаў ва Украіну…

І якія гэта імёны!

Як журналіст, у розныя часы з асаблівым пачуццем ствараў матэрыялы, звязаныя з творчасцю землякоў — выпускнікоў нашай школы. І якія гэта імёны! Браты Юрый (піяніст) і Віктар (скрыпач) Гільдзюкі, сыны Мікалая Георгіевіча Гільдзюка, трэцяга дырэктара нашай школы. Юрый — заслужаны артыст рэспублікі, прафесар Акадэміі музыкі, нязменны мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі дзясяткі гадоў. Плеяда кампазітараў розных узростаў — Віктар Войцік, заслужаны дзеяч мастацтваў рэспублікі, прафесар Акадэміі музыкі, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў. Народны артыст рэспублікі, кампазітар, мастацкі кіраўнік ансамбля “Бяседа” Леанід Захлеўны. Стваральнік эпахальных спектакляў Музычнага тэатра, кампазітар Уладзімір Кандрусевіч. Нясціпла крыху, але ж трэба ўзгадаць і імя майго малодшага брата Яканюка Вадзіма Лявонавіча: датэрмінова скончыў гарадзенскую музычныю школу, Гродзенскую музвучэльню, стаў лаўрэатам конкурсу піяністаў — навучэнцаў музвучылішч рэспублікі. Затым — кансерваторыя, аспірантура. Акадэмік Беларускай акадэміі адукацыі і міжнародных акадэмій вышэйшай школы. Быў першым прарэктарам Акадэміі музыкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры Акадэміі музыкі, галоўны спецыяліст па псіхалогіі ў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. Яго сын, Аляксандр Яканюк, — скрыпач і дырыжор, скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі, аспірантуру, лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар Кёльнскага ўніверсітэта. Увосень сёлета быў дырыжорам ужо другога аўтарскага канцэрта маскоўскага кампазітара Ігара Крутога ў Дзюсельдорфе. Сваіх двух сыноў Аляксандр Яканюк традыцыйна далучае да Свету Музыкі: дынастыя, што закладзена ў нашай гарадзенскай школе.

І спіс выдатных суайчыннікаў — выхаванцаў гарадзенскай Альма-матэр доўгі. Я ж узгадаў толькі тых з амаль пяці тысяч выпускнікоў школы, з кім вучыўся і з кім мяне спалучыў мой прафесійны лёс і жыццё.

А ў заключэнне з радасцю і глыбокай удзячнасцю канстатую, што падмуркам усіх маіх прафесійных адгалінаванняў, жыццёвым апірышчам была Музыка і высокая духоўнасць, якую яна ўтрымлівае і спараджае ў людзей. А гэта ўсё было распачата і ствараецца сёння ў слаўнай музычнай школе № 1 Гродна — нашай Alma-mater.

Данат ЯКАНЮК, кандыдат філасофскіх навук