Век наяўны і век мінулы

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага нядаўна праходзіла выстава-конкурс графічных работ “Графіка года”. Пачатак гэтаму праекту пакладзены ў 2017 годзе. Сёлета выстава ўжо трэцяя.

/i/content/pi/cult/776/16764/015.JPGВыстава задумвалася як творчае спаборніцтва прафесіяналаў з мэтай маніторынгу сучаснага стану беларускага графічнага мастацтва і выяўлення найбольш перспектыўных плыняў і напрамкаў. Арганізатары выставы называюць яе чарговай прыступкай да правядзення першага ў нашай краіне міжнароднага трыенале графікі. Пры наяўнасці такой перспектывы “Графіка года” становіцца яшчэ і спробай суаднесці, так бы мовіць, хатнія напрацоўкі з міжнароднымі трэндамі; выявіць, што з нашага сучаснага нацыянальнага набытку будзе актуальным і па-за межамі Беларусі.

Удзел у выставе бралі больш як трыццаць мастакоў. Тым, хто сочыць за працэсамі, што адбываюцца ў нашым мастацтве, іх імёны збольшага знаёмыя. Гэта творчая моладзь, якая імкнецца мець непаўторнае і адначасова пазнавальнае аблічча ў вачах публікі і сказаць пра адвечнае новымі словамі. А таксама людзі з папярэдняга пакалення, якія, здаецца, зусім нядаўна лычыліся маладымі — а глядзіш, ужо і класікамі сталі. Стасункі гэтых пакаленняў не ўпісваюцца ў схему “настаўнікі — вучні”. Я нават не ведаю, хто ў каго сёння вучыцца — моладзь у старэйшых ці наадварот.

Рэч у тым, што з’яўленне новых тэхналогій у графічным мастацтве і, адпаведна, сцвярджэнне на іх аснове новай эстэтыкі паўплывалі на звыклую каштоўнасную шкалу як у прафесіянальным асяродку, так і сярод неабыякавай да мастацтва грамады. Па-ранейшаму ў пашане прафесіяналізм і майстэрства. Інакш кажучы, хто ўмее добра маляваць, сваю публіку знойдзе. Але ж канкурэнцыю афорту, літаграфіі, акварэлі ўжо складаюць тэхнікі, дзе аловак, пэндзаль, шціхель, афортная ігла непатрэбныя па вызначэнні. Лічбавы друк, камп’ютарная графіка — гэта рэаліі новага часу, і тут перавагу мае моладзь, здольная хутка засвойваць навацыі. Цікава, што калі да графікі як формы самавыяўлення звяртаюцца прадстаўнікі іншых творчых цэхаў — скульптары ці жывапісцы, дык яны звычайна аддаюць перавагу гэтым новым тэхналогіям.

Аднак, нельга не заўважыць, што пасля мастакоўскага захаплення абстрактнымі і абстрагаванымі формамі, пасля эксперыментаў з фактурамі, разнастайнымі тэхнічнымі эфектамі ківач папулярнасці пайшоў у бок прадметнасці, фігуратыўнасці і сюжэтнасці. Пра тое ж сведчаць і паспяховыя абароны дыпломаў на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Амаль адначасова з выставай у Галерэі Савіцкага вялікая выстава беларускай графікі, прысвечаная 90-годдзю нашага класіка Арлена Кашкурэвіча, праходзіла ў Палацы мастацтва. Быў на ёй і раздзел, дзе прадстаўлялі творы самога мэтра. Так што мелася магчымасць параўнаць “наяўны век і век мінулы”. З 1960-х гадоў, калі Арлен Міхайлавіч зрабіў свае першыя шэдэўры, шмат што змянілася ў нашым жыцці. Адпаведна, і ў мастацтве. Відавочна, што брэндам нашай графікі застаецца высокі прафесіяналізм. На абедзвюх выставах ёсць работы, каля якіх хочацца спыніцца і доўга разглядаць, захапляючыся майстэрствам аўтара. Толькі ці прыгадаю я іх праз тыдзень, месяц, год… А работы спадара Арлена, ягоны брутальны штрых, урэзваецца ў памяць назаўсёды. Як афортная іголка ў металічную пласціну.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"