Прафесар Рыгор Баравік глядзеў у Слоніме прэм’еру

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

У дзяржаўнай установе культуры “Слонімскі драматычны тэатр” адбылася прэм’ера — спектакль “Дом Бернарды Альбы” па п’есе іспанскага класіка Федэрыка Гарсіі Лоркі. Спектакль паставіў рэжысёр тэатра Сяргей Яскевіч.

/i/content/pi/cult/776/16763/014.JPGСюжэт спектакля незвычайны і многія аматары сцэнічнага мастацтва яго добра ведаюць. Але нагадаю яшчэ раз. Пасля смерці мужа Бернарда Альба (артыстка Вікторыя Міхальчык) аб’яўляе ў доме жалобу і разам з пяццю дочкамі, ролі якіх сыгралі артысткі тэатра Наталля Шугай, Марына Рубель, Наталля Кліменка, Дзіяна Федасевіч, Галіна Ерамейчык, хаваецца ў сценах свайго дома. Маці абмяжоўвае свабоду дзяўчат, якія не могуць распараджацца сабой і адчуваюць сябе, нібы іх пахавалі жывымі. Да старэйшай з сёстраў сватаецца Пепе — “самы відны тутэйшы хлопец”. Але сапраўднае каханне ён адчувае да малодшай Адэлі, якая таксама моцна закахалася ў яго. Вось тут і пачынаецца драма жыцця. У спектаклі толькі жаночыя героі, якія выконвае ансамбль вядучых актрыс тэатра і, вядома ж, маладых.

Спектакль у Слоніме выклікаў неадназначную рэакцыю гледачоў, бо адным ён спадабаўся, іншым — не вельмі. Але “жаночая” п’еса дала магчымасць паказаць самыя розныя варыянты характараў, тэмпераментаў і ўзростаў. Падчас спектакля адчуваюцца эпізоды няпростага прыватнага жыцця багатага іспанскага дома, якія момантамі проста выліваюцца ў глядзельную залу. Ды і сама Бернальда Альба выглядае далёка не тыранам, але строгаю жанчынай, якая патрабуе ад сваіх дачок перажыць час жалобы. Ды і дочкі выглядаюць нейкімі млявымі, нібыта іх нехта напалохаў. Адна з іх выглядае запалоханай, другая замучанай, а трэцяя проста гультайнічае… А ёсць і такія, якія на сто працэнтаў у душы пагаджаюцца з маці...

На прэм’еры спектакля ў Слонімскім драмтэатры пабываў беларускі тэатральны рэжысёр прафесар Рыгор Баравік, які станоўча выказаўся пра новую працу калектыву і адзначыў, што спектакль у пастаноўцы слонімскіх артыстаў зацікавіць многіх гледачоў і прынясе пэўнае задавальнне. Тым больш, што рэжысёр спектакля Сяргей Яскевіч і выканаўца Бернарды Альбы актрыса Вікторыя Міхальчык — былыя студэнты вядомага рэжысёра.

Падчас абмеркавання спектакля Рыгор Іванавіч спыніўся на кожнай ролі ў спектаклі, правёў спецыяльны ўрок рэжысуры сярод вопытных майстраў сцэны і маладых акцёраў. За што калектыў тэатра яму вельмі ўдзячны.

Сяргей ЧЫГРЫН