Захавальнікі памяці

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

23 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе круглы стол “Супрацоўніцтва дзяржаўных музеяў і прыватных калекцыянераў: сучасны стан і перспектывы”. Мерапрыемства з’яўляецца адным са складнікаў выставачнага праекта “Захавальнікі памяці: музеі і калекцыянеры”.

Дадзены праект прысвечаны гісторыі фармавання прыватных калекцый, якія сталі сёння часткай музейных збораў. Тэмы для абмеркавання: захаванне і прэзентацыя помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыя сумесных выстаў, перамяшчэнне каштоўнасцяў за мяжу.

Удзел у мерапрыемстве будуць браць калекцыянеры, музейныя супрацоўнікі, спецыялісты Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Мяркуецца таксама прэзентацыя выставы “Усход-Захад” (калекцыя твораў усходняга і заходнееўрапейскага мастацтва князёў Дандуковых-Корсакавых), каталога выставы “Захавальнікі памяці…”, выпуск якога стаў магчымым пры фінансавай падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея кампаніі Джапан Табака Інтэрнэшнл ЭсЭндДзі.

У працяг тэмы — навіна з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Тут працуе выстава “Аб падарунках і дарах”. З першых дзён работы ўстановы (1944 год) і па сёння фонды папаўняюцца прадметамі і калекцыямі, перададзенымі музею ў дар. Да прыкладу, у 1994 годзе перададзены прыватны збор Івана Галькевіча, які ўтрымліваў больш за сем тысяч прадметаў і стаў падмуркам для стварэння Музея Прыватных калекцый — філіяла абласнога краязнаўчага. У розны час у музейны фонд перададзены прадметы з прыватных калекцый Міхаіла Калкова, Вадзіма Кузьміна, Аляксандра Мемуса і многіх іншых. Гаворка пра прадметы археалогіі, нумізматыкі, сфрагістыкі і фалерыстыкі, узоры мастацтва і побытавыя рэчы, а таксама прадметы, звязаныя з жыццём і творчасцю Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Івана Салерцінскага, Міная Шмырова, Стэфаніі Станюта. Асобнае месца займаюць карціны, графічныя накіды віцебскіх мастакоў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"