Сакрэты пад нагамі

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Зямля беларуская поўніцца напамінамі аб мінуўшчыне — прычым не толькі ў пераносным, а і ў самым прамым сэнсе. Пастаянна прыходзяць весткі аб усё новых і новых археалагічных знаходках — і не абавязкова зробленых навукоўцамі падчас мэтанакіраваных даследванняў. Часта артэфакты мінулых стагоддзяў паказваюцца з-пад зямлі падчас будаўнічых і земляных работ, а ўвагу на іх звяртаюць нават простыя мінакі. Прычым адбываюцца такія знаходкі не дзе-небудзь у дрымучых лясах ці аддаленых вёсках, а ў самым цэнтры сталіцы! Дзіву даешся, як толькі здолелі яшчэ захавацца ў мінскай зямлі матэрыяльныя сведчанні гісторыі — прытым, што горад, а тым больш яго гістарычны цэнтр, зазналі на працягу ўсёй сваёй гісторыі безліч разбурэнняў і перабудоў, пры якіх часта змяняўся не толькі выгляд гарадскіх вуліц, але нават сам рэльеф зямной паверхні.

/i/content/pi/cult/776/16758/07.JPGЯк бывае цяпер…

Сёлета ўвесну на мінскай вуліцы Кірыла і Мяфодзія адкрыўся археалагічны музей — як філіял Музея гісторыі горада. Значную частку яго экспазіцыі складаюць знаходкі, зробленыя акурат у гэтых ваколіцах, у гістарычным цэнтры Мінска, пачынаючы ад прадметаў амаль тысячагадовай даўніны. Ды й само месца, дзе знаходзіцца музей, абранае нездарма — тут захаваліся падмуркі манастыра бернардынцаў з XVIII стагоддзя. Але археалагічныя знаходкі працягваюць з’яўляцца з-пад зямлі ў ваколіцах музея і ў нашыя дні. Больш за тое — сёлета ў кастрычніку мінчукі са здзіўленнем знаходзілі археалагічныя артэфакты на Зыбіцкай вуліцы проста пад нагамі: аскепкі керамічнага посуду, кафлі. Высветлілася, што тут нядаўна праводзілі земляныя работы і патрывожылі культурны слой.

А вось, нібыта, падобны — але больш пазітыўны выпадак. Яшчэ ў 2012 годзе пры будаўніцтве аднаго з гандлёвых цэнтраў на паўднёвым захадзе Мінска былі знойдзеныя археалагічныя артэфакты, якія адносяцца да ХІ — ХІІ стагоддзяў. Пра знаходку адразу ж паведамілі ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, туды ж перадалі і асноўную частку адшуканага. Работы прыпыняліся для правядзення раскопак. Але найбольш цікава, што пасля ў самім гандлёвым цэнтры, дзе засталася частка археалагічных артэфактаў, з іх стварылі экспазіцыю, якая распавядае наведвальнікам аб гісторыі гэтага месца. Варты прыклад для пераймання!

…і як бывала раней

Зрэшты, пра каштоўныя гістарычныя знаходкі ў цэнтры Мінска я сам чуў з дзяцінства — яшчэ мой дзядуля, які рос у першыя пасляваенныя гады на плошчы Свабоды, распавядаў, як у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў, падчас перабудовы кафедральнага касцёла на спартзалу, ён, яшчэ будучы школьнікам, з сябрамі знайшоў між будаўнічага смецця невялікі скарб з залатых манет часоў Расійскай імперыі. Знаходка дужа прыдалася ў тыя галодныя гады — здаўшы золата дзяржаве, за атрыманае ўзнагароджанне сем’і малых скарбашукальнікаў здолелі набыць добрую вопратку і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

Але гэта золата — відавочная, матэрыяльная каштоўнасць. А колькі распавядаў дзед аб старадаўніх рукапісах, кнігах, марках і банкнотах, якімі ледзь не засыпаная была ўся плошча Свабоды і яе ваколіцы. А ўжо на гарышчах навакольных будынкаў якіх толькі цікавостак можна было знайсці! Тут трапляліся і старадаўнія музычныя інструменты, і сцягі з харугвамі, і вайсковыя ўніформы мінулых стагоддзяў. Усё гэта выклікала цікаўнасць у малых мінчукоў, але часта было непатрэбна дарослым, якія папросту не звярталі на такія рэчы ўвагі. Які быў далейшы лёс тых артэфактаў? — заўжды непакоіўся я, слухаючы дзедавы расповеды. Не дае мне спакою гэтае пытанне і цяпер.

/i/content/pi/cult/776/16758/08.JPGЛуцэвічы і Луцкевічы

Не так даўно ў скверы імя Янкі Купалы, што ў цэнтры Мінска, пачаліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Побач пралягае вуліца Янкі Купалы, у скверы знаходзіцца музей, прысвечаны класіку — усё тут звязанае з іменем Народнага паэта. І невыпадкова, бо ў міжваенныя гады дом, дзе жыў Янка Купала, стаяў акурат у гэтым месцы. На жаль, ён згарэў ад пажараў, выкліканых нямецкімі бомбамі ў першыя дні вайны, і сёння цяжка нават вызначыць, дзе менавіта знаходзілася жытло паэта, якое ў даваенную пару прыцягвала мноства таленавітых і вядомых гасцей. Але факт, што будынак сучаснага музея паўстаў у 1959 годзе вельмі блізка ад гэтага месца.

Уся тэрыторыя сквера да вайны была шчыльна забудаваная — праўда, збольшага драўлянымі аднапавярховымі дамамі. Інтэрнацыянальная вуліца перасякала сённяшнюю Янкі Купалы (тады апошняя звалася Пралетарскай) і ішла далей уздоўж Свіслачы, а на тэрыторыі сённяшняга сквера ад яе перпендыкулярна, у бок сённяшняга праспекта, адыходзіла вуліца Садовая. Акурат ля гэтага паварота стаялі два дамы, якія належалі яшчэ адной вядомай сям’і, што адзначылася ў гісторыі нацыянальнага адраджэння — Луцкевічам. Летась побач з гэтым месцам быў усталяваны памятны камень. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы сёлета праходзіла выстава, прысвечаная славутаму дзеячу беларускага руху Івану Луцкевічу — тут не забываюць аб непарыўнай сувязі лёсаў дзвюх суседскіх сем’яў.

Таму, калі на тэрыторыі сквера пачаліся земляныя работы, на іх не змог не звярнуць увагу вядучы навуковы супрацоўнік Купалаўскага музея Павел Каралёў. Выявілася, што падчас капання траншэяў для адводу вады і пракладкі новых сцежак будаўнікі натрапілі на падмуркі будынкаў, якія стаялі тут яшчэ напрыканцы 1950-х. Зверыўшыся з архіўнымі планамі квартала, можна ўпэўніцца, што гэта — падмуркі двухпавярховай лазні Плаўскага і двух дамоў, што некалі належалі Луцкевічам. Гэтыя будынкі, дарэчы, былі аднымі з нямногіх, што перажылі пажары чэрвеня 1941-га — сямейнае паданне сведчыць, што адзін са сваякоў Луцкевічаў паваліў насустрач агню плот, чым уратаваў невялічкі квартал драўлянай забудовы ля ракі.

Падмуркі адраджэння

Апошнія тыдні Павел Каралёў, прыходзячы на працу, заадно абыходзіць следам за будаўнічай тэхнікай траншэі ў скверы. У паднятай экскаватарамі зямлі чакаюць цікавыя знаходкі — рэшткі кафлі, посуду, прадметы побыту, якія па розных прыкметах датуюцца ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя, ёсць нават фрагмент, які археолагі адносяць да XVII стагоддзя. Можна пагадзіцца, што артэфакты не самыя старажытныя ды каштоўныя матэрыяльна — але ж іх важнасць перадусім палягае ў тым, дзе яны знойдзеныя. Гэтыя рэчы цалкам маглі належаць менавіта тым людзям, якія тут жылі — і роду Луцкевічаў, і нават сям’і Янкі Купалы. Акрамя таго, яны каштоўныя ўжо як сведчанні аб самім гэтым месцы, дзе перапляліся жыццёвыя шляхі выдатных дзеячаў беларускай культуры.

Музейшчыкі глядзяць на гэтыя рэчы як на патэнцыйныя музейныя прадметы, якія маглі б легчы ў аснову экспазіцыі, прысвечанай гісторыі квартала. На думку Паўла Каралёва, музеефікацыі патрабуюць і падмуркі дамоў, звязаных з гісторыяй сем’яў Луцэвічаў і Луцкевічаў. Калі б гэтыя фундаменты былі пазначаныя на паверхні зямлі ў скверы, альбо нават выведзеныя для агляду і адпаведным чынам экспанаваныя, гэта дазволіла б канкрэтызаваць уяўленні наведвальнікаў музея аб месцы, дзе жыў паэт, кім былі яго суседзі, дзе яны любілі бавіць час — захаваліся сведчанні, што Янка Купала любіў наведаць лазню Плаўскага, зберагліся таксама і апісанні інтэр’ераў дамоў Луцкевічаў.

Па тэрыторыі сквера лягчэй было б вадзіць экскурсіі, паказваючы, дзе і што менавіта знаходзілася тут яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Каб дасягнуць гэтага, на думку Паўла Каралёва, варта было б надаць месцу, дзе стаялі дамы Луцкевічаў, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, так, як гэта адбылося з месцам у Мінску, дзе стаяў родны дом Максіма Багдановіча, а таксама правесці археалагічныя раскопкі — адпаведныя звароты ўжо рыхтуюцца. Каралёў таксама падкрэслівае, што гэтыя мясціны звязаныя і з трагедыяй першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, яны ці не першымі пацярпелі ад нямецкіх бомбаў — таму тут варта ўшанаваць памяць і аб такім трагічным эпізодзе ў гісторыі гэтага кутка сталіцы.

Цені продкаў

Яшчэ адзін падобны выпадак здарыўся ў Мінску напрыканцы лістапада — але гэтым разам пры правядзенні земляных работ у скверы па Калектарнай вуліцы былі знойдзеныя не падмуркі ці артэфакты, а чалавечыя парэшткі. Рэч у тым, што на месцы гэтага сквера размяшчаліся яўрэйскія могілкі, надмагіллі з якіх руйнаваліся і знікалі з 1970-х і аж да пачатку 1990-х гадоў. Цяпер, калі магілы былі патрывожаныя падчас пракладкі камунікацый для пабудовы новай лініі метрапалітэна, гарадская пракуратура Мінска звярнулася ў гарвыканкам з просьбай разгледзець магчымасць надання тэрыторыі могілак статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэтае месца звязанае і з трагічнай гісторыяй нацысцкай акупацыі: на тэрыторыі могілак адбываліся масавыя забойствы і пахаванні вязняў гета.

А вось па-за Мінскам апошнія навіны не такія аптымістычныя. Так, на мінулым тыдні пры добраўпарадкаванні тэрыторыі, прылеглай да замка Сапегаў у Гальшанах, што ў Ашмянскім раёне, быў патрывожаны магільнік XIV стагоддзя, прычым адно пахаванне было знішчанае будаўнічай тэхнікай, яшчэ два пашкоджаныя, і захавалася толькі адно. Археалагічныя артэфакты і людскія парэшткі выявіў выпадковы сведка — археолаг Яўген Уласавец, які перадаў навіну былым калегам у Інстытут гісторыі НАН, і толькі тады работы былі спыненыя. На жаль, усё склалася такім чынам акурат з-за таго, што падчас гэтых работ адсутнічаў археалагічны нагляд, не кажучы аб папярэднім археалагічным даследаванні тэрыторыі — хаця пра існаванне могільніка было вядома яшчэ з ХІХ стагоддзя. Цяпер археолагі праводзяць раскопкі і спрабуюць уратаваць рэшткі могільніка. Тут ужо знойдзены шэраг цікавых артэфактаў — нож у похвах, срэбны пярсцёнак, фібула…

Такіх прыкрых памылак усё-ткі варта пазбягаць, і дбаць аб гэтым загадзя — асабліва, калі земляныя работы плануюцца ў знакавых гістарычных мясцінах. Зрэшты, як бачым, у Беларусі кожны лапік зямлі яшчэ можа хаваць невядомыя нам сакрэты. Аб гэтым варта памятаць, каб не страціць каштоўныя сведчанні мінулага.