Адраджэнне ці стагнацыя?

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

95 гадоў беларускаму кіно: кропка рэфлексіі
Калі святкаванне гучнай даты айчыннага кіно дасягнула сваёй кульмінацыі — 17 снежня, самы час спыніцца на вяршыні гары, каб агледзець навакольны кіналандшафт непрадузятым позіркам. Што ж адбываецца ў нашым кіно напрыканцы юбілейнага года? Шукае кірунак свайго далейшага развіцця кінастудыя “Беларусьфільм”, гучныя перамогі на міжнародных кінафестывалях святкуюць маладыя аўтары са створанымі ў кааперацыі стужкамі, рэспубліканскі кінавідэапракат паволі паварочваецца да сваіх кінавытворцаў і выпускае беларускія фільмы ў кінапракат, вялікія і камерныя кінафестывалі з жарсцю змагаюцца за свайго гледача… Каб зафіксаваць бягучы момант у нашай кінаіндустрыі, “К” звярнулася да самых розных прадстаўнікоў кінасупольнасці з просьбай адказаць на тры пытанні. 1. Якую падзею, фільм у беларускім кіно апошніх гадоў (ці года) вы маглі б вылучыць? 2. На якім этапе, на ваш погляд, зараз знаходзіцца беларускі кінематограф? 3. Што вы маглі б пажадаць айчыннаму кіно? Вынікі невялікай апытанкі выявілі дасягненні і балявыя кропкі нашага кіно ды здзівілі пэўнымі агульнымі перажываннямі і хваляваннямі. З іншага боку, адказы вызначылі і галоўную станоўчую тэндэнцыю гэтага года — разуменне агульнай прасторы беларускага кіно. Перад вамі, калі хочаце, сеанс калектыўнай рэфлексіі з нагоды сыходзячага, 2019 года, калі наш кінематограф адсвяткаваў такі значны адрэзак свайго жыцця.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-1S.jpgЮрый ІГРУША, начальнік аддзела маркетынга, рэалізацыі і рэкламы кінастудыі “Беларусьфільм”:

1. Падзея апошніх гадоў для мяне — гэта, безумоўна, стужка “Купала” Уладзіміра Янкоўскага. Янка Купала — вядома, знакавае імя для Беларусі, наш брэнд, і можна тут адно здзіўляцца, што толькі зараз мы дабраліся да адлюстравання лёсу гэтай выбітнай асобы ў ігравым кіно. Я спадзяюся, што “Купала” адкрые новыя дзверы ў нашу гісторыю, багатую на знакавыя постаці ў культуры, навуцы, іншых сферах.

2. Беларуская кінематаграфія ўвесь час зведвае ўзлёты і падзенні. Зараз хутчэй яна ідзе на ўзлёт. На сённяшнім свяце кіно Нацыянальная кінастудыя выступае на пляцоўцы Дома кіно разам з незалежнымі кінакампаніямі. Мы разумеем, што беларускае кіно — справа агульная, а не толькі “Беларусьфільма”. Гэта даўно ўжо пара было зрабіць. Калі кінапрадукцыя прэзентуецца за межамі Беларусі, аб канкурэнцыі паміж сабой не можа ісці і гаворкі: тут важна выступаць згуртавана, бо гэта ўздымае ўзровень беларускага кіно.

3. Галоўнае пажаданне нашым аўтарам — быць больш смелымі. Адыходзіць ад кансерватыўнага падыходу. Кіно нарадзілася як эксперымент і рухае яго далейшы пошук і смеласць. Не трэба баяцца на гэтым шляху правалаў, бо, адкрываючы новыя грані, мы рухаемся далей.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-2S.jpgНаталля АГАФОНАВА, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI:

Спачатку невялічкая прэамбула. Звычайна, дзень нараджэння нацыянальнай кінематаграфіі — гэта першы публічны кінасеанс першага (ігравога ці дакументальнага) фільма. Паводле словаў дырэктара музея беларускага кіно Ігара Аўдзеева, першы паказ гледачу (па квітках) першага беларускага ігравога фільма “Лясная быль” адбыўся 26 снежня 1926 года ў кінатэатры “Культура” (Мінск). Мы ж ушаноўваем дату стварэння трэста “Белдзяржкіно”. Не ведаю, нават, ці ёсць падобныя парадаксальныя аналогіі. Такім чынам, да рэальнага 95-годдзя беларускага кіно яшчэ пара гадоў (усміхаецца).

1. Апошнія чатыры гады самымі цікавымі для мяне з’яўляюцца фільмы, якія ствараюцца без дзяржаўнай фінансавай падтрымкі і, як правіла, па-за межамі Нацыянальнай кінастудыі. Словам, тое, што прынята называць незалежным кіно. Яно — з’ява заканамерная і актуальная. Чаму? Вопыт беларускага кіно — гэта вопыт перадусім савецкага кіно: тэматыка, стылявыя напрамкі, фінансаванне кінавытворчасці, сістэма кінапракату. Але гэты вопыт скончыўся амаль 30 гадоў таму. І менавіта незалежнае наша кіно асвойвае сучасныя падыходы на ўсіх узроўнях — іншае бачанне рэчаіснасці і іншыя спосабы расповеду пра яе, прадзюсарскія і дыстрыб’ютарскія мадэлі.

Мая тройка фільмаў 2019 года з гэтай плыні — дакументальны “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа, ігравыя — “Возера радасці” Аляксея Палуяна і “ІІ” Улады Сяньковай.

“Чыстае мастацтва” зроблена ў рэчышчы Creative Documentary (то-бок аўтар адштурхоўваецца ад уласнай ідэі, а не ад героя і назірання за ім). Бліжэйшы аналаг — “25” Андрэя Куцілы.

“Возера радасці” — сапраўдны мастацкі твор. Гэта не проста гісторыя пра сіроцтва дзяўчынкі, але іншасказанне пра “птушак без гнёздаў”. Страта дому-“гнязда” — нярэдкі лёсавызначальны паварот у экзістэнцыі беларусаў, звычайна затоплены ў Маўчанні.

“ІІ” Улады Сяньковай — моцная фільммэйкерская работа і па драматургіі, і па рэжысуры. Тым больш, калі ведаць пра шматлікія “чырвоныя сцяжкі”, што абмяжоўвалі яе магчымасці.

2. Наш дзяржаўны кінематограф захрас у эпосе “малакарціння” (адпаведны перыяд савецкага кіно канец 1940-х — сярэдзіна 1950-х гадоў). Проста канстатую факт — без аніякай ацэнкі. Дадам, што гаворка не толькі пра колькасны крытэрый.

Усе мы чакаем прэм’еру “Купалы” — сапраўды з’яву неардынарную для “Беларусьфільма”. Ці зрушыць гэты фільм Нацыянальную кінастудыю з якара? У мяне песімістычнае бачанне.

3. Пажаданні? Мадэрнізацыі па ўсім спектры — ад вытворчасці да мыслення.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-3S.jpgВоля ЧАЙКОЎСКАЯ, прадзюсар, заснавальніца і дырэктар фестывалю “Паўночнае ззянне”:

1. Пачну з асабістых праектаў.

Для мяне знакавай падзеяй за апошнія гады стаў мой дэбютны прадзюсарскі фільм “Дарога” піцерскага рэжысёра Дзімы Калашнікава вытворчасці маёй кампаніі — Volia Films. Лічу, што гэта першы прыклад, калі незалежная беларуская прадзюсарка выйшла на міжнародны кінарынак. “Дарога” стала штуршком для мяне ў сэнсе не толькі асабістага, але і прафесійнага росту як фільммэйкеркі, ды таксама, у пэўным сэнсе, прэцэдэнтам у Беларусі, калі пра кіно і прадзюсарскую працу загаварылі наогул. Тое, што фільм быў класіфікаваны на прэмію “Оскар”, — для мяне было надзвычай натхняльным знакам.

Сёлета кінафестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” споўнілася пяць гадоў. Я рада, што кінафорум займае значнае месца ў кінематаграфічным жыцці краіны, і што разам з цудоўнай камандай (якая можа звярнуць горы!) мне ўдаецца без падтрымкі з боку дзяржавы рабіць кінафестываль, на які прыязджаюць замежныя госці, з праграмы якога беларускія гледачы і рэжысёры могуць запазычыць столькі ўсяго цікавага, які нясе і падзяляе каштоўнасці роўнасці, салідарнасці і ўзаемападтрымкі.

Ды яшчэ не магу не адзначыць рэлізы двух фільмаў, да якіх я спрычынілася як прадзюсар: “Мая бабуля з Марса” Аляксандра Міхалковіча і “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа. “Чыстае мастацтва” паспяхова прайшоў у пракаце ў Мінску і быў запрошаны ў Нацыянальны конкурс “Лістапада”. “Мая бабуля з Марса” займела беларускую прэм’еру на “Паўночным ззянні”, але сёлета таксама была паказаная ў конкурсе Мінскага Міжнароднага кінафестывалю. Прэцэдэнт мінулага года, калі тры стужкі (у тым ліку, “Мая бабуля з Марса”) не трапілі ў Нацыянальную праграму кінафоруму, быў вычарпаны.

Падзеі істотныя для кіно Беларусі ў цэлым.

Прарыў фільма “Крышталь” Дар’і Жук. Даша паказала ўсім, што ўсё магчыма. Мне здаеццца, што кейс “Крышталя” (а таксама і маёй дакументальнай стужкі “Дарога” — два кінатворы былі класіфікаваныя на “Оскар” у адзін год, але ў розных катэгорыях) стварыў у Беларусі пэўны канкурэнтны асяродак. Маўляў, і мы таксама так хочам. Беларусы троху заварушыліся. Гэта добра.

Перамога дакументальнага фільма Summa Андрэя Куцілы на IDFA, а таксама рэлізы некалькіх незалежных карцін: напрыклад, “II” Улады Сяньковай і “Возера радасці” Аляксея Палуяна. Рэспектую.

Стварэнне і дзейнасць Гільдыі незалежных кінапрадзюсараў і кінавытворцаў на чале з Канстанцінам Вараб’ём, у раду якой я ўваходжу разам з іншымі прадзюсарамі. Гільдыя займаецца адвакацыяй зменаў у заканадаўстве Беларусі ў галіне кіно.

2. Этап, на якім зараз знаходзіцца наша кіно, я б назвала пачатковым. Беларускі кінематограф у ізаляваным становішчы адносна міжнароднага кантэксту, будзем шчырымі. У нас няма празрыстай сістэмы фінансавання мясцовых кінапраектаў і мясцовых кінафестываляў, няма развітога кінарынку, і нават няма інстытута прадзюсіравання як такога. Мы толькі-толькі пачынаем неяк заяўляць пра сябе ў межах найноўшага часу. І з большага, ініцыятыва пабудовы кінаіндустрыі сыходзіць з боку незалежных прадзюсараў і рэжысёраў. Спадзяюся, што наша “ініцыятыва знізу” будзе пачутая дзяржавай і прынамсі Міністэрствам культуры, станоўча ацэненая і падтрыманая. Тады з пачатковага стану мы зможам перайсці ў стан канструктыўнага дыялогу і стварыць нармальнае поле для супрацоўніцтва.

3. Хачу пажадаць айчыннаму кіно салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Ставіцца з павагай да таго, што робяць калегі, і цаніць працу адзін аднаго, весці дыялог, спрабаваць зразумець патрэбы свае і іншых — гэта стваральны падыход, які дапаможа нам разам выйсці на новы ўзровень. Гэтыя пажаданні я адрасую і прадзюсарам, якія атрымліваюць дзяржаўнае фінансаванне ў Беларусі, і незалежным кінематаграфістам, і ўсім беларускім кінафестывалям. Жадаю нам усім жыць дружна.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-4S.jpgІгар СУКМАНАЎ,

праграмны дырэктар Мінскага Міжнароднага кінафестываля “Лістапад”, кінааналітык, сябра Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI:

1. Аддаю перавагу фільмам з мініяцюрнымі бюджэтамі, знятым незалежнымі аўтарамі, якія свой фінансавы недахоп пераўтвараюць у канцэптуальную перавагу. Асабліва, карцінам Юліі Шатун (“Заўтра”) і Мікіты Лаўрэцкага (пачынаючы з кароткаметражных работ, і заканчваючы “Сашыным пеклам”).

2. Жыццё толькі пачынаецца.

3. Прайсці іспыт “меднымі трубамі”.

 

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-5S.jpgКанстанцін ВАРАБЕЙ,

намеснік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно, прадзюсар:

1. Канешне ж, не магу не вылучыць фільмы “II” Улады Сяньковай, “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа, “Стрыптыз і вайна” Андрэя Куцілы. Гэтыя стужкі створаныя маладымі аўтарамі, і менавіта яны — сучасны сімвал беларускага кінематографа. З падзей вылучыў бы нашу лабараторыю СINEMA LAB з Wajda кінашколы. Яна ўразіла не толькі ўдзельнікаў, але і нас, як арганізатараў. Менавіта такія падзеі патрэбны зараз, каб падтрымаць маладых кінематаграфістаў.

2. Калі мы гаворым пра кінаіндустрыю, то зараз яе ў паўнавартасным сэнсе слова няма. Актуальная сістэма кінематаграфіі не ў стане падтрымаць таленавітых аўтараў. Прэзентуючы краіну за мяжой, жорстка сутыкаешся з тым, у якім ізаляваным стане знаходзіцца наша мадэль кінавытворчасці, калі амаль адсутнічаюць магчымасці міжнароднай кааперацыі. Нам патрэбная поўная перазагрузка сістэмы рэгулявання і падтрымкі кінапраектаў.

3. Смеласці і сіл — я пажадаў бы аўтарам. А вось кінаіндустрыі жадаю моцы зрабіць сістэму кінематаграфіі Беларусі сучаснай і здольнай падтрымаць таленавітых кінематаграфістаў. Наперадзе ў нас яшчэ шмат выклікаў.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-6S.jpgМітрый СЯМЁНАЎ-АЛЁНІКАЎ,

рэжысёр:

1. Стужка “ІІ” Улады Сяньковой.

2. Этап адраджэння.

3. Жадаю нашаму кіно стаць адважным, вострым, прафесійным.

 

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-7S.jpg

Святлана АНІКЕЙ,

актрыса:

1. Апошнія гады запомніліся супрацоўніцтвам з незалежнымі рэжысёрамі — Дар’яй Жук “Крышталь”, Андрэем Палуянам — “Возера радасці”, Андрэем Курэйчыкам — Liberte. Не магу вылучыць кагосьці з іх, таму што гэта цалкам розныя праекты і па ўзроўні фінансавання, і па падрыхтоўцы, але агульнае, што іх аб’ядноўвала — вялізнае жаданне зрабіць кіно, нягледзячы на ўсе перашкоды. Такі імпэт не мог не натхняць.

2. Беларускі кінематограф хутчэй знікае, на маю думку… Хоць і ёсць асобныя добрыя дзяржаўныя праекты, мяне ўсё ж не пакідае адчуванне, што яны нараджаюцца хутчэй насуперак, чым дзякуючы. Таму цяпер для мяне цікавей супрацоўнічаць з незалежнымі аўтарамі.

3. Як актрыса жадаю, каб у нашых фільмах здымаліся толькі беларускія акцёры. З годнымі стаўкамі. Жадаю, каб у добрыя сцэнарыі ўкладваліся прыстойныя сродкі. Ды каб болей маладых рэжысёраў здымала беларускае кіно.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-8S.jpgІгар АЎДЗЕЕЎ,

загадчык Музея гісторыі беларускага кіно, кіназнаўца:

1. Не магу не адзначыць такі цікавы факт. Сёлета 60-годдзе адзначала вядомая карціна Льва Голуба “Дзяўчынка шукае бацьку”. Мы ўсяляк папулярызавалі стужку, зрабіўшы адмысловы праект у Музеі гісторыі беларускага кіно, але тое, які яна выклікала рэзананс — перавысіла ўсе нашы чаканні. Не праходзіла ні тыдня, каб гэты фільм не заказваўся і не паказваўся ў тым ці іншым фармаце. Мы пераканаліся на ўласным досведзе, што і праз 60 гадоў гэты кінатвор усё яшчэ з’яўляецца падзеяй.

Таксама абапіраючыся на працу нашага Музея, магу вылучыць сярод пераваг гледачоў анімацыйны цыкл “Аповесць мінулых гадоў”, зроблены на кінастудыі “Беларусьфільм”. Неаднаразова пра вядомую серыю айчынных аніматараў пыталіся наведвальнікі, аднак сярод найбольш зацікаўленых у кінатворы аказаліся тры групы: настаўнікі беларускай мовы, прадстаўнікі турагенцтваў, замежнікі… Яны нават хацелі б набыць “Аповесць…” на дысках: хтосьці ў мэтах папулярызацыі мовы, хтосьці — адпаведна роднага краю, а замежныя госці — у якасці сувеніра. На жаль, мы не можам прадаставіць падобную паслугу. Безумоўна, гэты цыкл варты таго, каб назваць яго падзеяй у беларускім кіно — гэта сапраўдны нацыянальны прадукт.

У дакументалістыцы ўжо асабіста я вылучыў бы стужку Галіны Адамовіч “Лебедзі” пра працу хуткай дапамогі ў Светлагорску. Гэта ўражальны сацыяльны дакумент, зрэз нашага жыцця — якое яно ёсць. У аніякім разе фільм не вінен станавіцца асновай для зласлівасці, — ён зроблены з гуманных, стваральных пазіцый аўтарам, чалавекам, які хоча зрабіць жыццё лепей. Па сутнасці, перад намі — прамое выкананне доўгу рэжысёра-дакументаліста, і ў гэтым сэнсе Галіна Адамовіч вартая ўсялякай павагі і ўхвалы.

У ігравым кіно, на жаль, я ўсяго не бачыў, але з нецярпеннем чакаю прэм’еры карціны “Купала” Уладзіміра Янкоўскага.

2. На мой погляд, наш кінематограф яшчэ з 2000-га года знаходзіцца на пераходным этапе. Надта шмат кампрамісаў, што перашкаджаюць выхаду айчыннага кіно на “сталбавую дарогу”.

3. Чаго пажадаць? “Добрага надвор’я”.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-9S.jpgІрэна КАЦЯЛОВІЧ,

кінааглядальнік газеты “Звязда”, сябра Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI:

1. Фільмаў, вартых асаблівай увагі, хапае, але калі вылучаць, то “Заўтра” Юліі Шатун. Карціна з’явілася на экране што сцяганосец: калі сістэма фінансавання кінематографа паблажліва ставілася да незалежных аўтараў, а “прафесіяналы” і “майстры” з усіх бакоў настойвалі, што сапраўднае кіно даступнае толькі ім, раптам з’явілася стужка, якая даказала, што безбюджэтны фільм можа стаць куды больш магутным выказваннем за “бюджэтны”. Усё, што адбываецца ў беларускім кіно пасля “Заўтра”, толькі пацвярджае яго значэнне і айчынныя фільмы апроч групкі апантаных становяцца ўсё больш і больш цікавымі шырокаму колу гледачоў.

2. На ўсё тым жа этапе працяглай стагнацыі, але з пробліскамі. Фармальна ў сістэме беларускага кіно нічога не змянілася — схема дзяржаўнага фінансавання ўсё тая ж, датычныя сферы рашэнні прымаюцца па-ранейшаму, “Беларусьфільм” усё так жа забірае амаль усе вылучаныя на кінематограф грошы, а глядач з іх амаль нічога не мае. Але развіццё свету прыўнесла свае карэктывы. У выніку ў Беларусі з’явіўся шэраг аўтараў, якія ігнаруюць недаступную сістэму дзяржаўнай падтрымкі, робяць свае фільмы так ці інакш і ўдзельнічаюць з імі ў міжнародных кінафестывалях. Пробліскі гэтыя толькі паказваюць, што ў нас ёсць інтэлектуальны патэнцыял рабіць выдатнае кіно, але зусім не сведчаць, што з іх можа скласціся паўнавартасная індустрыя, а сусветны кінабамонд хутка загаворыць пра Новую беларускую хвалю. Без адпаведных сістэмных рашэнняў наш кінематограф застанецца ў стагнацыі, што будзе правілам, але з фільмамі-падзеямі, што будуць выключэннямі.

3. Свабоды: у першую чаргу ад патэрнаў кіно і вузкасці думкі, а ўжо ў другую чаргу — ад фінансавых абмежаванняў.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-10S.jpgВіктар АСЛЮК,

сябра Еўрапейскай кінаакадэміі, рэжысёр-дакументаліст:

Аформілася новая генерацыя ў беларускім кіно. Вось тое, на мой погляд самае важнае, што адбылося ў нашай кінематаграфіі за апошнія гады. Пра гэта мы мусім казаць нават болей, чым пра фільмы. Многія з гэтых маладых людзей — неафіты, некаторыя з іх — фэйсбучныя самарэкламшчыкі, многія — яшчэ не раскрыліся, але тое, сапраўды, новыя людзі з неблагім творчым патэнцыялам, і за імі зараз перспектыва. Праекты новай генерацыі далей будуць вызначаць будучыню нашага кіно. Ці здолеюць маладыя аўтары ў далейшым рэалізавацца менавіта тут, у Беларусі, ці з’едуць у іншыя кінематаграфіі — вось пытанне, якое павінна клапаціць дзяржаву. Ці будзе наша сістэма спрыяць развіццю свайго, нацыянальнага кінематографа, садзейнічаць сталенню гэтых маладых кінематаграфістаў, альбо тыя маладыя будуць блукаць па ўсім свеце ў пошуку сродкаў на ўласныя праекты — вырашэнне гэтай дылемы, па сутнасці, і вызначае далейшыя адказы на другое і трэцяе пытанні вашай апытанкі. Калі не будзе краіна ўкладвацца ў сваю індустрыю, — не будзе і свайго, менавіта нацыянальнага кіно. Будуць выпадковыя, напалову чужыя поспехі. Вось такое адчуванне, і такія развагі.

/i/content/pi/cult/776/16757/pages-8-9-11S.jpgВіктар ВАСІЛЬЕЎ,

старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі, акцёр:

1. Для мяне падзеяй года стаў, так бы мовіць, перазапуск нашай кінастудыі. Тое, што на “Беларусьфільме” запусціліся, здымаюцца самыя разнастайныя кінапраекты, дае нам, кінематаграфістам, спадзеў на будучыню. Плён працы рэжысёраў у поўным аб’ёме убачым толькі ў 2020 годзе, з нецярплівасцю чакаю ўсіх навінак.

Летась была зладжана і праведзена Нацыянальная кінапрэмія, — гэты пачын хацелася б адзначыць абавязкова. Ініцыятыва вельмі важная і патрэбная для нашай супольнасці, і нагадаю, што налета нас чакае другі “тур” падвядзення кінематаграфічных вынікаў (Прэмія ладзіцца раз на два гады — Д.А.). Нагадаю, у журы кінападзеі ўваходзіць больш за шасцьдзеясят чалавек — мяркую, што падобная лічба экспертаў прымушае лічыцца са статусам узнагароды.

У наша кіно прыйшлі маладыя аўтары — сёлета толькі і даводзілася чуць пра іх перамогі на міжнародных кінафестывалях. Я шчыра жадаю, каб на новае пакаленне звярнулі ўвагу і прапанавалі моладзі цікавыя праекты.

2. Наша кінематаграфія зараз знаходзіцца на этапе станаўлення — самастойнага незалежнага нацыянальнага кіно. Гэтым усё сказана.

3. Жадаю нашаму кіно развіцця, стварэння, дабрыні. Ды кожнаму нашаму фільму, незалежна ад таго, у сценах якой студыі ён зроблены, зычу поспеху і перамог.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"