Сімвалічны аповед пра Купалу

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

На мінулым тыдні адным купалаўскім месцам у свеце стала болей. На фасадзе гатэля “Карлтан” у Браціславе адкрылася мемарыяльная дошка ў гонар Песняра.

/i/content/pi/cult/776/16753/_opt.jpegГэта ўжо не першая падобная ініцыятыва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — летась мемарыяльны знак з’явіўся ў фінскім горадзе Іматра, у якім яшчэ будучы на той момант класік пабываў у 1910 годзе.

Браціславу Купала наведваў ужо на вяршыні славы — у 1935 годзе, у складзе афіцыйнай савецкай дэлегацыі. Як адзначыла дырэктар музея Алена Ляшковіч, паэт выступаў у ролі народнага дыпламата, спрыяючы ўсталяванню непасрэдных сувязяў паміж літаратурамі дзвюх краін. І закладзеную ім традыцыю (ранейшыя прыклады такіх сувязяў даследчыкам невядомыя) варта ўсяляк працягваць.

Якога ж Купалу могуць бачыць жыхары Браціславы і пастаяльцы шыкоўнага пяцізоркавага гатэля? Гэта шмат у чым залежыла ад аўтара мемарыяльнай дошкі — скульптара Паўла Вайніцкага.

— Гэта ўжо не першы мой мемарыяльны аб’ект, прысвечаны Купале, аднак працавалася над ім няпроста, — прызнаўся аўтар. — Я шмат чытаў, разважаў, неаднаразова перарабляў… Мне было вельмі важна зразумець, як павінен выглядаць герой нашай незалежнай краіны. Перакананы, што звяртацца да мастацкіх шаблонаў сацрэалізму, з яго спрошчанай натуралістычнай стылістыкай, сёння ўжо не выпадае. І тым болей такая стылістыка непрымальная для вобраза Янкі Купалы — хоць яна і адпавядае яго позняй творчасці, калі ён быў вымушаны змяніцца і даволі прымітыўнымі рыфмамі праслаўляць камунізм. Але для нас Купала — найперш складаны і рамантычны пясняр роднага краю.

Таму ў партрэце я вырашыў адмовіцца ад простага пераліку анатамічных падрабязнасцяў, ад сацрэалізму ўвогуле — і трактаваць кананічны вобраз больш вольна і эмацыйна. Тут нібы ўтоены своеасаблівы аповед, а дэкаратыўныя элементы — Папараць-кветка, беларуская міфалагічная расліннасць, старонка (кнігі ці рукапісу) — маюць сімвалічнае значэнне. Зразумела, я ўлічваў і архітэктурны кантэкст месца.