Чакаем ад вас шэдэўраў

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Урачысты вечар у сталічным Доме кіно 17 снежня, прымеркаваны да 95-годдзя беларускага кінематографа, прайшоў пад знакам чакання будучых прэм’ер. Набліжэнне выхаду новых праектаў падкрэсліў у сваёй прамове першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў. “Вашы пункты гледжання — экспертаў, адмыслоўцаў, нам вельмі спатрэбяцца, калі будуць прадстаўлены сур’ёзныя праекты, што ўжо практычна гатовыя”, — сказаў ён.

/i/content/pi/cult/776/16751/02.JPGМаксім Рыжанкоў зачытаў вітальныя словы ад Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з віншавання кінематаграфістам.

“Мы па праве ганарымся нашымі таленавітымі, легендарнымі майстрамі, фільмы якіх атрымалі прызнанне далёка за межамі краіны, сталі здабыткам сусветнай культуры. Сёння прыхільнікі кінамастацтва чакаюць ад вас шэдэўраў пра сучасную рэчаіснасць, глыбокае асэнсаванне стваральнага шляху, які прайшла наша дзяржава за гады незалежнасці, — прагучала ў пасланні Прэзідэнта. — Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы і далей будзем служыць высокім маральным і эстэтычным ідэалам, беражліва захоўваць і памнажаць свае лепшыя дасягненні, спрыяць адкрыццю яркіх маладых талентаў, задавальненню сацыяльных патрэб грамадства, умацаванню пазітыўнага іміджу Рэспублікі Беларусь”.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар у сваёй прамове акрэсліў кірунак далейшага развіцця кінасферы. “Усебаковая падтрымка дэбютантаў, павышэнне ўзроўню прафесійнай адукацыі ў гэтай сферы, яго адаптацыя да рэальных патрэб кінаіндустрыі мусяць стаць асновай для адраджэння былой славы беларускага кіно”, — падкрэсліў ён. Тандэм маладых талентаў з прызнанымі майстрамі, па словах міністра культуры, — вось тая формула, што можа садзейнічаць поспеху айчыннага кінематографа.

“Мяркую, самыя лепшыя моманты беларускага кіно яшчэ наперадзе. Галоўнае — верыць у поспех, рабіць усё дзеля яго дасягнення”, — падкрэсліў Юрый Бондар.

Падчас мерапрыемства былі ўручаны ўзнагароды майстрам і работнікам кінасферы. Так, Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта атрымалі заслужаныя артысты краіны Уладзімір Мішчанчук і Аляксандр Кашпераў. Канцэртную частку, якая крочыла за афіцыйнай, завяршыў паказ рэкламных ролікаў фільмаў, што плануюцца да выхаду ў будучым годзе. Адметна, што на экране былі прадстаўлены трэйлеры як Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, так і незалежных кінакампаній.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"