Высокая нота

№ 51 (1438) 21.12.2019 - 28.12.2019 г

Свой юбілейны год Нацыянальны мастацкі музей Беларусі завяршае на высокай ноце. У чатырох залах на першым паверсе музея адкрылася персанальная выстава Зоі Літвінавай. Само імя гэтай мастачкі — наш нацыянальны брэнд. Яе творы прапісаны ў такіх музеях і галерэях, дзе выставіцца палічыў бы за шчасце кожны мастак — але далёка не ўсім дадзена…

/i/content/pi/cult/776/16750/01.JPGСвой юбілейны год Нацыянальны мастацкі музей Беларусі завяршае на высокай ноце. У чатырох залах на першым паверсе музея адкрылася персанальная выстава Зоі Літвінавай. Само імя гэтай мастачкі — наш нацыянальны брэнд. Яе творы прапісаны ў такіх музеях і галерэях, дзе выставіцца палічыў бы за шчасце кожны мастак — але далёка не ўсім дадзена… На выставе больш за сто твораў. Частка іх належыць Нацыянальнаму мастацкаму музею, іншыя — уласнасць мастачкі. Ёсць у экспазіцыі работы, якія дагэтуль майстэрні не пакідалі.

Нават для тых, хто нібыта знаёмы з творчасцю Зоі Літвінавай, выстава будзе адкрыццём. Рэч у тым, што звычайна перад вачыма глядацкай грамады і, адпаведна, у яе свядомасці пераважаюць блізкія нам па часе творы. А тое, што мастачка рабіла 20, 30, 40 гадоў назад, яе аднагодкі паспелі забыць, а моладзь хутчэй за ўсё і не ведае. Тут жа прадстаўлена рэтраспектыва ад 60-х гадоў да сённяшняга дня.

У адрозненне ад іншых мастакоў, чый творчы шлях выразна падзяляецца на перыяды, кожнаму з якіх адпавядае пэўная стылістыка і характэрны вобразны лад, у Зоі Літвінавай вызначыць паводле почырку, калі зроблена палатно ці аркуш даволі складана. У адным і тым жа часе з яе рукі выходзяць творы настолькі розныя, нібыта яны належаць розным аўтарам.

Назва выставы — “Знакі творчай волі”. Гучыць пафасна, пры тым, што пафас мастачцы ніколі не быў уласцівым — ні ў жыцці, ні ў творчасці. Так, пафасна — але, зрэшты, слушна. Яе палотны, графічныя аркушы, манументальныя творы — гэта сапраўды хроніка самарэалізацыі валявой творчай натуры. І яшчэ сведчанне таго, што мастакоўская свабода залежыць не ад вонкавых варункаў (прынамсі, залежыць не цалкам, не фатальна), але ад унутранага стану асобы.

І яшчэ… У сваім крытычным стаўленні да савецкай эпохі мы часам пераходзім межы аб’ектыўнасці і, прынамсі, бачым у ёй толькі артадаксальнасць “сацыялістычнага рэалізму”. Між тым, менавіта ў гэты час сфармавалася беларуская мастацкая школа, якой мы зараз ганарымся. Толькі падумайце, у адным часе, у адной прасторы працавалі такія выбітныя і такія творча розныя асобы, як Міхаіл Савіцкі, Гаўрыла Вашчанка, Георгій Паплаўскі, Барыс Забораў, Арлен Кашкурэвіч, Аляксандр Кішчанка, Зоя Літвінава. І гэта далёка не поўны спіс зорак толькі першай велічыні. А спадарыня Зоя і зараз застаецца лідарам, як прызвычаілася за сваё доўгае творчае жыццё.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"