Балет убачаць за акіянам

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

З 12 па 15 верасня ўпершыню праводзяцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Як вядома, паміж дзвюма краінамі падпісана міжурадавае пагадненне, якое прадугледжвае ў тым ліку і кантакты ў галіне культуры. Згодна з гэтым дакументам сёлета прадстаўнікі Міністэрства культуры і мастацтваў ПАР наведалі “Славянскі базар у Віцебску”, дзе, дарэчы, выступіў са сваёй праграмай і надзвычай каларытны фальклорны паўднёваафрыканскі калектыў “Усходні Кейп”.
Нашым адказам жыхарам ПАР стане айчынны класічны балет: у Прэторыі з вялікай праграмай выступаюць беларускія танцоры. У сваю праграму знакаміты калектыў уключыў не толькі некалькі балетаў, але і праграму з танцавальных нумароў.
Гэта дасць магчымасць жыхарам Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі спрычыніцца да лепшых узораў прафесійнага беларускага балета і годна ацаніць майстэрства нашых акцёраў.
Беларускую дэлегацыю ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ўзначальвае першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка. У шэрагу запланаваных афіцыйных сустрэч з кіраўнікамі ведамстваў і ўстаноў культуры і мастацтва ў ПАР плануецца абмеркаванне пытанняў актывізацыі супрацоўніцтва і наладжвання прамых кантактаў паміж арганізацыямі культуры дзвюх краін, абмен вопытам у гэтай галіне.