Узроставы цэнз для спадчыны

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Навіну пра запланаваную рэканструкцыю мінскага кінатэатра “Масква” айчынная архітэктурная супольнасць амаль аднадушна ўспрыняла неадназначна. Пераўтварэнне пазнавальнага паводле сваёй формы будынка ў шкляную піраміду хтосьці з неабыякавых мінчукоў наўпрост назваў варварствам. І сапраўды, перайначыць архітэктурны твор — гэта бадай тое самае, што намаляваць сваю карціну паверх іншай. Зрэшты, дзеля справядлівасці, варта адзначыць: яшчэ параўнальна нядаўна апошняе зусім не лічылася нечым заганным, і “багамазы” ХІХ стагоддзя не вагаючыся пакрывалі свежымі фарбамі старыя пабляклыя фрэскі. Уласна, гэта я да таго, што стаўленне да тэмы спадчыны ў грамадстве заўсёды мянялася — як і самі яе паняційныя межы. І ад таго, наколькі хутка (і ў які бок) у нас будуць рушыць гэтыя працэсы, у немалой ступені залежыць лёс як “Масквы”, так і многіх іншых падобных аб’ектаў.

Сітуацыя з “Масквой” трохі блытаная. Кінатэатр ужо зведаў рэканструкцыю ўсяго пяць гадоў таму і сёння выглядае даволі рэспектабельна. Нагадаю, менавіта ў яго сценах праходзяць найбольш прадстаўнічыя кінаімпрэзы краіны. Адзін з аўтараў праекта, вядомы архітэктар Віктар Крамарэнка (пікантнасць сітуацыі дадае тое, што ён з’яўляецца і суаўтарам новага, “шклянога”) матывуе патрэбу рэканструкцыі неабходнасцю ўмацаваць нясучых здольнасці, але пры гэтым спасылаецца на даследванні, праведзеныя яшчэ да папярэдняй рэканструкцыі. Іншыя аўтары “Масквы”, у сваю чаргу, настойваюць, што без кардынальнай яе пераробкі цалкам можна абысціся і сцвярджаюць у адным з інтэрв’ю: “любы будынак можна ўмацаваць без змянення яго архітэктурнага аблічча”.

Зрэшты, рэзюмаваць гэтую прафесійную дыскусію варта вельмі проста. Калі будынак можна аднесці да архітэктурнай спадчыны, яго знешні выгляд належыць пакінуць без зменаў. А калі не — уласнік вольны рабіць з ім усё, што пажадае. Хоць шкляную піраміду, хоць жалезны грыб.

Нагадаю, што на сёння ні “Масква”, ні іншыя ўзоры г.зв. “позняга савецкага мадэрнізму” афіцыйна помнікамі спадчыны не з’яўляюцца — і, адпаведна, не абароненыя ад перайначвання. Але гэта можна змяніць. Пагатоў, экспертная і грамадская супольнасць мае адпаведныя юрыдычныя механізмы надання будынку статусу помніка спадчыны.

Падаецца, век у сорак гадоў для будынка занадта малы, каб прэтэндаваць на статус каштоўнасці. Можа, яно і так. Яшчэ зусім нядаўна нават прыгажэзныя храмы рэтраспектыўных стыляў не лічыліся ў нас помнікамі спадчыны: маўляў, не дараслі яшчэ, ім жа ўсяго гадоў сто. Але цяпер узроставы цэнз пакрысе зніжаецца. Прычым гэта сусветная тэндэнцыя. У прыватнасці, не раз даводзілася пра яе чуць ад экспертаў UNESCO.

І яна цалкам вытлумачальная. Трансфармацыя гарадскога асяроддзя сёння ідзе ў нас настолькі імкліва, што калі чакаць, пакуль прэтэндэнты “даспеюць” і пераадолеюць узроставы цэнз, можна многага недалічыцца. Той жа савецкі мадэрнізм ужо нясе адчувальныя страты, і будынкі аўтавакзала “Маскоўскі” і ВДНГ — толькі самыя прыкметныя з іх.

Зразумела, што спіс будзе павялічвацца па меры апетытаў інвестараў. І надта чакаць ад іх спагады не выпадае: яны кіруюцца найперш сваімі інтарэсамі, а не памкненнем захаваць цікавыя ўзоры беларускага дойлідства. Пагатоў, феномены айчыннай архітэктуры калі і маюць прызнанне, дык толькі ў вузкіх колах. Але гэта, зрэшты, таксама можна змяніць.

Працы па наданні статусу каштоўнасці заўсёды павінна папярэднічаць менавіта гэта. Спярша вывучэнне, каталагізацыя, асэнсаванне. Потым — папулярызацыя. І калі шараговы грамадзянін раптам усвядоміць, што будынак, які паўставаў літаральна на яго вачах і які ён наведваў ці не ўсё жыццё, насамрэч з’яўляецца выкшталцоным узорам самабытнага архітэктурнага трэнда, будзе куды прасцей дамагчымася дазволу ўсталяваць на ім ахоўную шыльду.