Памяці мяне

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Два праекты паказала фатограф Алена Данброва ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва — “Грушаўка. Паміж мінулым і будучыняй — дзённік успамінаў” і “Сімулякр быцця”. На жаль, яны не былі аб’яднаныя адзіным канцэптам, але гэта пытанне больш для куратара. Адыходзячая гісторыя старога гарадскога раёна — жыватворная тэма для фатографа. Шмат маляўнічай фактуры, зразумелай настальгіі, ды так лёгка зрабіць рэпартаж з высакароднымі руінамі. Але Алена Данброва ўскладніла сабе задачу — яе фатаграфіі адсылаюць да вершаванага радка ангельца Джона Дона: “Не пытайся ніколі, па кім звоніць звон; ён звоніць па табе”.

/i/content/pi/cult/775/16745/024.JPGМінск, як і любы горад, — адзіны арганізм, жывы і ўразлівы; у яго ёсць не толькі гістарычны цэнтр, але і гістарычныя ваколіцы. Грушаўку ведаюць сучасныя гараджане, памятаюць старажылы, гісторыю запісалі краязнаўцы; у адных — туга, у іншых — планы на пераезд у новую кватэру. Складана ўкласці ў адзін такі праект усё — і ўласна фатаграфічную прывабнасць, і архітэктурную, якую дыктуе гісторыя, і сацыяльныя перспектывы ў кантэксце гарадскога развіцця. Больш за тое, складана не патануць у такім шырокім кантэксце, бо сама Грушаўка вядомая з XIX стагоддзя! Таму аўтару трэба аддаць належнае — Алена Данброва паспрабавала не быць ілюстратыўнай. Паспрабавала вылучыць вузлавыя цэнтры: у праекце выразна пазначаныя вобразы і аб’екты, якія і робяць яго сабраным у адзінае цэлае.

Архітэктурныя вартасці раёна — магчыма, самае спрэчнае пытанне. Тут доўгі час была толькі прыватная забудова, адна- і двухпавярховыя драўляныя і мураваныя дамы. Атмасфера прыватнасці, некалькі кветнікаў і дзіцячых куткоў — вось і ўсё, што зараз утрымлівае погляды аматараў мінскай даўніны. Фатограф доўжыць гэтыя імгненні, як быццам ахоўваючы прастору і паглыбляючыся ў візуальны калідор у часе. Уласна жыхароў гэтых дамоў засталося няшмат: з двухпавярховых баракаў без рамонту людзі пераехалі ў новыя кватэры. Аднак грушаўская драўляная забудова, нават не будучы помнікам архітэктуры, ацэньвалася экспертамі як арыгінальная — у свеце мноства прыкладаў захавання такіх раёнаў, своеасаблівых, каларытных старонак гарадскога побыту. Грубкі, каміны, брук пад асфальтам, стары фантан, другі па ўзросце пасля Хлопчыка з лебедзем... Усё аўтэнтычнае! І гэта ў Мінску, дзе кожная драпінка гісторыі — на вагу золата! Няміга ў калектары, сляды пахавальных курганоў... Канцэпцыі і турыстычны патэнцыял такіх аб’ектаў добра вядомыя, і рэалізаваны яны зусім недалёка, у бліжэйшых еўрапейскіх краінах. А той факт, што жыхары Грушаўкі былі гатовыя з’ехаць, — вельмі ўдалая акалічнасць для развіцця культурных кластараў і пляцовак. Магчыма, упушчаныя цяпер магчымасці яшчэ можна неяк выкарыстоўваць, але гэта відавочна справа далёкай перспектывы.

Мяркую, вельмі моцны вобраз у праекце Данбровай — гістарычны. Гэта ацалелы ваенны бліндаж. Бліндаж, сапраўды, легендарны: запісаныя апавяданні мясцовых жыхароў аб ваенным гарадку “Белполк”, аб “афіцэрскім” і “сяржанцкім” дамах, нямецкім шпіталі, вялікім скверы і бомбасховішчы... Успамінае пра яго і Галіна Васілеўская ў аповесці “Бывай, Грушаўка” (1979), апярэджваючы лёс раёна. Фатаграфіі ў поўнай меры перадаюць сэнсавы акцэнт гэтага месца — гэта вобраз партала, ён як варонка зацягвае ў гісторыю, якая ўжо скончылася. А таямніцы яе захоўвае гэты жудаснаваты ўваход у падзямелле.

“Старую” культурную гісторыю раёна можна лічыць скончанай са стратай кінатэатра — нешта новае яшчэ наперадзе, а да гэтага часу быў “Авангард”, тэрмін якога апынуўся адмераным: 1956 — 2019. Вядомы архітэктар будынка — Зоя Брод, якая стварыла ў 1949 годзе першы ў СССР тыпавы праект кінатэатра. Іх было пабудавана больш за 100, з невялікімі мадыфікацыямі фасада — памяньшаўся лік іканічных калон. Вядомы адрас, якога, магчыма, ужо не будзе на карце: Папаніна, 9. Умяшчальнасць залы — 300 месцаў. Цалкам згодна сучаснаму трэнду аб дэцэнтралізацыі культурных пляцовак, кінатэатр мог бы працаваць, і ў свой час нават абмяркоўвалася стварэнне пяцізальнага мульціплексу на яго базе. А, напрыклад, першы кінатэатр, пабудаваны па праекце З. Брод у Жукоўскім (РФ), цяпер стаў Домам вучоных ЦАДІ. Ды і савецкая тэма — пра развіццё спальных раёнаў — таксама магла б падтрымаць яго. На жаль, усё гэта не спрацавала. І Алена Данброва сабрала невялікую дакументацыю працэсу: некалькі старых паштовак, афіш, кадры з кнігамі, дзіцячымі цацкамі, іншымі візуальнымі дэталямі, якія можна лічыць “культурнымі”. Аб кінатэатры і яго артэфактах таксама ўспамінаюць і настаўнікі з вучнямі, і аматары кіно. Шчасце, што ў наш лічбавы час многае з гісторыі Грушаўкі паспелі запісаць. І на шчасце, мастацтва фатаграфіі перадае нявыказанае, і нават нябачнае — ва ўсякім разе, у гэтым я бачу яго задачу.

Прыкладна ў гэтым ключы задуманы “Сімулякр быцця”. Агульная тэматычная рамка магла б дапамагчы праектам рэзаніраваць: “сімулякр” быццам бы дабудоўвае прастору, робячы яе ўмоўнай, абстрактнай. Тут дарэчы будзе ўспомніць ідэю Жана Люка Гадара пра тое, што дакументалістыка цікавая тады, калі ўкаранёна ў выдумку, а выдумка цікавая, калі яе пацвярджаюць факты. Нечаканыя геаметрычныя фігуры, змешчаныя ў штодзённасць тыпавой забудовы, паведамляюць сітуацыі свайго кшталту фантастычнасць. Алена знайшла ўдалы фармат сваім здымкам — гэта тры секвенцыі прынтоў у маштабе 100 х 70 см2. Аўтар мае на ўвазе аналогію сімулякра з жыццёвым будаўніцтвам і ўладкаваннем, мне ж бачыцца разважанне і пытанне аб тым, што ёсць вакол нас рэальнае, а што — уяўнае?

Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст