Як у цешчы на блінах

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

Складнікі бібліятэчнай утульнасці. І не толькі гастранамічныя…
Цягам жыцця маё стаўленне да бібліятэк не тое што мянялася карэнным чынам. Не. Яно пакрысе трансфармавалася ў залежнасці ад таго, што я чакаю ад паходу да кніжных стэлажоў. У пяць гадоў бібліятэка — храм, а бібліятэкар — другі пасля Бога. Гэта ён дае мне магчымасць штораз трымаць новую кніжку з неверагоднымі карцінкамі. У дваццаць гадоў бібліятэка — кнігасховішча, вось толькі бібліятэкар не замінаў бы спакойна корпацца ў кнігах. У пяцьдзясят з гакам бібліятэка — месца сустрэчы з аднадумцамі, магчымасць камфортнага адхлання за кубкам кавы і нязмушанай гаворкі пра, скажам, сюжэтныя хітраспляценні ў прозе Андрэя Федарэнкі ці, да прыкладу, пра пост-мадэрновасць раманаў Барыса Пятровіча.

/i/content/pi/cult/775/16744/023.JPGІ ўвогуле, сёння, калі чытанне стала справай абраных, а бібліятэкі пераўтварыліся ў гэткія элітарныя ўстановы культуры, час даўно задумацца, як вярнуць гэтым установам “агульнаўжывальны” статус. І не столькі бібліятэчныя праекты мяне сёння цікавяць, колькі ўнутранае ўбранне ўстаноў (форма і змест — паняцці ўзаемадапаўняльныя, нават — узаемазамяняльныя), якое павінна вабіць чытача і настройваць яго на добры душэўны лад. Пісаць буду пра тое, што бачыў на ўласныя вочы. Бачыў і вельмі ўразіўся.

Не ў каве справа. Але…

На вялікі жаль, у Мінску, дзе я апошнім часам меў чытацкія фармуляры ў некалькіх бібліятэчных філіялах, гарбаты з кавай мне не прапаноўвалі. Інакш кажучы, хатняй утульнасці сярод тамтэйшых кніжных стэлажоў я не адчуваў. Ведаю, ведаю: пры эканомкласе сённяшняй культурнай галіны не надта разгуляешся. Але і жадання зрабіць установу, як цяпер модна казаць, больш атмасфернай я з боку гарадскіх бібліятэкараў не заўважаў. Не, мяне некалькі разоў запрашалі паўдзельнічаць у сустрэчах з паэтамі і празаікамі. Але адмаўляўся, бо тыя канкрэтныя пісьменнікі мне, капрызліваму, не падабаліся.

Прыйшлося пайсці іншым шляхам. З бібліятэк я выпісаўся, стаў наведваць букіністычныя крамы па ўсёй краіне і пераўтварыў у бібліятэку (для сяброў) асабістую кватэру. І ніякіх праблем з агульнай кавай! Апошняе абмеркаванне тычылася афарыстычнасці кароткай прозы Дзяніса Драгунскага. Так, менавіта для яго Віктар Драгунскі напісаў у свой час знакамітыя “Дзяніскавы апавяданні”. А родавыя карані пісьменнікаў, аказваецца, гомельскія. Але час прэамбулу заканчваць, а то невядома, куды яшчэ мяне занясе любоў жыцця сярод кніг…

Натуральна, не ў каве справа. Ехаў у вёску Літоўцы Докшыцкага раёна без асаблівага настрою. Сказалі, што бібліятэка там працуе ў прыстасаваным будынку лазні. Думаў: ну як тут прыстасавацца можна. Аказваецца, пры вялікім жаданні можна ўсё. Зайшоў і адразу адчуў сябе, як у цешчы на блінах, нават з’язджаць не хацелася. І не толькі таму, што бібліятэчны рэй тут вяла артыстычная Алена Тумашэвіч, якая пераймала бібліятэчную справу ад мамы — Ніны Пятроўны Іванскай. Паліцы і сталы шчодра былі ўпрыгожаны вышытымі ды вязанымі сурвэткамі, а натопленая печка давала такое роўнае цяпло, што ўшчэнт знішчала ўвесь негатыў наўкола. І глядзелася гэтая “пастараль” інсітнай карцінкай, што выпраменьвае такую дэфіцытную на сёння шчырасць. Патануў я ў крэсле, узяў кнігу, што першай патрапілася са стэлажа ў рукі, і час для мяне знік.

Прайшло яго з таго моманту вельмі шмат. І калі даведаўся, што Алена па-ранейшаму працуе бібліятэкарам, а сурвэткі і цеплыня — гэткія ж абавязковыя сёння, як і калісьці, дык вельмі ўзрадаваўся. Нешта стабільнае яшчэ ёсць на гэтым свеце.

Бярозавік — таксама някепскі напой

Бібліятэка ў буйным горадзе — гэта адно. На вёсцы, дзе кожны кожнаму — сусед, сваяк ды родзіч, сітуацыя трошкі іншая. Напэўна, дабрыня не надта хоча прабівацца праз асфальт. Між тым, менавіта яна — асноўны складнік атмасфернасці ці, калі хочаце, утульнасці любой установы культуры. Калі хто не зразумеў, дык менавіта пра гэта сёння і гаворка. І менавіта за гэтым накіроўвацца варта найперш у вёску.

Асіповіцкі раён, што на Магілёўшчыне. Тут, як мне падаецца, як нідзе ведаюць толк у бібліятэчнай справе, якую трэба прэзентаваць чытачу як адмысловую страву, рэцэпт якой вядомы толькі гаспадыні. У адваротным выпадку элітны рэстаран пераўтворыцца ў шараговую сталоўку. “Хто замаўляў фуа-гра з вершаў Анатоля Сыса? Зараз будзе гатова. Вы не супраць гарніру з зацемак Леаніда Галубовіча?” Не, я абсалютна не гастранамічны аспект справы маю на ўвазе. У дадзеным выпадку справа — не толькі страва.

Дык вось, Асіповіцкі раён, Ліпеньская сельская бібліятэка. Завітаў сюды абсалютна выпадкова гадоў колькі таму. Убранне сельскай бібліятэкі на чале з Ірынай Шлыкавай здзівіла надзвычайна. Верхнія паліцы кніжных стэлажоў былі застаўлены побытавымі рэчамі: шкляным ды гліняным посудам, лялькамі і цацкамі, прадметамі, без якіх цяжка ўявіць сабе жылы дом 1970-х. Успаміны захлынулі… Нават прайгравальнік тут ёсць, а ў авосьцы (сетка такая — хто не ведае) на цвіку — вінілавыя дыскі. Кніжкі пад ціхую настальгічную музыку выбіраць — кайф адмысловы, для гурманаў, можна сказаць.

А ў бібліятэчных сенцах — збанок. Разам з Ірынай дамовіліся, што ў ім павінен знаходзіцца бярозавік для лепшых чытачоў.

Вы заўважылі, што гаворка дагэтуль ішла пра ўстановы Віцебскай ды Магілёўскай абласцей? Доўга ўспамінаў, дзе яшчэ апошнім часам здзівілі мяне бібліятэкары (паўтаруся, што буйныя гарадскія ды абласныя ўстановы на ўвазе не маю). Даруйце, не ўспомніў. Тэндэнцыя, пагадзіцеся. Тактыка, якая перарастае ў стратэгію. І людзі цягнуцца да незвычайнага і непадманнага. Вось колькасць чытачоў і не змяншаецца заўважна.

Цішыня ў чытальнай зале?

На сёння пашумець у бібліятэцы, як я лічу, — не вялікі грэх. Пераканаўся ў гэтым, калі пагасцяваў у дзіцячай бібліятэцы Хоцімска. Здарылася тое год таму (па ліку — другі візіт). Сыходзіць ад загадчыцы Таццяны Уласенка не хацелася. Якраз у чытацкай зале адбыліся карэнныя новаўвядзенні. Адна яе палова засталася, так бы мовіць, акадэмічнай — сядзі ціхенька ды чытай сабе; другая пераўтварылася ў тэрыторыю чытацкай творчай самарэалізацыі. Тут з’явілся наборы “разумных” інтэлектуальных гульняў, мяккія канапы, крэслы і пуфікі.

На адкрыцці каворкінгу (даруйце за такое запазычанне) нават сапраўдны клоўн прысутнічаў, і было дзятве настолькі цікава, незвычайна і весела, што ніхто ў чытальнай зале на той момант у кнігі не ўнурваўся. А шум усяляк заахвочваўся. Але пасля такога маркетынгавага выбуху колькасць маленькіх чытачоў стала павялічвацца. Вось так бібліятэчная ціша чаргуецца ў Хоцімску з шумнай гульнёй, падчас якой выбудоўваецца асоба.

Цягам апошніх гадоў бібліятэчная справа перастала быць застылай ды сумна аднастайнай. Хто гэтага не зразумеў, прайграў і ў стратэгіі, і ў тактыцы барацьбы за чытача. Са мной будуць актыўна спрачацца, але я катэгарычна за тое, каб бібліятэчныя ночы з іх феерычным антуражам пераўтварылася ў бібліятэчныя шараговыя дні.

Маміна хусцінка, бабулін фартушок…

У бібліятэцы, як падаецца, і паплакаць можна, нават іншым разам — неабходна. Адчуў гэта надзвычай выразна ў Ельскай раённай, што на роднай Гомельшчыне. Шчыра кажучы, эмоцый не стрымліваў і я — таксама пацярпелы ад аварыі на ЧАЭС. На Ельшчыне па гэтай прычыне знікла з раённай карты 14 вёсак. Адселеныя людзі бралі з сабой, натуральна, самае неабходнае. А даматканыя рэчы раздавалі знаёмым. З 2008 года бібліятэка пачала збіраць калекцыю “Ельскі фартушок” — напамін пра трагедыю адсялення. Калі людзі прыязджаюць на радзіму ўправедкі, дык абавязкова заходзяць у бібліятэку, дзе больш чым пад 600 даматканых рэчаў адведзены асобны пакой. Кожны экзэмпляр падпісаны (назва вёскі, аўтарства работы). Мемарыяльная экспазіцыя ў 72 квадратныя метры не можа не выклікаць слёзы памяці, болю і беззваротнай згубы малой радзімы. І ўсё гэта, паверце, вельмі шчыра зроблена, таму і вабіць пастаянна людзей. Калекцыя, да слова, жывая, яна пастаянна павялічваецца, да фартушкоў дадаюцца ручнікі, посцілкі, хусціны. Пры жаданні бібліятэкар Ірына Хацько прыгожа павяжа хустку, дапаможа зрабіць сэлфі.

І яшчэ адна акалічнасць краязнаўчай працы па захаванні скарбаў зніклых вёсак. Гэта калекцыяванне дыялектнай лексікі той ці іншай вёскі. Калекцыя ніякім чынам не ўплывае на выгляд унутранага ўбрання бібліятэкі, але не згадаць пра яе не магу. Захаваныя слоўкі, як святло згаслых зорак. Мяне асабіста гэтае святло грэе. Пагрэйцеся і вы: “задалягодзь” — гэта загадзя, “кіка” — непрыгожая жанчына, “мурчык” — кацяня (так у вёсцы Бабруйкі казалі), “мегуль” — зладзейкаваты чалавек, “ушыло” — непаваротлівы (вёска Вішанькі), “камкі” — таўчоная бульба (Мядзведнае), а “одзека” — тут (вёска Казлы). Вось такая моўная атмасфернасць, вось такі моўны антураж, здатны для афармлення любой сельскай бібліятэкі.

Падумалася тут вось пра што: плакатамі-бордамі з такімі слоўцамі можна і трэба афармляць вуліцы раённых цэнтраў, дзе захоўваецца моўная спадчына. Прыйшліся ж да месца сацыяльныя бігборды “Смак беларускай мовы”, што прапагандавалі ў сталіцы нацыянальныя назвы ягад. А ініцыятарамі такой маркетынгавай палітыкі павінны стаць бібліятэкары, у першую чаргу — сельскія.

Час для пэўнага падсумоўвання думак. Сказаць гэтым артыкулам хачу вось што. Вельмі мала было на маім журналісцкім вяку бібліятэк, дзе мне хацелася б затрымацца надоўга. І гэта не чыясьці віна, а наша агульная бяда. Па маім перакананні, штосьці трэба неадкладна рабіць.

Хто пасля гэтага стане сцвярджаць, што я не люблю бібліятэкі? Шумныя, утульныя ды шчырыя?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"