Тэатр. “…Сустрэчы”

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

ХІV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што прайшоў у Гомелі 3 — 7 снежня, быў не зусім звычайным. Склалася ўражанне, што і гэты форум, і Гомельскі абласны драматычны тэатр, што традыцыйна выступае адным з арганізатараў і гасцінна прымае гасцей на сваёй сцэне, перажываюць, як сёння стала модна гаварыць, рэбрэндынг. Чаму і як? Патлумачым.

/i/content/pi/cult/775/16739/015.JPGРазыначкі

Па-першае, у назве фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы” сёлета яшчэ больш было закцэнтавана апошняе слова — “сустрэчы”. Бо гэта былі сустрэчы не толькі сяброўскія, дзесьці ў кулуарах, але і ўласна творчыя, чым заўжды славілася гэта свята. Прычым на адной сцэне сустракаліся і розныя спектаклі, як звычайна, і... артысты з розных краін, склаўшы адметны акцёрскі склад “Вячэры па-французску”. Падобнае часцей бывае хіба ў оперы ці балеце, дзе запрашэнні замежных салістаў ужо далёка не ў навіну і практыкуюцца ледзь не пастаянна. Таму нядзіва, што згаданы спектакль займеў адразу два дыпломы ў намінацыі “Лепшы акцёрскі ансамбль”: яго атрымалі артысты абодвух тэатраў — Гомеля і Чарнігава.

Па-другое, першае слова назвы — “Славянскія” — пачало трактавацца гэтак жа пашырана, як і на “Славянскім базары ў Віцебску”, дзе да мастацтва трох краін-суседак, што выступілі ініцыятарамі і склалі непарушнае ядро ўдзельнікаў, далучаюцца самыя розныя нацыянальныя культуры. Так, у Гомелі сёлета былі прадстаўлены два аднаактовыя спектаклі з Грузіі: адзін — у конкурснай праграме, другі — у гасцявой.

Па-трэцяе, пры такім геаграфічным разгорце арганізатары не забыліся на сваіх бліжэйшых беларускіх суседзяў, папоўніўшы міжнародную праграму спектаклем “Маці” Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа. Гэты творчы калектыў знаходзіцца ў складаных умовах: некалькі гадоў таму ў будынку адбыўся пажар, рамонтныя працы ўсё яшчэ працягваюцца. Таму такая падтрымка папросту неабходная: спектакль быў узнагароджаны спецыяльным прызам журы “За актуальнасць звароту да тэмы вайны і за шчырасць сцэнічнага ўвасаблення”.

Яшчэ адну сёлетнюю асаблівасць адзначыў вядомы крытык, перакладчык, літаратуразнаўца, прафесар Андрэй Масквін з Польшчы, які не абмінае ніводны з беларускіх фестываляў: “Я заўважыў, што ледзь не 90 працэнтаў спектакляў былі пра жанчын у іх розных іпастасях. Лёс жанчыны — гэта вельмі актуальна”. Дарэчы, ён чытаў у Гомельскім універсітэце лекцыю пра беларускую і польскую драматургію. А чаму б не зрабіць яе ў рамках фестывалю? Былы наш, а цяпер расійскі акцёр Анатоль Кот быў членам журы. А чаму б не зрабіць з ім творчую сустрэчу? Прыезд вядомых асоб трэба скарыстоўваць больш рацыянальна.

/i/content/pi/cult/775/16739/016.JPGДы ўсё ж самай значнай рысай форуму-2019 стала тое, што яго праграму склалі спектаклі не толькі больш ці менш традыцыйныя, як гэта заўжды бывае ўласціва “Славянскім тэатральным сустрэчам”, але і эксперыментальныя, вырашаныя ў ярка выяўленай сучаснай стылістыцы. Не менш важна і тое, што такія спектаклі былі адзначаны дыпломамі і ўзнагародамі не адно арганізатараў (падобныя знакі падзякі атрымліваюць усе без выключэння калектывы), але і журы на чале з Жанай Лашкевіч, якое павінна было назваць лепшых. А самае галоўнае, што менавіта такі сучасны ва ўсіх сэнсах спектакль прадставілі на фестываль гаспадары: Гомельскі аблдрамтэатр паказаў сваю нядаўнюю прэм’еру — “Рыбу маёй мары”. Рэжысёр Данііл Філіповіч, якому належыць таксама сцэнаграфія, музычнае афармленне і харэаграфія гэтай пастаноўкі, атрымаў спецыяльны прыз журы “Лепшы дэбют на прафесійнай сцэне” (больш падрабязна пра гэты спектакль — у адным з наступных нумароў “К”).

Хто лепшы?

З дзевяці конкурсных работ больш за ўсё ўзнагарод сабраў “Рэвізор” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, што было даволі прадказальным. “Рэвізор” у пастаноўцы Мікалая Пінігіна быў прызнаны лепшым спектаклем фестывалю, а Віктар Манаеў (Гараднічы) і былы гамяльчанін Павел Харланчук-Южакоў (Хлестакоў) былі адзначаны за лепшыя мужчынскія ролі.

Па два прызы атрымалі адразу некалькі конкурсных работ. Спектакль “Убачыць ружовага слана” сталічнага праекта HomoCosmos быў узнагароджаны “За лепшы камерны спектакль” і “За лепшую жаночую ролю другога плана” (актрыса Настасся Баброва). Усе, хто раней глядзеў гэту пастаноўку ў Мінску на эксперыментальнай пляцоўцы, ледзь не ў адзін голас сведчылі, наколькі выйграў спектакль ад пераносу яго на традыцыйную сцэну Гомельскага абласнога тэатра лялек. Можа, і сапраўды звыклыя для гледача ўмовы могуць быць не толькі бар’ерам, але і, наадварот, улюбёнай сцяжынкай да больш лёгкага ўваходжання ў няпростую сцэнічную мову? Як бы тое ні было, але агульных рэцэптаў быць не можа — толькі няспынныя пошукі.

“Каралева прыгажосці” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра была вылучана за абедзе жаночыя ролі, прызнаныя лепшымі. Дададзім, што ў Галіны Анчышкінай і Валерыі Лагута ўвогуле багаты паслужны спіс: на гэтых таленавітых, адданых мастацтву актрысах трымаецца значная частка ўсяго рэпертуару гэтага калектыву, які імкнецца папаўняць сваю афішу складанымі сучаснымі пастаноўкамі.

Аднаактовая “Белая сарока” Тбіліскага ТЮГа была адзначана спецыяльным прызам журы “За сувязь культур, выяўленую значнымі тэатральнымі сродкамі”. А дырэктар і мастацкі кіраўнік нашага ТЮГа Уладзімір Савіцкі, які паставіў гэты спектакль, быў прызнаны лепшым рэжысёрам — між іншым, другі раз запар: на мінулых “…Сустрэчах”, дзе паказвалася пастаўленае ім на роднай сцэне “Дзікае паляванне караля Стаха”, ён таксама выйшаў пераможцам у намінацыі “Лепшая рэжысура”.

Шляхцічаў паболела!

“Белая сарока” была пастаўлена паводле “Шляхціча Завальні” Яна Баршчэўскага і стала працягам творчага супрацоўніцтва паміж двума ТЮГамі — Мінска і Тбілісі. У сваёй беларуска-грузінскай інтрэпрэтацыі тыя “фантастычныя аповеды” сярэдзіны ХІХ стагоддзя набылі жанравае азначэнне казкі: спектакль прызначаецца дзецям. А расказваюць таямнічыя гісторыі пяцёра калядоўшчыкаў, па чарзе практыкуючы фармат storytelling.

Аналізуючы спектакль, запрошаныя на фестываль крытыкі гаварылі пра рысы містэрыі, абрадавага і народнага тэатра, грузінскую энергію, што задае тэмпарытм, анёльскае аблічча Белай Сарокі, падобнай да грузінскай княжны, удалае ператварэнне Каляднай зоркі ў чароўны посах, сувязь нашых народаў праз хрысціянства. Грузінскія артысты прызнаваліся, што праз гэтую работу пачалі адрозніваць беларусаў ад рускіх.

Але самае цікавае тут — як беларускасць абрастае грузінскімі спасылкамі. Арнаментыка сцэнічных строяў і калядных прылад — наша. А колеравая гама — грузінская. Аповеды — нашы, манера іх распавядаць — грузінская. Такія спляценні ў дыялогу культур трэба было працягнуць! Да прыкладу, запісы нашай “Троіцы” маглі б перацякчы ў спевы грузінскіх артыстаў, і гэта зрабіла б яшчэ больш відавочным некаторыя іншыя ўзаемасувязі: знакамітых ансамбляў “Арэра” і “Песняры”, фальклорных харавых твораў нашага кампазітара-класіка Андрэя Мдзівані і грузінскага шматгалосся.

Канцэпцыйная камедыя?

Пытанні з перакладам арыгінальна былі вырашаны ў “Вячэры па-французску”, пастаўленай заслужаным артыстам Украіны Андрэем Бакіравым і ў родным Чарнігаве, і ў нашым Гомелі. Такі “сеткавы маркетынг” дазволіў без цяжкасці зрабіць з’яднаную фестывальную версію, дзе ўкраінцы размаўлялі па-ўкраінску, а беларусы — па-руску. Вядома, пераклад не патрабаваўся! А сам спектакль стаў папраўдзе феерычным завяршэннем фестывалю. Ды там кожнага трэба было ўзнагароджваць за лепшую ролю! І асабліва — мастацкага кіраўніка Гомельскага драмтэатра Сяргея Лагуценку. Бляск у вачах, позіркі, рухі — уся гама пачуццяў, прычым у шалёным тэмпе і з неверагоднай энергетыкай. Камедыя становішчаў — здавалася б, непатрабавальная забаўлянка, разлічаная адно на рогат у зале, сталася сапраўднай перлінай. Бо ўвесь спектакль аказаўся зусім не пра шлюбныя здрады, а пра каштоўнасць сямейных повязяў. І пра тое, што замест слізкіх падманаў усім нам патрэбны шчыры давер і сяброўскае паразуменне — не толькі між мужам і жонкай, але і між артыстамі, тэатрамі, народамі. Урэшце рэшт, сяброўства патрэбна і між палярнымі на першы погляд жанрамі — камедыяй і канцэпцыйнай драмай, касавым спектаклем і эксперыментальным. Гэткі прынцып “два ў адным” — добрае выйсце і для Гомельскага драмтэатра, і для “Славянскіх тэатральных сустрэч” увогуле.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"