Юбілей кніжнай серыі

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

13 снежня ў будынку Прэзідыума НАН Беларусі адбылася прэзентацыя 100-томнага ўнікальнага кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”, у якім прадстаўлены лепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гісторыі.

/i/content/pi/cult/775/16732/20191209-2_opt.jpegНагадаю, што першы том унікальнага кніжнага выдання (“Ян Чачот. Выбраныя творы”) быў апублікаваны яшчэ ў 1996 годзе. А апошні, 100-ты юбілейны том — “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы” — выйшаў у свет у кастрычніку бягучага года. Серыя распрацавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Аўтарам ідэі і галоўным рэдактарам з’яўляецца беларускі пісьменнік, фалькларыст, перакладчык і літаратуразнаўца Кастусь Цвіркі.

Як вядома, “Беларускі кнігазбор” уключае ў сябе тры серыі: мастацкая літаратура, гісторыка-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай класікі. Безумоўна, самай значнай з’яўляецца серыя “Мастацкая літаратура”: у ёй на сёння выйшла 77 тамоў. З 2008 года да ажыццяўлення праекта далучылася акадэмічныя выдавецтва “Беларуская навука”. Дзякуючы сумесным намаганням, былі апублікаваныя яшчэ амаль тры з паловай дзясятка кніг.

Так, упершыню шырокая грамадскасць атрымала такія фундаментальныя выданні, як “Беларускія летапісы і хронікі”, “Беларуская старажытная літаратура”, “Беларусы” Яўхіма Карскага, “Выбраныя творы” Уршулі Радзівіл, Францішка Багушэвіча, Уладзіслава Сыракомлі ды многіх іншых пісьменнікаў. Побач з класічнымі творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, якія складаюць залаты фонд нацыянальнай літаратуры, у культурную прастору была вернута творчая спадчына Усевалада Ігнатоўскага, Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Жылкі, Язэпа Лёсіка і іншых рэпрэсаваных пісьменнікаў. Арыгінальнай і не менш каштоўнай часткай праекта з’яўляюцца пераклады на беларускую мову твораў Іагана Вольфганга Гётэ і Фёдара Дастаеўскага.

Такім чынам, 100 тамоў “Беларускага кнігазбору” — гэта сапраўдная скарбніца лепшых твораў нацыянальнай літаратуры, выданне, якое атрымала вядомасць, прызнанне і высокую ацэнку не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Таму, натуральна, у самы бліжэйшы час чакаецца працяг гэтай выдатнай кніжнай серыі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"