Феномен “Паўлінкі” і чатыры традыцыі

№ 50 (1437) 14.12.2019 - 21.12.2019 г

З Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь паведамілі, што 11 снежня на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры былі разгледжаны і падтрыманы прапановы аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці яшчэ пяці нематэрыяльным праявам творчасці.

Сярод іх — чатыры традыцыі: веснавых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю і провадаў зімы ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна; шчадравання “Конікі” ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна; вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў вёсцы Рухава, аграгарадку Палажэвічы і горадзе Старыя Дарогі Старадарожскага раёна; прыгатавання стравы “Поразаўская банкуха” ў гарадскім пасёлку Поразава, вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёна. Гаворка аб наданні статусу каштоўнасці ішла і пра тэатральны феномен Купалаўскай “Паўлінкі” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Пасля прыняцця адпаведнага рашэння Міністэрствам культуры згаданыя элементы будуць уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.