Тэатр па-славянску

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Сёння ў Гомелі завяршаецца ХІV Міжнародны фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы”: пяць дзён, дзесяць спектакляў. І 30 гадоў самому форуму: першае такое свята прайшло ажно ў 1989-м. А ўчора ў рамках фестывалю адбылася юбілейная вечарына, прысвечаная 80-годдзю Гомельскага абласнога драматычнага тэатра — аднаго з ініцыятараў, заснавальнікаў і арганізатараў гэтага, між іншым, старэйшага ў Беларусі форуму тэатральнага мастацтва.

Сёлетнія “Славянскія тэатральныя сустрэчы” праходзяць пад дэвізам: “Тэатр як свята”. Гэты слоган надрукаваны на буклеце, яго вымаўляюць перад кожным фестывальным паказам. І зусім не выпадкова! Міжнароднае журы, складзенае з вядомых тэатральных дзеячаў Беларусі, Грузіі, Расіі, Украіны, падвядзе свае вынікі сёння позна ўвечары. Але арганізатары вырашылі апярэдзіць строгіх суддзяў і абвяшчаюць пераможцамі абсалютна ўсіх — часам перад пачаткам паказу прывезенага спектакля. Кожны калектыў-удзельнік атрымлівае дыплом “За веру ў чалавека і адданасць тэатру”. А таксама два спецпрызы: дэкаратыўны паднос з выявай аднаго са славянскіх багоў і пляшачку з… зернем таленту — паводле славянскай традыцыі дарыць каравай, бо зерне — гэта будучы хлеб. А якія залатыя словы (штораз — розныя, прызначаныя менавіта для таго ці іншага творчага праекта) знаходзіў мастацкі кіраўнік фестывалю і Гомельскага драмтэатра Сяргей Лагуценка, уручаючы гэтыя і іншыя падарункі. Чаго-чаго, а гасціннасці, сяброўства і крэатыву ў выяўленні гэтых пачуццяў беларусам не займаць. Вядома, што і ў адказ фестываль атрымлівае толькі добрыя словы і прапановы.

Упершыню сюды прыехаў, да прыкладу, Таганрогскі тэатр імя А.Чэхава — і адразу ў гамяльчан паболела сяброў: мастацкі кіраўнік славутага расійскага калектыву Сяргей Герт, не паспеўшы змяніць сцэнічны строй ілжэлекара Сганарэля на сучасны дзелавы касцюм, запрасіў Гомельскі абласны драмтэатр на свой фестываль, што ладзіцца на радзіме А. Чэхава. У такіх добрых сяброўскіх стасунках — сутнасць “Славянскіх тэатральных сустрэч”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"