Оперны форум: перазагрузка?

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

11 снежня ў Вялікім тэатры Беларусі стартуе Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Прычым стартуе ў 10-ты раз — маленькі юбілей!

Галоўнай асаблівасцю сёлетняга свята стане… адмова ад вакальнага конкурсу, які суправаджаў форум ужо некалькі гадоў. Літаральна ў апошні момант было вырашана праводзіць конкурс оперных салістаў біенале — раз у два гады. Затое менавіта пераможцы мінулых такіх конкурсаў адкрыюць фестываль сваім гала-канцэртам. Яшчэ адзін гала — прызнаных оперных зорак розных краін — стане, паводле традыцыі, фінальным акордам.

Цяперашні форум стане самым, бадай, працяглым — больш за тыдзень. Гасцявым спектаклем запрошаны “Севільскі цырульнік” Нацыянальнага тэатра Украіны. У операх з рэпертуару нашага Вялікага тэатра, уключаных у фестывальную праграму, прымуць удзел замежныя салісты. Будзе і аперэта — “Лятучая мыш” І. Штрауса. Не забыліся і на Камерную залу, што носіць імя нашай легендарнай прымадоны Ларысы Александроўскай: тут пройдзе камічная опера Г. Даніцэці “Viva la Mamma!”

Упершыню за ўсе гады правядзення форуму было вырашана не запрашаць за фестывальныя сродкі замежных крытыкаў. Затое павінна адбыцца адкрыццё новых айчынных імёнаў: тэатр вырашыў правесці конкурс маладых крытыкаў, пераможцы якога атрымаюць запрашальнік на спектаклі гэтага сезона.

Як бачым, разнастайных змен на сёлетнім форуме, пры ўсёй яго беражлівасці ў захаванні традыцый, будзе багата. Ды ўсё ж галоўнай яго асаблівасцю, падобна на тое, стане непасрэднае суседства з балетнай прэм’ерай: 8 і 10 снежня на сцэне тэатра паўстане “Стварэнне свету”, адноўленае Валянцінам Елізар’евым. А следам, 11 снежня, пачнецца яшчэ адно “стварэнне свету”, на гэты раз — оперна-фестывальнага: Калядны форум, безумоўна, прынясе шмат цікавостак.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"