Са спадчынай — у Незалежнасць

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

У канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэм’ера дакументальна-ігравога іміджавага фільма “Спадчына”, знятага на кінастудыі “Беларусьфільм”. Стваральнікі фільма паспрабавалі ўкласці ў 52-хвілінную стужку ўсе асноўныя дасягненні краіны ў галіне культуры за гады незалежнасці.

Аўтар сцэнарыя, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, уладальнік медаля Францыска Скарыны — Наталля Голубева, рэжысёр фільма — Людміла Клінцова, кінааператар — Аляксандр Уласаў, гукааператар — Дзмітрый Петрусенка, музыка — Максім Валодзін.

Фільм распавядае пра тое, як суверэнная Беларусь аднаўляла вялізныя пласты нацыянальнай культуры і гісторыі пасля развалу СССР. У фільме прынялі ўдзел кіраўнікі знакавых устаноў культуры, культурныя дзеячы, такія як архітэктар Віктар Крамарэнка, балетмайстар Валянцін Елізар’еў, рэжысёр Мікалай Пінігін, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, оперная дзіва Ніна Шарубіна, народныя артысткі краіны Таццяна Мархель, Інэса Душкевіч, мастацтвазнаўца Вольга Бажэнава. У стужцы яны распавядаюць пра тое, як будаваліся і аднаўляліся знакавыя аб’екты культуры Беларусі за час яе незалежнасці: Нацыянальная бібліятэка, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны мастацкі музей, Мірскі і Нясвіжскі замкі і такія духоўныя святыні, як крыж Ефрасінні Полацкай і Слуцкае Евангелле.

— Вельмі хацелася зрабіць фільм, у якім было б усё галоўнае, усё ўнікальнае, то, чым мы можам ганарыцца амаль за 30 гадоў сваёй незалежнасці, — распавяла Наталля Голубева. — У гісторыі гэта — міг, і тое, што мы, беларусы, здолелі зрабіць за гэты час — не проста ўражвае, а прымушае захапляцца тымі людзьмі, якія аднаўлялі гістарычнае аблічча краіны і будавалі новую, незалежную Беларусь.