Марыя і Хаос

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Марыя Пяшкун вырашыла падзяліцца з грамадой сваімі думкамі. Дакладней, тым асаблівым ладам мыслення, які не прымае наўпрост законаў фармальнай логікі і, як падаецца, пазбягае сутыкнення з скамянелымі канонамі здаровага сэнсу. Ёй, так бы мовіць, гэта дазволена паводле гендарнай прыналежнасці і творчай натуры. Яе выстава ў галерэі “Універсітэт культуры” называецца “Хаос маіх думак”.

/i/content/pi/cult/774/16714/013.JPGНаведвальнікам выставы я параіў бы не адразу глядзець шыльдачку з назвай твора, а спачатку паспрабаваць зразумець, што там намалявана, а ўжо потым суаднесці сваё бачанне з аўтарскай трактоўкай. Маім першым уражаннем было нібыта я разглядаю ілюстрацыі да новага выдання “Алісы ў Краіне цудаў”. Прычым, мастаку вельмі хочацца захаваць дух гэтай інтэлектуальнай казкі, але зусім не цікава засяроджвацца на яе зместе. І яшчэ забыць пра папярэднікаў — усіх, хто калі-небудзь рабіў ілюстрацыі да “Алісы”. Маўляў, я — першая, а да мяне нікога і нічога не было. Падобна, што гэта тэза для мастачкі стрыжнявая і па жыцці, і па творчасці.

Ужо потым заўважаеш, што сюжэты карцін зусім не “дзіцячыя”, і аналагі ім можна знайсці ў бурнай гісторыі сусветнага мастацтва ў перыядзе ад імпрэсіяністаў да сюррэалістаў. Гэта калі ставіцца да творчасці Марыі Пяшкун з акадэмічнай сур’ёзнасцю. Але хутчэй за ўсё сама мастачка на такое стаўленне да сваіх творчых рэфлексій не разлічвае. Больш за тое, залішняя сур’ёзнасць яе нават пакрыўдзіла б. Калі браць да ведама, што ў кожнага творцы свой спецыфічны глядач, дык творчасці спадарыні Марыі пасуюць асобы, якія не надта замарочваюцца праблемамі побыту і адмоўнымі з’явамі жыцця. Яны ўспрымаюць Хаос як зыходны чыннік гармоніі і таму ставяцця да ўсяго з філасофскім спакоем. Асабіста мне вельмі хацелася б належыць да гэтай суполкі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"