Аўдыя & Відэа

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Лістападаўскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар ВІА “Харлі” Яўген ЧАЛЫШЭЎ (A.) і аглядальнік газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/774/16712/_opt.jpegГурт “БЕЗ БИЛЕТА”, альбом “Легенда”

A.: Праслухаўшы альбом, атрымаў пазітыўныя, яркія эмоцыі, хоць новага для сябе нічога не адкрыў. Я не занадта добра знаёмы з раннімі работамі гурта, але ў дадзенай магу адзначыць аранжыроўкі, што ідуць у нагу з часам, а перапляценне “жывога” саўнда з электроннымі камп’ютарнымі патэрнамі вельмі асвяжае рэліз і робіць яго яшчэ сучасней. У цэлым ён мне здаўся больш дарослым, ці што, вывераным. Адзначу гук: звядзенне і майстарынг на ўзроўні, не сорамна паказаць у любым пункце свету. Пару б песень на беларускай мове…

B.: Перад тым, як сысці на час у адпачынак, гурт Віталя Артыста суцешыў нас новым альбомам. Слухаючы яго песні, разумееш, — вецер перамен ніколі не сціхне ў душах удзельнікаў калектыву, што ўсё гэтак жа падарожнічаюць у кампазіцыях па краінах, уражаннях, пачуццях. Светлыя, сонечныя, у меру гарачыя трэкі, але абавязкова з кропелькамі салёнай вады. І, вядома, як без рэгі — практычна ў кожным са сваіх папярэдніх поўнафарматных рэлізаў каманда выказвае “рэспект” стылю: на гэты раз у трэку “Выклікаем лета!” рэгі арганічна суседнічае з ламбадай. Яшчэ адзін безумоўны хіт альбома — развітальная дарожка Aloha. І адзначу са знакам “+” новыя версіі старых правераных баевікоў — “2 лодкі”, “Рамонак”, “Чырвонаму дыску Сонца”. Прыбраны па настроі выйшаў рэліз, добры, ласкавы і хвалюючы.

/i/content/pi/cult/774/16712/opt.jpegDuся, альбом “Залатыя купалы. Акустыка”

A.: Арыгінальна для беларускага ўнутранага рынку і не дастаткова арыгінальна для іншай постсавецкай прасторы. Гэтакае спляценне творчасці Земфіры, Манетачкі і гэтак далей. З трэцяй песні настрой становіцца мінорным. Наогул, музыка не для шырокага кола, аднак з пункту гледжання азнаямлення і з такім бачаннем свету — чаму б і не? Перад вачыма малюецца наступная карцінка: самотна стаіць у белым полі дом, або хата, занесеная снегам, з трубы ідзе дымок, а ў хаце хтосьці жыве і вонкі выходзіць не хоча — патрэбы няма. І хай сабе жыве так — для шчасця некаторым людзям, асабліва залішне творчым, шмат чаго не трэба. Увогуле, альбом цікавы, але... для аднаразовага праслухоўвання.

B.: Акустычная версія леташняга альбома спявачкі. Песні пад фартэпіяна. У лепшых кампазіцыях адчуваецца ўплыў Земфіры, у менш выразных — Манетачкі і іжэ з ёй. Паэтычна-музычнае даследаванне ўласнага ўнутранага свету і свету навакольных людзей, гэтакі павольны заплыў па плыні жыцця — з развітальнай аглядкай на не заўсёды бясхмарнае пражытае, розным па настроі існаваннем у сучаснасці і непрагназуемым будучым. Матэрыял часам сапраўды чапае, нават забаўляе, як трэш-трэк “Дапамажы мне кінуць паліць”, часам пралятае міма. Не безнадзейна.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/774/16712/IOWA 2_opt.jpegГурт Iowa, кліп на песню “Маякі”

А.: Адразу адчуваецца ўзровень. Прычым кліп — проста твор мастацтва! Песня для Каці Іванчыкавай, напэўна, не зусім характэрная, раней я не чуў такіх аранжыровак у гурта: тое, што прапанавана ў дадзенай кампазіцыі, мае дачыненне, хутчэй, да Макса Фадзеева, Наргіз. Калі артысты працягнуць у тым жа духу, у іх будзе добры шанец пакінуць пасля сябе сур’ёзны, а не мыльны след у гісторыі поп-музыкі.

B.: Магілёўскія разведчыкі, якія штогод выконваюць сакрэтную поп-рок-місію ў Санкт-Пецярбургу, прэзентавалі манументальны кліп, прысвечаны праблеме забруджвання навакольнага асяроддзя. Вось дзяўчынка радуецца каляроваму святлу. А вось ужо яна ў смеццевым апакаліпсісе — у канвульсіўным танцы б’ецца ў нафтавай лужыне. Хто ж выратуе і яе, і планету наогул? Дождж — як прышэсце чагосьці ачышчальнага, што змывае бруд з сукенкі падлетка? Мы самі? Дзіця спрабуе стаць такім чысцільшчыкам, але яму аднаму не па сілах вярнуць Зямлі ранейшую прыгажосць. І тут на дапамогу прыходзяць людзі-маякі. Наш дом зноў ззяе, усе шчаслівыя. Магутным выйшла відэа, струны душы трымцяць. У песні марудлівыя куплеты змяняюць драйвовыя прыпевы, на канцэртах трэк павінен праходзіць “на ўра”. Але медыйным хітом яму не стаць — занадта сур’ёзную тэму закранае кампазіцыя…

/i/content/pi/cult/774/16712/pt.jpegГурт “Молчат дома”, кліп на песню “Судна”

А.: Кліп ярчэй самой песні. Шчыра кажучы, не аматар я такой музыкі, ды і не пачуў яе ў адкрыта дэпрэсіўным трэку. Калі я паглядзеў фільм “Сабачае сэрца” ў першы раз, агідна стала на душы. Вось тут прыблізна гэтак жа. Але пасля другога прагляду ў тое кіно ўлюбляешся, нягледзячы на карычневую карцінку і досыць “пахмурны” сюжэт. Што ж тычыцца песні, любоў да яе наўрад ці прыйдзе да мяне і пасля трэцяга прагляду.

B.: Сапраўды вельмі нядрэнны постпанк-гурт праспяваў песню пра эмаляванае судна, акенца, тумбачку — пра тое, што некаторых з нас чакае на смяротным ложку. Нягледзячы на такое не жыццесцвярджэнне, кампазіцыя атрымалася бадзёранькая, з прыемнымі слыху гітарнымі пераборамі, па сваёй агульнай карцінке яна мне нагадала раннія рэчы гурта “Кино”. Кліп жа, уласна, дадае змроку тэкставаму зместу трэка. Нейкі чалавек у куце пакоя, сцены яго абклееныя незлічонымі лісточкамі паперы, на якіх нешта напісана… Ды яшчэ чорныя рукі героя, ды нейкія кляксы. І ўсё на гэтым. Маўляў, жыццё лісточкамі і сыходзіць, ды і што за жыццё — чарната адна. Сюррэалізм, увогуле.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"