БМВ: філарманічны фармат

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Калі назву Міжнароднага фестывалю “Беларуская музычная восень” сціснуць у абрэвіятуру, атрымаецца БМВ. Паспрабуем разабрацца, ці сталася гэта культурная падзея, што ўжо ў 45-ты раз прайшла ў сталічнай філармоніі, такой жа “крутой”, як яе замежная цёзка на колах?

/i/content/pi/cult/774/16711/011.JPGДля пачатку — тэхнічныя параметры. Прабег — 27 кіла… канцэртаў, “наматаных” крыху больш за месяц, з 24 кастрычніка па 30 лістапада. А між тым, слухачы-“пасажыры” паспелі пабываць у Германіі, Даніі, Іспаніі, Малдове, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, не пакідаючы пры гэтым Беларусь. І, калі ўжо быць цалкам дакладнымі, правёўшы тыя музычныя падарожжы ў дзвюх філарманічных залах, што знаходзяцца ў адным будынку. А колькі розных эпох пры гэтым ахоплена! Ад Сярэднявечча да ХХ і ХХІ стагоддзяў — ну проста “машына часу”!

Паспрабуем спыніцца хаця б на некаторых цікавостках. І пачнём з урачыстага старту — тым больш, што канцэрт адкрыцця быў прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР, кампазітара Яўгена Глебава.

Да гэтага юбілею ў нашай краіне ладзіліся самыя розныя мерыпрыемствы, уключаючы Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную праблемам і перспектывам музычнага тэатра, дзе не толькі даследаваліся, але і гучалі творы кампазітара-класіка. Дый уласна канцэртаў было багата: многія калектывы і салісты рыхтавалі і асобныя творы, і суцэльныя праграмы. Маэстра Аляксандр Анісімаў, які кіруе Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам і праводзіць падобныя вечарыны з музыкай Яўгена Глебава рэгулярна, вырашыў на гэты раз сабраць на адной сцэне адразу некалькі выканальніцкіх складаў (гл. “К” № 43) і нават дырыжыраваў яшчэ і Прэзідэнцкім аркестрам.

Вярнуцца ў газеце да гэтай праграмы вымусіла наступная акалічнасць. Як музыказнаўца, які ўжо самой сваёй прафесіяй прызваны стаяць на абароне аўтарскай задумы кампазітара, я звычайна падазрона ставілася да разнастайных пералажэнняў твораў Глебава: усё ж яго адметную, надзвычай каларытную, “сакавітую” аркестроўку з імкненнем да пашыраных інструментальных складаў даволі цяжка перадаць іншымі тэмбрамі. Тым не менш, вялікі знаўца і адданы папулярызатар нацыянальнай спадчыны, дэкан аркестравага факультэта Акадэміі музыкі Максім Расоха рабіў такія пералажэнні неаднойчы: некалькі гадоў таму — для свайго квартэта драўляных духавых Riviera, цяпер — для студэнцкага духавога аркестра і Ансамбля “Мінск-Класік”. Апошнія два калектывы сталі ўдзельнікамі згаданага канцэрта адкрыцця “Беларускай музычнай восені”, прычым выконвалі кінамузыку кампазітара, якая звычайна сыходзіла ў цень перад “сур’ёзнымі” буйнымі партытурамі.

І раптам стала зразумела, што Яўген Глебаў — гэта, па сутнасці, Ёган Штраус сучаснасці. Толькі ў таго былі венскія вальсы ды імклівыя полькі-паскакухі, а ў Глебава — “Лявоніха” з адценнем джаза і лаціна, а вось маршы, румба, танга — усе на беларускі манер, быццам з непаўторнай хітрынкай знакамітага купалаўца, народнага артыста Беларусі і СССР Генадзя Аўсяннікава. Нагадаю, студэнты ўжо выконвалі гэту глебаўскую праграму — па ўсёй Беларусі, пераважна на адкрытых пляцоўках (гл. “К” № 36 за 2019 г.). Але на сцэне сталічнай філармоніі ўсё загучала быццам іначай. Здарыўся сапраўды цуд: пералажэнні загучалі нават лепей, чым арыгіналы. У іх з’явіўся сучасны нерв. Бо аркестроўка Глебава, як і ўвогуле яго музыка, пабудавана на пастаянных кантрастах, прыёмах хуткай мантажнасці “ўстык”, што было ўласціва для тых жа 1970 — 1980-х гадоў. У новых аранжыроўках надта рэзкія супрацьстаўленні “памякчэлі”, знікла адчуванне “мільгацення кадраў”, інструментальныя лініі атрымалі нібыта большую працягласць, замест іроніі — шчырую ўсмешлівасць. І адчуванне… навагодняга свята, што прыходзіць у дом з квяціста ўзнёслымі мелодыямі Іагана Штрауса-сына. Толькі замест класічнага балю струнных — больш разняволенае “танцавальнае шэсце” духавых. З элементамі шоу, зразумела!

Не, не было ніякіх паляўнічых стрэлаў, тэатралізаваных сола ці, тым больш, бальных танцораў. А было сонейка — менавіта зімовае, што не баіцца спаліць, а можа хіба асляпіць “медным ззяннем”, памножаным на срэбрана-снежны бляск флейтавых гучанняў.

Магчыма, у філарманічным канцэрце, дзе аркестр не быў скаваны фрагментамі кінастужкі і неабходнасцю трапляць ёй “у такт”, можна было дзесьці адыйсці ад пачатковых тэмпаў, прадыктаваных кінарэжысёрамі, і крыху “пахуліганіць”, што насамрэч вельмі любіў Яўген Аляксандравіч: “Гульнёвы” танец з “Вясновай казкі”, знятай паводле “Снягуркі” Аляксандра Астроўскага, крыху зрушыць у тэмпе, а “Камічны” — наадварот, запаволіць, прысядаючы “цяжкой меддзю” на кожную моцную долю. Затое згаданая “Лявоніха” праляцела з такім шалёна заліхвацкім імпэтам, што дагнаць пары з прыскокамі можна было хіба ў сцішанай сярэдняй частцы.

Не менш запамінальным было закрыццё фестывалю — яшчэ адным міні-фестывалем у рамках працяглай “Беларускай музычнай восені”, а менавіта гала-канцэртам Міжнародных музычных вечароў фартэпіянных дуэтаў Duettissimo — 2019. Фінальнай кропкай (а дакладней, прыўзнятым па настроі клічнікам) стаўся Канцэрт для двух фартэпіяна з аркестрам Генрыха Вагнера. Гэты знаны беларускі кампазітар, патрапіўшы да нас у ваеннае ліхалецце з Польшчы, у гады Вялікай Айчыннай працаваў у канцэртных брыгадах, у тым ліку з аркестрам Леаніда Уцёсава і нават быў канцэртмайстрам яго дачкі Эдзіт. Але пра тое, што джаз быў яму роднай стыхіяй, мы даведаліся толькі на заходзе 1980-х, калі з’явіўся гэты твор: з пасляваеннага часу джаз патрапіў у няласку, і гэтая “падазронасць” да “варожага” заходняга мастацтва замацавалася за ім надоўга. А ў гэтым творы Генрых Вагнер нават замест сімфанічнага аркестра выкарыстаў, па сутнасці, біг-бэнд, бо з вялікай арміі струнных пакінуў адно кантрабас.

Першымі выканаўцамі Канцэрта “ў джазававых танах” былі народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў і яго жонка-паплечніца Наталля Ташчыліна, якая нядаўна пакінула нас назаўжды. Новымі салістамі сталі Наталля Котава-Громава і Валерый Баравікоў — фартэпіянны дуэт з больш як 20-гадовым стажам. Менавіта гэтыя музыканты, дарэчы, склаўшы філарманічны калектыў, выступілі пяць гадоў таму заснавальнікамі форуму Duettissimo. І штогоднім яго правядзеннем, напісаннем пералажэнняў, навукова-метадычных публікацый, сваёй уласнай канцэртнай і педагагічнай дзейнасцю садзейнічалі папулярызацыі фартэпіяннага дуэтнага выканальніцтва ў нашай краіне. Доказам — згаданы гала-канцэрт, цалкам складзены з выступленняў высокапрафесійных беларускіх дуэтаў, якіх назбіралася ажно восем. За пультам філарманічнага аркестра стаяў малады айчынны дырыжор Юрый Караваеў.

А колькі запамінальных вечарын было цягам усёй “…Восені”! Удзячныя слухачы заўзята пляскалі ў далоні Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру імя І.Жыновіча, які прэзентаваў на фестывалі адразу дзве розныя праграмы — “Незабыўнае” ў гонар 50-годдзя “Песняроў” і, у больш камерным складзе, “Французскі бульвар”. Паўнюткія залы адданых прыхільнікаў назбіралі сольнікі нашага опернага барытона Іллі Сільчукова і расійскага піяніста Аляксея Чарнова, якога публіка памятае з 2005 года, калі ён перамог на міжнародным конкурсе, што праходзіў у нашай філармоніі.

Ды пералічваць трэба абсалютна ўсе канцэрты, уключаючы выступленні шматлікіх замежных гасцей (між іншым, адзін з канцэртаў быў арганізаваны пры падтрымцы Амабасады Румыніі ў Беларусі — і гэта ўжо добрая традыцыя). Кожны з вечароў утрымліваў свае разыначкі. Да прыкладу, Павел Аракелян з калектывам The outsidersс падарылі не толькі аўтарскі джаз, але і сапраўдную музычна-паэтычную кампазіцыю з тэатральна-светлавымі эфектамі: музыка чаргавалася з вершамі, што гучалі ў цемры і спляталіся ў асаблівую таямніча-тэатральную атмасферу. А сам Павел Аракелян, сыграўшы ў фінале на ўсіх, бадай, разнавіднасцях саксафона, стварыў яшчэ і гэткі “тэатр аднаго акцёра”. Бляск!

“…Восень” скончылася, але гэта не значыць, што адметных канцэртаў у філармоніі паменшала. Ды там кожная вечарына — у лепшым сэнсе гэтага слова “фестывальная”. На ўзроўні БМВ!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"