Марафон, новы музей і опера ў ратушы

№ 37 (855) 13.09.2008 - 19.09.2008 г

Сёлета асаблівасцю правядзення Дня горада ў Мінску — 13 верасня — стане тое, што мерапрыемствы — шматлікія канцэрты, выстаўкі і іншыя імпрэзы — арыентаваны не на масавага спажыўца, а маюць на мэце арганізацыю сямейнага адпачынку гараджан. З гэтай мэтай канцэртныя пляцоўкі з’явяцца ў кожным кутку горада.

Напярэдадні Дня горада для жыхароў сталіцы свае дзверы адчыняе новы кінатэатр “Беларусь” і мемарыяльны музей Заіра Азгура. А ў Палацы Рэспублікі падводзіць вынікі “Мінскі майстар” — прызы атрымаюць лепшыя прафесіяналы сталіцы. Усяго ж да ўдзелу ў конкурсе было даслана каля 2000 заявак.
Паколькі 2008 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам здароўя, натуральна, што адной з ключавых падзей Дня горада з’яўляецца марафон, удзел у якім могуць прыняць усе ахвотныя, пачынаючы з 14 гадоў. А спецыяльна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўведзена дыстанцыя ў 10 км. Пачнецца і скончыцца марафон ля абеліска «Мінск — горад-герой», а яго пераможца атрымае прыз у памеры 6 мільёнаў рублёў. Мяркуецца, што ўдзел у спаборніцтве прыме каля 10 000 чалавек.
Каля будынка Палаца спорту пройдуць паказальныя выступленні нашых спартсменаў. Асаблівы інтарэс гараджан і гасцей сталіцы, безумоўна, выклічуць ролікавыя канькі і скейты. Каля гасцініцы «Юбілейная» размесцяцца батуты, каля кінатэатра “Масква” чакаюць аматараў коннага спорту, а на праспекце Пераможцаў — прыхільнікаў міні-футболу.
Акрамя таго, на праспекце Пераможцаў каля Палаца спорту сваё майстэрства прадэманструюць прадстаўнікі сталічнай службы быту, для ўсіх ахвотных будуць арганізаваны шматлікія віктарыны і конкурсы, пройдзе традыцыйнае Свята мёду.
Каля Нацыянальнай бібліятэкі адбудзецца канцэрт беларускіх артыстаў. Шэраг мерапрыемстваў у розных кутках горада будзе адрасаваны дзецям.
Выстаўка-кірмаш «Горад майстроў» адбудзецца ў Траецкім прадмесці: свае работы на ёй прадставяць сталічныя разбяры, кавалі, саломкапляцельшчыкі. Побач з імі “ажывуць” сярэднявечныя рыцары і сяляне, загучыць гістарычная музыка.Музеі Мінска таксама не застануцца ў баку ад свята: яны будуць працаваць да 4 гадзін раніцы.
Вечарам у Палацы Рэспублікі адбудзецца творчая справаздача сталіцы, прысвечаная 65-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У фае гледачоў чакае фотавыстаўка, на якой прадстаўлены архіўныя фотаздымкі старога горада, а побач — праекты і макеты таго, як будзе выглядаць Мінск у бліжэйшым будучым. На плошчы Бангалор адбудзецца канцэрт «Новыя песні пра Мінск», а ў сталічнай ратушы пройдзе канцэрт духоўнай музыкі і выступяць салісты оперы.
А завершыцца дзень яркім феерверкам, які традыцыйна пройдзе а 22-ой гадзіне каля стэлы “Мінск — горад-герой”.

Марына САВІЦКАЯ