Такое дарослае “Дзіцячае Еўрабачанне”

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

У польскім горадзе Глівіцэ ў мінулую нядзелю адбыўся фінал “Дзіцячага Еўрабачання”. Тамтэйшая арэна ў пэўным сэнсе пераняла эстафету ад Мінска, дзе конкурс праходзіў летась і дзе таксама перамагла польская дзяўчына. Але і высокім узроўнем шоу гэтыя два песенныя святы маглі параўнацца. Пераможцай стала Вікі Габар з Польшчы, а прадстаўніца Беларусі Ліза Міснікава па выніку заняла 11 месца.

/i/content/pi/cult/773/16697/015.JPGДа таго ўсё і ішло ў поп-музыцы — дзіцячыя спевы сталі зусім недзіцячымі. Па-першае, гэта ўжо сапраўдны шоу-бізнес — пра што сведчыць і неверагодная папулярнасць у многіх краінах тэлепраектаў кшталту “Голас. Дзеці”: і жарсці на іх бушуюць абсалютна недзіцячыя, і ахоп тэлеаўдыторыі параўнальны з дарослымі спаборніцтвамі. Дарэчы, у сёлетнім конкурсе было нямала фіналістаў нацыянальных версій “Голаса”. Па-другое, узровень выканальніцкага майстэрства ў юных артыстаў вырас настолькі, што ўжо і не выпадае рабіць скідкі на ўзрост і казаць пра мілыя асаблівасці і недасканаласці дзіцячага вакалу. Па-трэцяе, песні цяпер робяць тыя ж самыя кампазітары і аранжыроўшчыкі, якія працуюць з артыстамі ўзроўню хіт-парадаў — як правіла, самадзейнасцю тут не пахне. А чацвёртым пунктам можна дадаць падзабытае слова “акселерацыя” — ва ўзросце 12—14 гадоў многія падлеткі на сцэне старанна капіруюць зорак сусветнага шоу-бізнесу і выглядаюць такімі ж дарослымі.

Усё сказанае тычыцца і сёлетняга песеннага спаборніцтва. Гледзячы трансляцыю, я неаднойчы згадвала нашу Ксюшу Сітнік — менавіта маленькую дзяўчынку, менавіта з дзіцячай песняй без прэтэнзій на сусветныя чарты, менавіта з дзіцячым няроўным вакалам. А на арэне ў Глівіцэ мы пачулі мноства выдатных галасоў, пачулі менавіта вакалістаў, пачулі модныя песні. Адметна і тое, што большасць удзельнікаў мелі па 14, 13, 12 гадоў. Хаця “Дзіцячае Еўрабачанне” дапускае з 9 гадоў.

/i/content/pi/cult/773/16697/016.JPGФаварытамі былі тыя, хто і склаў асноўную інтрыгу ў галасаванні падчас трансляцыі — прадстаўніца Польшчы Вікі Габар і прадстаўнік Казахстана Ержан Максім. Мушу сказаць, што кожны з іх быў варты перамогі. 12-гадовая Вікі Габар прадэманстравала бездакорны гібкі вакал і вельмі стыльную танцавальную кампазіцыю, але пры гэтым абышлася без R’n’B-патэтыкі і пошлых рухаў, не перайшла мяжы густу: на сцэне мы бачылі менавіта дзяўчынку, якая выдатна спявае, а не асобу неакрэсленага ўзросту, якая хоча выглядаць як разняволеныя дзяўчыны з правакатыўнымі паводзінамі ў сучасных музычных відэа. Тут міжволі просіцца параўнанне з сёлетнімі беларускімі ўдзельніцамі што дарослага “Еўрабачання”, што дзіцячага — стылістыка быццам бы адна і тая ж. І юная Zena, і яшчэ больш юная Ліза Міснікава зрабілі стаўку на кшталту вострамоднае, актуальнае і вельмі дарослае. І не ўгадалі трэнд, і не занялі высокіх месцаў. А стаўку трэба было рабіць менавіта на маладосць і на голас.

Вікі Габар напраўду ўжо вельмі папулярная артыстка — яе кліпы маюць мільёны праглядаў на Youtube, у яе ў Instagram да перамогі было каля 70 тысяч падпісчыкаў. У нечым поспех Вікі можна параўнаць з леташнім поспехам іншай прадстаўніцы Польшчы — Раксаны Венгель, якая перамагла ў Мінску: таксама прафесійна, таксама без скідак на ўзрост. Раксана Венгель была адной з вядучых конкурсу ў Глівіцэ, і мы маглі пабачыць, наколькі хутка растуць дзеці.

Другі фаварыт — і мой асабісты фаварыт — Ержан Максім, што прадстаўляў Казахстан. Ён заняў другое месца па суме, але перамог па выніках галасавання нацыянальных журы. Нашы тэлегледачы маглі запомніць яго па расійскім тэлепраекце “Голас. Дзеці”, дзе адбыўся скандал з галасаваннем і дзе спачатку пераможцай абвясцілі дачку Алсу Мікелу Абрамаву, хаця ўсім было відавочна, што лепшы менавіта Ержан. Вось і на гэты раз у яго не перамога, але ж цяпер усё сумленна. Хаця — сёлетнія правілы, калі можна галасаваць онлайн, некалькі дзён і за прадстаўнікоў сваіх краін, уносіць карэктывы на карысць больш населеных і больш актыўных у “Еўрабачанні” краін. Ержан Максім — выдатны вакаліст класічнай школы, выступіў бліскуча з драматычнай кампазіцыяй і прадэманстраваў моц голасу і сілу духу. Я б сказала — ад яго спеваў сэрца замірае так, як ад спеваў Раберціна Ларэці.

Сёлета якраз той выпадак, калі вартых перамогі ўдзельнікаў было нямала. І іспанка Мелані Гарсія, што заняла трэцяе месца, і італьянка Мартэ Віола, і прадстаўніца Паўночнай Македоніі Міле Москов, ды й некаторыя іншыя спявалі бліскуча і ўпэўнена. 14-гадовы аўстраліец Джордан Энтані пад першым нумарам проста задаў тон усяму конкурсу — гатовы стадыённы артыст. Паўтаруся, амаль усе былі вопытнымі конкурснымі байцамі, не першы раз на вялікіх сцэнах.

Нашы іншыя бліжэйшыя суседкі — Расія і Украіна — не занялі высокіх месцаў. Сімпатычная песня кранальнай украінкі Сафіі Іванко аказалася ці занадта мудрагелістай, ці занадта лаунжавай для масавай публікі. А вось расійскі дуэт Таццяны Межанцавай і Дэнберэла Ооржака, пераможцы расійскага тэлешоу “Ты супер!”, здзівіў і невыразнай песняй, у якую дарослыя, што рыхтавалі дзяцей на “Еўрабачанне”, відавочна, заклалі не зусім дзіцячыя пафасныя сэнсы, і несупадзеннем галасоў, і тым, што Дэнберэл увогуле не меў магчымасці прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці. Але нейкім канкурсантам не пашанцавала яшчэ болей — апошнія месцы занялі прадстаўніцы Мальты і Уэльса, але ж у іх былі вельмі мілыя выступленні, а мы ўсе змаглі пачуць і мальтыйскую мову, і валійскую. Увогуле, у цэнтры сёлетняга “Дзіцячага Еўрабачання” былі голас і родная мова: усе канкурсанты спявалі на сваіх мовах — з дадаткам англійскай. Былі спевы і на ірландскай, і на нідэрландскай, не кажучы ўжо пра грузінскую, іспанскую, армянскую і гэтак далей. Толькі беларускай мы не пачулі. І як тут не згадаць невялічкі скандал на нашым сёлетнім нацыянальным адборы, калі ў галасаванні тэлегледачоў перамагла Марыя Ермакова з песняй “Вятры”, менавіта на беларускай мове. У Лізы Міснікавай, якая ўмее і спяваць, і выступаць на сцэне, таксама, дарэчы, была цалкам неблагая сама па сабе і з хітовым патэнцыялам песня. Але як і ў выпадку Zena — на мой погляд, канцэптуальна і стылістычна тыя, хто рыхтаваў юных дзяўчат да конкурсаў, спазняюцца на гады ад еўрапейскіх трэндаў і ўзроўняў. У Беларусі зараз вядуцца размовы, што нарэшце будзе запускацца тэлешоу кшталту “Голаса”. Але мы з года ў год назіраем за нашымі еўрабачаньскімі адборамі — людзі з ліку арганізатараў, рэдактараў і членаў журы быццам мяняюцца, падыходы ўсё тыя ж. Баюся, так будзе і з беларускім “Голасам” — кулуарна, у сваёй кампаніі, па звыклых шаблонах. Быццам і няма ў нас новай цікавай музыкі, якая заваёўвае свет, быццам і няма ў нас журналістаў і спецыялістаў, што разбіраюцца ва ўсіх актуаліях, быццам нашы юныя і проста маладыя вакалісты не ўпрыгожваюць расійскія і ўкраінскія шоу. А “Дзіцячае Еўрабачанне” ў Польшчы чарговы раз засведчыла, як імкліва ўсё мяняецца ў свеце папулярнай музыкі і што нельга пачынаць даганяць гэта праз дзесяць гадоў. Але ж і засведчыла, што вечныя каштоўнасці — голас і талент — застаюцца вечнымі.