Харэаграфія на віцебскі манер

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

У Віцебску завяршыўся IFMC — 2019 — ХХХІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Акрамя гасцявой праграмы, ён змяшчаў конкурсную, якая сёлета разгортвалася сярод беларускіх удзельнікаў. Першай прэміяй была адзначана віцебская кампазіцыя — “Дзевы” Тэатра-студыі Дзіяны Юрчанка. Прыз імя Яўгена Панфілава, які прысуджаецца лепшаму харэографу, атрымаў мінчук Ягор Яраш. У цэнтры гасцявых паказаў апынулася сусветная прэм’ера — двухактовы “Вій” тэатра “Кіеў Мадэрн-балет”, пастаўлены старшынёй журы Раду Паклітару і прывезены спачатку ў Мінск, а потым у Віцебск.

/i/content/pi/cult/773/16694/014.JPGСусветная прэм’ера на IFMC — прыбытак для абодвух бакоў. Добра было б зрабіць гэта традыцыяй! Раду Паклітару, як ён гэта часта робіць у іншых спектаклях, наблізіў дзеянне “Вія” да сучаснасці, пераасэнсаваў некаторыя сітуацыі і персанажы, прычым зрабіў гэта з вельмі тонкім выхаваўчым адценнем, скіраваным на моладзь. Сотнік, акружаны ахоўнікамі, стаў не бацькам, а “папікам” Панначкі. Хама Брут знаёміцца з ёй у начным клубе, дзе атрымлівае заслужаную аплявуху ад сваёй дзяўчыны Васіліны. Дый увогуле галоўны герой тут зусім не бедны пацярпелы ад містычнай навалы, а шчадралюбны, разбэшчаны юнак, які гіне з-за сваіх неразборлівых сувязяў: жанчына для яго — усяго толькі выток задавальнення ўласных прыхамацяў, рэч, якую можна растаптаць ды выкінуць. Панначка даруе яму сваю смерць — ды не даруе здраду з першай спадніцай, што патрапілася на вочы. Своеасаблівым двайніком-антаганістам героя становіцца ягоная Душа, але гэты выдатны ход зніжаецца трывіяльна смешным фіналам — карасканнем па лесвіцы, спушчанай з каласнікоў. Няўжо няма іншых спосабаў увасобіць смерць?

Дзеянне разгортваецца ў таямніча падсвечаным кубе (разрэкламаваная тэхналогія аб’ёмных відэавыяў) і па-за ім на авансцэне. Героі вабяць індывідуалізаванай пластыкай, артысты добра кантактуюць з відэапраекцыяй. Многа цікавых падтрымак можна заўважыць не толькі ў згаданых Адажыа, але і ў некалькіх па-дэ-труа — на жаль, надта сціслых.

Асабіста мне ў гэтай працы талентавітага балетмайстра ўвогуле не ставала… харэаграфіі. З прычыны залішняй, на мой погляд, кампактнасці балета. Магчыма, гэта было звязана з недастатковай працягласцю музычнага развіцця? Бо Раду Паклітару, які ў сваіх пастаноўках заўжды ідзе за музыкай, зацікавіўся аднайменнай сімфанічнай паэмай сучаснага ўкраінскага кампазітара Аляксандра Родзіна і папрасіў таго дапісаць партытуру да неабходных маштабаў. Музыка гэта сапраўды яркая, вобразная, з нешараговымі тэмбравымі фарбамі (адзін варган чаго каштуе!). Ды надта хутка ў ёй адбываецца дзеянне. Каб публіка не паснула? Але калі ёсць такое шыкоўнае відовішча, дык хочацца яго працягу! Асабліва ў сольных і ансамблевых сцэнах, якія хочацца глядзець ды глядзець, а музыка замест далейшага развіцця — заканчваецца, пераходзіць да наступнай сцэны.

Многа шуму нарабіла адкрыццё фестывалю. У той вечар ішла “Ганна Карэніна” — не Вялікага тэатра Беларусі і не Музычнага тэатра Карэліі, які гастраляваў у Мінску ў тыя ж самыя дні (здараецца ж такое: тры аднайменныя, але зусім розныя харэаграфічныя спектаклі сышліся разам), а Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Вахтангава. Насамрэч, тую трактоўку вядомага рамана Льва Талстога, ажыццёўленую літоўскім харэографам Анжалікай Холінай, у Беларусь ужо прывозілі — у 2011-м на V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, які быў папярэднікам TEARTа. Праўда, тады мы глядзелі спектакль Танцавальнага тэатра Літвы, а потым балетмайстар ажыццявіла перанос сваёй працы да вахтангаўцаў. І не прагадала! Бо ўсе пачалі захапляцца, як добра танцуюць драматычныя артысты. Калі ж разглядаць спектакль з пункту гледжання менавіта харэаграфіі, дык давядзецца канстатаваць, што там і героі ўвасоблены дастаткова традыцыйна (рамантычныя Ганна і Вронскі, уладарны, бяздушны Карэнін), і пластычная лексіка не вызначаецца нейкай асаблівай вынаходлівасцю, з-за чаго некаторыя персанажы страчваюць індывідуальнасць. Затое некаторыя сцэны зроблены вельмі эфектна, асабліва фінальная: сеўшы на крэслы, артысты скачуць усім натоўпам, імітуючы цягнік. Бліскучае рашэнне!

Усе фестывальныя падзеі (і асабліва “закулісныя” — тыя ж майстар-класы, квест для канкурсантаў і іншае) былі добра адлюстраваны ў штодзённых дзённіках Дзмітрыя Карася на БТ-3. Фінал конкурсу ішоў онлайн у інтэрнэце: цудоўнае новаўвядзенне! А па каментарый мы звярнуліся да аднаго з членаў журы — народнага артыста Беларусі Канстанціна Кузняцова, які ў свой час сам быў удзельнікам і фестывалю і конкурсу, а цяпер з’яўляецца салістам нашага Вялікага тэатра і ажыццяўляе ўласныя адметныя пастаноўкі.

— Перамога Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску была заканамернай і прадказальнай, — падзяліўся ўражаннямі Канстанцін Кузняцоў. — Бо кіраўнік калектыву Дзіяна Юрчанка вядзе планавую, сістэматычную працу ў гэтай галіне. Многім удзельнікам не хапала добрай падрыхтоўкі. Складалася ўражанне, што некаторыя канкурсанты схадзілі на адныя-другія майстар-класы — і прадэманстравалі ўвесь набор рухаў, якім навучыліся. Часам здзіўлялі вялізныя анатацыі: мініяцюра ідзе тры хвіліны, а яе апісанне-тлумачэнне займае чатыры абзацы. Але калі сутнасць падрабязна выкладзена словамі, дык навошта харэаграфія? Увесь смак танца і пластыкі ў тым, што яны ўзрушваюць эмацыйна, але пакідаюць нейкую таямніцу, недасказанасць, прастору для ўласных тлумачэнняў. Чуў, як пасля пераможнага нумара “Дзевы” гледачы гаварылі: маўляў, я не зразумеў, пра што, але гэта крута. Кампазіцыя анансавалася двума словамі: пытанні гендару. Жанчын там кідалі, цягалі. А ў адзін з момантаў на сцэну выходзіла група са швабрамі. Добра пашморгаўшы падлогу, прылады працы ўзнімаліся дагары — і ўсе бачылі, што замест ануч там сітцавыя сукенкі. Проста і эфектна. Прыцягнулі і “Дзяды” таго ж гурта на музыку “Троіцы” — добра раскрытай сутнасцю старадаўняга народнага свята. Мініяцюра “24” прысвячалася тым, хто працуе па 24 гадзіны на суткі. Быў у гэтай лічбе і патаемны сэнс — менавіта столькі гадоў яе харэографу і выканаўцы ў адной асобе Ягору Ярашу, які калісьці скончыў Мінскі каледж мастацтваў, а цяпер вучыцца ў Акадэміі рускага балета імя Ваганавай у Санкт-Пецярбургу. За шалёную эмацыйнасць свайго пластычнага маналога ён атрымаў не толькі прыз Яўгена Панфілава, але і запрашэнне стажыравацца ў кампаніі сусветна знакамітага Анжэлена Прэльжакажа, прадстаўнік якой быў у журы. Анжаліка Холіна была так уражана мініяцюрай “Пра кантакт”, пастаўленай Кацярынай Ясюк у Майстэрні сучаснага танца Міхаіла Камінскага з Універсітэта культуры, што ўручыла ім уласную Спецыяльную прэмію. Былі і іншыя прызы. Узнагарод не шкадавалі, нават трэцюю прэмію падзялілі. На фестывалі і конкурсе склаліся ўстойлівыя традыцыі. Ды раптам падумалася: можа, наспеў час адыйсці ад цяперашніх паўтораў адной і той жа кампазіцыі ва ўсіх турах? Бо калі хтосьці паказваў усяго адну сольную мініяцюру, часам хацелася ўбачыць нешта яшчэ, зробленае для дуэта, ансамбля. Але галоўны вынік — узровень беларускіх удзельнікаў узрос, і вялікая роля ў гэтым належыць самому фестывалю і яго арганізатарам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"