На выспе не сумна, але чаму няма шэдэўраў?

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

У чацвер у сталічным Палацы мастацтва адкрылася выстава-конкурс IV Трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Да ўдзелу ў ёй былі запрошаны прафесійныя мастакі, а таксама студэнты старшых курсаў мастацкіх ВНУ нашай краіны. Кожны ўдзельнік мог прадставіць не больш за тры работы, створаныя не пазней 2017 года. Матэрыял і вырашэнне твораў маглі быць якія заўгодна пры ўмове высокай якасці выканання.

/i/content/pi/cult/773/16693/011.JPGВыстава займае ўвесь другі паверх. У экспазіцыі прадстаўлены сталіца і рэгіёны. Некаторыя творы аматары мастацтва маглі ўжо пабачыць на выставах, але іх большая частка экспануецца ўпершыню. Удала пабудаваная экспазіцыя ўжо сама з’яўляецца творам мастацтва. На выставе ёсць візуальныя акцэнты, але перыферыя адсутнічае. Няма такога, каб штосьці займала ганаровае месца, а штосьці было б нібыта адсунута ў кут. Кожная работа, незалежна ад яе памеру, выстаўлена так, каб глядач не абмінуў яе ўвагай.

/i/content/pi/cult/773/16693/012.JPGЯшчэ да афіцыйнага адкрыцця выставы экспазіцыю агледзела журы Трыенале. Трэба было вызначыць лепшыя работы ў намінацыях “Захаванне традыцый”, “Наватарства”, “Інсталяцыя” і “Гран-пры”. Аўтару гэтых радкоў давялося прысутнічаць пры рабоце журы. Калі ў першых дзвюх намінацыях вызначыць лаўрэатаў было адносна лёгка, бо тут з крытэрыямі ацэнкі ўсё больш-менш зразумела, дык з трэцяй узніклі пытанні. Здавалася б, на тэарэтычным узроўні ўсе ведаюць, што такое інсталяцыя, але ў рэчаіснасці пад гэта вызначэнне трапляе вялікая колькасць самых розных аб’ектаў у самых розных спалучэннях. Чалец журы мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі ў гэтай сувязі нагадаў словы аднаго літаратурнага крытыка: “Калі я не ведаю, як акрэсліць жанр літаратурнага твора, калі гэта і не аповяд, і не аповесць, я кажу “нарыс” альбо “эсэ”. А іншы раз — проста “тэкст”. Дык вось з інсталяцыяй атрымліваецца нешта падобнае…

У параўнанні з папярэднімі Трыенале ў экспазіцыі паболела рэчаў, якія пры захаванні фармальных адзнак керамікі, ткацтва ці мастацкага металу, у канцэптуальным сэнсе належаць мастацтву нейкаму іншаму, для якога ў нас яшчэ і агульнапрынятага вызначэння няма. Можна назваць гэта арт-дызайнам, “аб’ектамі”, ці ўжо згаданымі “інсталяцыямі”. Часам нават не ведаеш, ці гэта крок наперад па магістральным шляху, ці блуканне без компаса, акрэсленая канцэпцыя ці прыгоды інтуіцыі. Адно магу сказаць упэўнена: на выставе не сумна. І гэта, бадай, галоўнае. Ды і само памкненне мастакоў выйсці са звыклага, нават рызыкуючы пры гэтым быць не зразуметым, выклікае павагу.

Калі меркаваць, што Трыенале — праўдзівы адбітак стану нашага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дык міжволі прыходзіш да думкі, якую многія палічаць спрэчнай і правакацыйнай. Да думкі, што беларускай школы ДПМ увогуле няма. Школа ёсць, а вось яе нацыянальнае аблічча неакрэсленае. І тлумачэнне гэтаму трэба шукаць не ў адметнасцях культурніцкага працэсу, а ў менталітэце грамады. Бо як мастацтва ўплывае на грамаду, так і грамада на мастацтва. У побыце, гледзячы на цэннік у краме, мы адразу звыкла пераводзім рублі ў даляры ці еўра. Гэта адбываецца на падсвядомым узроўні. Вось і мастак дзейнічае паводле той жа логікі. Як мы шануем канвертуемую валюту, так і ён арыентуецца на канвертуемыя ідэі і стылістыку. Не на ўласную краіну, але на навакольны свет.

/i/content/pi/cult/773/16693/013.JPGДалібог, я не лічу, што гэта кепска. Гэта ўсяго толькі рэчаіснасць, з якой трэба лічыцца. Занепакоенасць выклікае хіба тое, што на мастацкіх выставах, у тым ліку і ў экспазіцыях ДПМ, усё часцей дамінуюць работы вонкава кідкія, эфектныя, але ж творы, так бы мовіць, ва ўсіх сэнсах грунтоўныя сустракаюцца ўсё радзей і радзей. Ды і належаць яны часта мастакам пакалення, якое творча сцвердзілася яшчэ за савецкім часам. Такая сітуацыя падаецца мне не зусім нармальнай. Свабоды ў параўнанні з савецкай эпохай, безумоўна, стала болей. Значна пашырылася прастора для творчага самавыяўлення. Чаму ж усё гэта не канвертуецца ў шэдэўры?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"