Звязалі фізіку з гармоніяй

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Мінскаму дзяржаўнаму музычнаму каледжу імя М. Глінкі — 95. Галоўныя ўрачыстасці і канцэрт з гэтай нагоды адбудуцца 3 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Напярэдадні ж нашым суразмоўцам стаў дырэктар навучальнай установы Уладзімір ЧЭРНІКАЎ, які распавёў пра святы і будні каледжа-юбіляра.

/i/content/pi/cult/773/16692/09.JPG— Мінскі каледж — старэйшы ў краіне. Пазней падобныя з’явіліся ва ўсіх абласных цэнтрах і іншых гарадах. У чым асаблівасць вашага, акрамя “шаноўнага ўзросту”? У наяўнасці эстраднага аддзялення?

— Так, на ім рыхтуюць інструменталістаў. Дый вакальныя аддзяленні існуюць не ва ўсіх установах. Яшчэ ў нас пяць аркестравых калектываў, ажно чатыры — харавых. Нават у Акадэміі музыкі няма такой колькасці хароў. Бо акрамя акадэмічнага і народнага хароў, складзеных з харавікоў-дырыжораў, асобна існуе, да прыкладу, жаночы хор піяністаў і музыказнаўцаў — “Мелодыка”. Ёсць і асобны хор вакалістаў, куды ўваходзяць тыя, хто навучаецца сольным акадэмічным спевам. Разнастайныя конкурсы сёння ладзяць усе, але мы праводзім і такія, якіх больш у краіне няма.

— Раскажыце пра конкурсы больш падрабязна — тым больш, што калонка з іх пералікам адразу прыцягвае ўвагу, ледзь толькі трапляеш на ваш сайт: бачна, што каледж імі ганарыцца.

— Гэта сапраўды вельмі вялікая, адказная і надзвычай перспектыўная частка нашай працы. Не трэба даказваць, наколькі конкурсы патрэбны і дзецям і каледжу. Бо для нас гэта і прафарыентацыя, і стварэнне, як сёння гавораць, “банка звестак”: вылучэнне найбольш адораных юных музыкантаў, да іх можна прыгледзецца ўжо на першых этапах навучання і далей сачыць за іх развіццём, дапамагаць. Для ўдзельнікаў — першыя крокі ў прафесію дый увогуле ўражанні на ўсё жыццё.

— Вы праводзіце конкурсы не толькі сольныя, але і аркестраў, камерных ансамбляў, нават канцэртмайстраў. Прычым сярод вучняў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. Няўжо такое магчыма?

— Як бачыце, праводзім. І гэта вельмі важна. Не кожны гатовы выйсці на канцэртную сцэну салістам, дый гэта і зусім не абавязкова, бо на практыцы куды больш распаўсюджаны іншыя формы музіцыравання — сумесныя. У жыцці таксама вельмі цэніцца ўменне працаваць у камандзе, якое спатрэбіцца і на працы, і ў сям’і. Музыка здольная выхоўваць камандны дух — і робіць яна гэта быццам бы незаўважна, на эмацыйным уздыме, а не па ўказцы. Спрабуючы сябе ў якасці ансамбліста ці канцэртмайстра, дзеці і падлеткі вучацца адказнасці не адно за сябе, але і за тых, з кім выступаюць разам — таксама важная жыццёвая рыса. І правядзенне конкурсу ў гэтых галінах яшчэ больш стымулюе цікавасць. Большасць творчых спаборніцтваў, якія мы праводзім, маюць статус адкрытых. Таму акрамя беларускіх юных музыкантаў, калі конкурс рэспубліканскі, ці сталічны, калі ён гарадскі, да нас часта прыязджаюць удзельнікі з іншых рэгіёнаў. А конкурс камерных ансамбляў “Струны Арфея” ўвайшоў у цыкл мерапрыемстваў Еўрапейскай асацыяцыі выкладчыкаў камернай музыкі, куды ўступілі нашы педагогі. Ладзім мы і іншыя праекты, у тым ліку сумесныя — не толькі з нашымі, але і з замежнымі ўстановамі і музыкантамі. Дарэчы, нашы маладыя выкладчыкі таксама ездзяць на конкурсы — удзельнічаюць у іх разам з вучнямі. Мацнейшы стымул для самаўдасканалення абодвух бакоў!

/i/content/pi/cult/773/16692/010.JPG

— Дарэчы, я заўважыла: ледзь не ўсе конкурсы, што праводзіць каледж, носяць чыесьці імёны. Выхаваўчы момант?

— Хутчэй гістарычны. Бо гістарычная памяць — пачатак усіх пачаткаў. У ёй закладзены і патрыятызм, і нацыянальная самасвядомасць, і ўдзячнае стаўленне да старэйшага пакалення, што нівелюе вечную праблему бацькоў і дзяцей. І ўвогуле: калі мы не захаваем імёны нашых славутых выкладчыкаў і музыкантаў, дык хто гэта зробіць замест нас? Таму Фестываль-конкурс народнай песні “Агмень” носіць імя знакамітага фалькларыста і кампазітара, аднаго са стваральнікаў аддзялення народна-харавых спеваў у нашым каледжы Аляксандра Рашчынскага. Конкурс юных выканаўцаў на класічнай гітары — імя Уладзіміра Белышава, які закладаў асновы беларускай гітарнай школы і вывеў нашых музыкантаў на сусветны ўзровень. Конкурс канцэртмайстарскага майстэрства, які ў 2020-м набудзе статус рэспубліканскага, названы ў гонар Валерыя Савіна. Тое ж імя дадзена Камернай зале нашага каледжа. Таццяна Сергяенка, якая падрыхтавала безліч таленавітых цымбалістаў, ніколі ў нас не выкладала. Але была нашай выпускніцай. Таму яе імя атрымаў конкурс выканаўцаў на беларускіх цымбалах. Яшчэ адна форма ўшанавання (і адначасова больш глыбокага знаёмства з творчасцю) — правядзенне тэматычных конкурсаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстваў. Сёлетні конкурс дзіцячых аркестраў “Аркестрына” прысвячаўся заўчасна загінуўшаму кампазітару і дырыжору Генадзю Ермачэнкаву: выконваліся яго творы, у якасці госця выступаў створаны ім ансамбль, адбываліся сустрэчы з тымі, хто яго ведаў. Не забываемся мы і на жывых класікаў — нашых сучаснікаў. Чацвёрты аркестравы конкурс, што пройдзе ў наступным годзе, будзе прысвечаны кампазітару Вячаславу Кузняцову. А Галіну Гарэлаву, майстра пранікнёных камерных твораў, мы запрашалі старшынёй журы “Струнаў Арфея”. Шкада, немагчыма адзначыць кожнага. За гады існавання каледж падрыхтаваў больш за дзевяць тысяч музыкантаў. І сярод іх такія знакамітасці, як Ларыса Александроўская, Іосіф Жыновіч, Анатоль Багатыроў, Уладзімір Алоўнікаў, безліч нашых сучаснікаў — ад Фінберга і Ханка да тых, хто адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі (толькі за мінулы вучэбны год заахвочванні гэтага фонду атрымалі 12 чалавек).

— Хтосьці з медыя-асоб упрыгожыць юбілейны вечар у філармоніі?

— Там выступяць найперш нашы цяперашнія навучэнцы. Дадаўся і канцэрт выкладчыкаў у філарманічнай зале імя Рыгора Шырмы. Увогуле ж, пад знакам юбілею праходзіць увесь год. Адбылося некалькі канферэнцый, прысвечаных гісторыі каледжа, яго выкладчыкам розных гадоў. Да архіўных пошукаў далучыліся не толькі музыказнаўцы, але і прадстаўнікі іншых спецыяльнасцяў. Асабліва цікава было паглыбіцца ў даваенныя гады, бо доўгі час многія дакументы тае пары былі недаступнымі. Дый цяпер стала вядома далёка не ўсё. Але сярод знойдзенага ёсць і старыя фотаздымкі, і рукапісы, загады, што тычацца вучэбнага працэсу. Частка гэтых матэрыялаў і здымкаў увойдзе ў юбілейны буклет.

— Няўжо і сапраўды знайшлося штосьці невядомае?

— У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, куды звярталіся нашы даследчыкі, захоўваецца, да прыкладу, загад аб звальненні легендарнага музыказнаўцы Юліяна Дрэйзіна (менавіта ён у 1930-я рабіў пераклады оперных лібрэта, каб спектаклі ішлі па-беларуску) — “за антымарксісцка-ленінскія погляды ў выкладанні гісторыі музыкі”. Там жа знайшлі і рукапісныя характарыстыкі на вучняў першага выпуску — на таго ж Ісака Любана, будучага аўтара песні “Бывайце здаровы”. А ці ж не цікаўна, што ў першым наборы на духавыя інструменты было ажно 14 валтарністаў? Цяпер па планах — усяго адно месца штогод. Тады трэба было як мага хутчэй скласці з выкладчыкаў і вучняў паўнавартасны аркестравы калектыў (цяпер гэта Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым). І абраць у яго лепшых, бо далёка не ўсе, хто паступіў, спраўляліся надалей з усё больш складанымі заданнямі.

— А сёння спраўляюцца? У вас жа выкладаюцца не адно спецыяльныя дысцыпліны, але і агульнаадукацыйныя. Музыканты, якія вызначыліся з прафесіяй, звычайна іх не вельмі шануюць.

— Ёсць такое. Таму выкладчыкі імкнуцца іх зацікавіць, звязаць тыя ж геаграфію ці фізіку з музыкай. Прыдумалі штосьці накшталт гульні “Музычная геаграфія”: вывучаюць не толькі прыроду і эканоміку замежжа, але і іх уздзеянне на развіццё культуры, яе сучасны стан, наяўнасць конкурсаў, фестываляў. А ўсё, што тычыцца гуку, яго ўзнікнення, распаўсюджвання, узмацнення, разнастайныя акустычныя з’явы, музычная электроніка — гэта ж фізіка. Усё ўзаемазвязана, і многія самыя нечаканыя адкрыцці робяцца на сумежжы навук. Разуменне гэтага і намагаемся прывіць выхаванцам.

— На развітанне — крыху асабістага. Быць дырэктарам — складана? Так, у вас за плячыма кіраўніцтва студэнцкім баянным аркестрам нашай Акадэміі музыкі, там жа — пасада дэкана народнага факультэта. Але дырэктарства — пэўна, гэта штосьці іншае?

— Безумоўна. Даводзіцца ва ўсё ўнікаць і адказваць за ўсіх адразу. Тры з паловай гады таму ў нас з’явіўся, нарэшце, інтэрнат. Цудоўна! Але складана яшчэ тое, што нашы вучні — падлеткі пераходнага ўзросту, да якіх патрабуецца асаблівы падыход.

— Што ж тады для дырэктара галоўнае: вучэбны працэс, выхаванне, грошы, атмасфера ў калектыве?

— Усё важна. Але галоўнае — гармонія паміж усімі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"