Кампенсацыі і гарантыі, або Як абараніць мастацтва?

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Шведская асацыяцыя VS Беларускі саюз мастакоў
Галоўным пунктам MU-пагаднення паміж шведскім урадам і Шведскай асацыяцыяй мастакоў з’яўляецца мінімальная аплата творцам за удзел у выставе. Кампенсацыя выдаткаў за транспарт, страхоўку, тэхнічнае абсталяванне ды іншае выплочваецца асобна. Гэта ўнікальнае пагадненне далёка не адзіная адметнасць сістэмы падтрымкі мастакоў, што існуе ў Швецыі. Напрацоўкамі сваіх калег на адмысловым Кангрэсе-пэрформансе работнікаў і работніц культуры, што прайшоў на мінулым тыдні, падзялілася з публікай член праўлення Шведскай асацыяцыі мастакоў і Міжнароднай асацыяцыі мастакоў Сафія дэ ля Фуэнтэc. Панэльная дыскусія “Мастацкія саюзы: прыклады Беларусі і Швецыі”, у якой беларускі бок прадстаўляў першы намеснік Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, сталася адной з вартых увагі падзей, зладжанай шведска-беларускім праектам “Статус”, у цэнтры ўвагі якога — пазіцыя і роля мастака ў грамадстве.

/i/content/pi/cult/773/16691/08.JPGЯшчэ напачатку сустрэчы Сафія дэ ля Фуэнтэc падкрэсліла сваё паходжанне: яна прыехала ў Швецыю з Аргентыны. Погляд чалавека звонку адразу дазволіў мастачцы выявіць пераважна шведскі моўны асяродак, які пануе ў мастацкім полі краіны, што яе прыняла. Выявіць закрытасць культуры — і паспрабаваць яе змяніць. Сёння сайт Шведскай асацыяцыі мастакоў мае адмысловую опцыю, што дазваляе прачытаць яго змест на самых розных мовах. “У тым ліку на беларускай”, — дадае Сафія, і заўважна, што падобны “момант доступу” для яе надзвычай важны.

Пасля заўвагі пра адкрытасць інфармацыі, яна распавядае пра галоўнае дасягненне Шведскай асацыяцыі мастакоў — так званае, MU-пагадненне паміж шведскім урадам і мастацкім саюзам, у якім прапісаны мінімальны тарыф, аплата творцу за ўдзел у выставачных праектах.

— У пэўны момант мы задалі сабе пытанне, што больш важна: ці прасіць падтрымкі дзяржавы, ці дамагацца гарантый для мастакоў, — кажа яна. — І абралі другі шлях.

Пагадненне, што было прынята ў 2009 годзе і адноўлена ў 2018-м, сёння гарантуе кожнаму творцу аўтарскі ганарар за ўдзел у выставачных праектах. На час працы экспазіцыі яе арганізатары нібыта бяруць у арэнду твор мастака і аплочваюць яму ўзнагароджанне за яе публічнае экспанаванне. Памер аўтарскага ганарару залежыць ад катэгорыі арт-інстытуцыі — ці гэта буйны музей альбо маленькая галерэя, што ладзіць выставу — усё ўлічваецца. Таксама бярэцца ў разлік тэрмін працы выставы. Па сутнасці, Асацыяцыя дамаглася пагадзіннай аплаты працы мастакоў — на прыкладзе задзейнічання іх твора(ў) у персанальным ці групавых праектах. У MU-пагадненні падкрэсліваецца, што кампенсацыі выдаткаў на дарогу, тэхнічнае абсталяванне, страхоўку, ды іншых, аплочваецца мастаку асобна. Усе дамоўленасці фіксуюцца паміж мастаком і арт-інстытуцыяй дамовай, якая мае, натуральна, юрыдычную сілу.

Інфармацыя, прадстаўленая Сафіяй дэ ля Фуэнтэс, безумоўна, уражвала.

Глеб Отчык распачаў свой выступ з прэзентацыі мадэлі Беларускага саюза мастакоў і яго галоўнага кірунку дзейнасці. Ён з’акцэнтаваў увагу на тым, што аб’яднанне мае свае выставачныя плошчы, а таксама ўнітарныя прадпрыемствы, якія могуць займацца камерцыяй. Ва ўласнасці саюза таксама — майстэрні. Арганізацыя садзейнічае і таму, што для яе сябраў горад здае майстэрні па ільготным кошце.

— Нягледзячы на крызіс, магу сведчыць, — абмаляваў зусім іншую рэальнасць Глеб Отчык, — што наш саюз апошнім часам павялічыў прыбытак у два разы. Гэта адбываецца за лік таго, што мы пачалі эканоміць.

Намеснік старшыні БСМ узгадаў і такі радок даходу як арэнда памяшканняў.

— Нас шмат крытыкавалі, што Палац мастацтваў толькі паўгады працуе як сапраўдная выставачная пляцоўка, а астатні час — здае свае памяшканні пад камерцыйныя выставы, кшталту, скажам, выставы мёду, — узнавіў Глеб Отчык. — Сёння магу зазначыць, што сітуацыя змянілася. Толькі адзін месяц зараз аддаецца пад падобныя камерцыйныя мерапрыемствы. Усё астатняе — мастацкія ці праекты мастацкага характару.

У гэтым ключы Глеб Отчык узгадаў супрацоўніцтва Беларускага саюза мастакоў і такіх партнёраў як “Белгазпрамбанк”, “Прыёрбанк”, а таксама праекты з Міністэрствам культуры.

Ад галоўных кірункаў дзейнасці саюзаў удзельнікі дыскусіі перайшлі да пытанняў даходаў, магчымасцяў уступлення ў аб’яданні.

— Шведская асацыяцыя мастакоў жыве за лік толькі членскіх узносаў, — пазначыла Сафія дэ ля Фуэнтэc.

У адрозненне ад Беларускага саюза масткоў, сябры якога мусяць рабіць узнос толькі раз на год, члены шведскай арганізацыі плоцяць унёскі раз у два месяцы.

Тым не менш, шведскае аб’яднанне аказалася больш адкрытым для новых сябраў, чым беларускае. Для ўступлення ў яго дастакова мець профільную адукацыю ці ўдзел у трох міжнародных ці шведскіх праектах з экспертным адборам. Патрабаванні ж да сябраў Беларускага саюза мастакоў такія: профільная адукацыя не абавязковая, аднак партфоліа мастака мусіць уключаць дзесяць (!) выставачных праектаў — рэспубліканскага ці міжнароднага значэння.

Лічбавая статыстыка саюзаў на сёння: 1250 сябраў — у БСМ і 3300 — у ШАМ.

“А якія вашы стасункі з лакальнымі ўладамі і дзяржавай? Ці можаце вы дамагацца лепшых умоваў працы для мастакоў?” — такім было наступнае пытанне мадэратара дыскусіі Моны Вальстром.

Сафія дэ ля Фуэнтэc у адказ узгадала дадатковыя кірункі дзейнасці сваёй асацыяцыі.

— Мы распрацоўваем і распаўсюджваем адмысловы гайд, дзе пазначаюцца рэкамендаваныя кошты на аўтарскія творы, — сказала яна.— Акрамя таго, Шведская асацыяцыя мастакоў выпускае часопіс, які дае магчымасць арыентавацца ў лакальным мастацкім полі.

Яшчэ аргентына-шведская мастачка ўзгадала “правіла 1 працэнта”. Сутнасць яго ў тым, што з кожнага новаўзведзенага аб’екта мусіць адлічацца 1 працэнт ад яго агульнага кошту на арт-праект на лакальнай тэрыторыі.

— Мы мелі падобныя захады ў савецкі час, — падтрымаў калегу Глеб Отчык. — І тады з будаўніцтва вылучаліся нават 2 працэнты на арт-праекты. І гэта былі каласальныя грошы — такім чынам стваралася мастацкае афармленне, манументальныя творы. Сёння мы маем намер вярнуць гэту сістэму.

Мастак падкрэсліў, што з просьбай аднавіць падобную практыку ўжо скіраваныя лісты ў розныя інстанцыі. “І калі нам дадуць толькі 1 працэнт — мы ўсё роўна будзем шчаслівыя”, — зазначыў ён.

Сярод апошніх дасягненняў Беларускага саюза мастакоў у гэтым годзе — уключэнне ў адмысловы рэестр коштаў на творы contemporary art.

— Ёсць такая кніжачка з расцэнкамі на творы, якую мы прапаноўваем Міністэрству культуры. Зараз у рэестр дададзеныя такія віды мастацкіх твораў як інсталяцыя, відэа… Раней гэтага не было. Цэлае пакаленне мастакоў у нас заставалася без увагі, — зазначыў Глеб Отчык.

Сярод асноўных актыўнасцей БАМ намеснік старшыні арганізацыі вылучыў магчымасць атрымання матэрыяльнай дапамогі яго сябрам, заказаў на працу.

— Нягледзячы на ўсе нашыя высілікі, варта прызнаць, што мастакі часам вымушаны займацца іншай дзейнасцю. Каб выжыць, многія становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, — канстатаваў эканамічны стан творцаў Глеб Отчык. — Гэта можна лічыць пэўным адказам на тую сітуацыю, што сёння ёсць. Тым не менш, кожны сябра нашага саюза можа разлічваць на дапамогу.

Выступленне беларускага мастака прадэманстравала, што, з аднаго боку, Саюзу ўдалося захаваць набыткі арганізацыі, створанай у савецкія часы, ён імкнецца прадастаўляць пэўныя прэферэнцыі сваім сябрам, з іншага — аб’яднанню трэба вызначацца з далейшай стратэгіяй і пазіцыяй, што мусіць быць больш радыкальнай у прасоўванні правоў мастакоў, мастацтва як незалежнай практыкі.

— Наша грамадства пакуль не гатовае ўліваць вялікія сродкі ў мастацтва, — канстатаваў існуючае палажэнне спраў Глеб Отчык. — Але трэба пераконваць яго ў гэтым.

Беларускі саюз мастакоў займацца асветніцкай дзейнасцю ва ўсіх напрамках, у тым ліку, уваходзячы ў склад пэўных саветаў і прадстаўніцтваў. Гэта працу Глеб Отчык таксама лічыць важнай.

Сесію пытанняў да выступоўцаў распачала рэпліка шведскай мастачкі Лінды Тэдсдотэр. Яна адзначыла скіраванасць дзейнасці Беларускага саюза мастакоў на падтрымку менавіта сваіх сябраў: “Складаваецца ўражанне, што вы дзейнічаеце як клуб. А што ж — астатнія мастакі?”

— Так, ёсць праекты кансерватыўныя, толькі для сябраў Саюза, — пагадзіўся Глеб Отчык, — але ёсць і для больш шырокай аўдыторыі.

Мастак прывёў у прыклад тэматычныя выставы, што былі адкрытыя для ўдзелу ўсіх жадаючых: “Яблычны смак”, “Мяжа”… Налета падобным гучным праектам БСМ мусіць стаць выстава “Увайсці ў IT”, зробленая сумесна з Міністэрствам культуры і Паркам высокіх тэхналогій.

— Беларусь пазіцыяніруе сябе як IT-краіна. Чаму не асэнсаваць гэты феномен праз мастацтва? — запрашае да ўдзелу ў выставе намеснік старшыні аб’яднання. — На праект вылучана фінансаванне — гэта рэальная магчымасць рэалізацыі сваёй ідэі. Ды па выніках выставы, што адбудзецца прыкладна ў верасні — кастрыніку наступнага года, будзе зладжана закупка найбольш цікавых работ. Падкрэслю, што праект адкрыты для мастакоў усіх жанраў і напрамкаў.

Да Сафіі дэ ля Фуэнтэc прагучала пытанне аб сацыяльных заказах: ці мае падобныя шведская асацыяцыя з боку дзяржавы.

— Мы не працуем такім чынам, — адказала яна. — Шведская асацыяцыя мастакоў прадастаўляе звесткі дзяржаўным інстытуцыям пра тое, што стаіць за працай творцы. Мы прасоўваем гэту інфармацыю ўладам, палітыкам, экспертам, ладзім камунікацыю і дамагаемся для творцаў сацыяльных гарантый. Заказамі займаюцца іншыя арт-інстытуцыі.

Ці можа мастацтва быць сёння вольным ад камерцыі? — у кантэксце размовы вядомае пытанне прагучала найбольш востра.

Беларускі саюз мастакоў, па словах Глеба Отчыка, не займаецца камерцыйнай дзейнасцю. Гэты цяжар нясуць унітарныя прадпрыемствы аб’яднання.

— Акрамя таго, пэўны статус мастака пацвярджае дзяржава, — сябры Беларускага саюза мастакоў не лічацца дармаедамі. Гэта значыць, што ты ўжо маеш пэўную пасаду, — рэзюміраваў ён.

Адказ жа Сафіі дэ ля Фуэнтэc выкрыў іншы падыход да прадмета дыскусіі.

— У сённяшні час капіталізму мы мусім вынаходзіць розныя аргументы, каб падкрэсліць каштоўнасць мастацкай працы. Напрыклад, мы можам казаць пра тое, што творы мастацтва, культурныя ўстановы прыцягваюць турыстаў, — і гэта выгадна для эканомікі. І гэта абслютная праўда. Можам казаць пра тое, што культура мусіць быць устойлівай, і адпаведна варта захоўваць не толькі нашы традыцыі, але і тое, што ёсць сёння. І таксама ў гэтым пытанні будзем мець рацыю. Вынаходзіць новыя і новыя аргументы, каб абараніць культуру і мастацтва — гэта праца мастакоў ва ўсе часы. Аднак калі казаць пра сутнасць мастацтва, на якую мы з вамі не павінны забывацца, то яна вельмі простая. Місія мастацтва — у самім мастацтве. І калі вас пытаюць адно толькі пра камерцыйную аддачу, часам важна распавядаць і пра эсэнцыю мастацтва.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"