Як раскапаць турыстычную разынку?

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Валанцёры і музейшчыкі на службе археалогіі
14 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі прайшла прэзентацыя вынікаў археалагічных экспедыцый, якія адбыліся сёлета ўлетку пры ўдзеле супрацоўнікаў гэтай установы.

/i/content/pi/cult/773/16690/07.JPGПрэзентацыя “Археалагічнае лета з музеем” была зладжаная аддзелам археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея — сувязь гістарычнага музея з археалогіяй несумненная. Як адзначыла ў сваёй вітальнай прамове намеснік дырэктара музея Яўгенія Іванова, калі пачынаецца работа археолага — у той жа момант пачынаецца і работа музейшчыка, таму дасягненні, прадстаўленыя падчас прэзентацыі, уяўляюць з сябе ўнёсак, у тым ліку, і ў музейную справу.

Археолаг Мікалай Плавінскі падкрэсліў, што экспедыцыі, вынікі дзейнасці якіх былі прадстаўленыя аўдыторыі, з’яўляліся валанцёрскімі, і ўдзел у іх бралі дзясяткі людзей розных узростаў і заняткаў. А арганізатарамі гэтых энтузіястаў выступілі Нацыянальны гістарычны музей, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Дз. Сахарава, Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту. Таксама аказалі дапамогу ўдзельнікам экспедыцый прадстаўнікі каталіцкай царквы і Цэнтра рэгіянальнага развіцця “Браслаў”.

Чатыры кілаграмы костак і два — керамікі

Прэзентацыя распачалася з прадстаўлення вынікаў раскопак у вёсцы Наўры Мядзельскага раёна, і Мікалай Плавінскі, які кіраваў працамі на гэтым аб’екце ў мінулыя гады, перадаў слова новай кіраўніцы экспедыцыі — Вікторыі Тарасевіч, якая спачатку коратка распавяла аб гісторыі археалагічных даследаванняў у Наўрах. Тамтэйшы могільнік культуры смаленска—полацкіх доўгіх курганоў даследаваўся яшчэ ў міжваенныя гады навукоўцамі з Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя пад кіраўніцтвам Алены Цэгак-Галубовіч. Ужо ў савецкія часы, у 1987 годзе могільнік у Наўрах раскопвала экспедыцыя гістарычнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам Валянціна Рабцэвіча і Аляксандра Плавінскага, а ў 2012 годзе кіраўніком раскопак быў ужо сын апошняга — Мікалай. Ён працягвае справу бацькі, які пайшоў ад нас сёлета ў ліпені.

Кажучы аб выніках раскопак, кіраўніца экспедыцыі падсумавала: “У мяне ў фондах цяпер на чатыры кілаграмы костак і два кілаграма керамікі болей”. Калі ж казаць сур’ёзна, то пацвердзілася, што могільнік у Наўрах унікальны для Беларусі — тут выяўленыя бескурганныя пахаванні. Упершыню ўвага даследчыкаў звернутая не на курганы, а на міжкурганную прастору, у якой зробленыя цікавыя знаходкі. У бескурганных пахаваннях былі знойдзеныя кераміка і фрагменты бронзавых упрыгожванняў, у сплошчаным кургане — жалезная спражка. Такім чынам, для даследчыкаў адкрыліся новыя перспектывы ў вывучэнні пахавальнай культуры продкаў беларусаў — крывічоў.

Страчаныя кляштары вяртаюцца

Далей слова зноў узяў Мікалай Плавінскі, які распавёў аб раскопках у мястэчку Будслаў на ўсё той жа Мядзельшчыне, дзе праходзіць славуты каталіцкі фэст у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай, нядаўна прызнаны UNESCO часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. У мясцовай каталіцкай парафіі, на чале якой стаіць ксёндз Дзмітрый Дубовік, ёсць ідэя аднавіць пры мясцовым касцёле кляштар ордэна бернардынаў. Для вывучэння магчымасцяў аднаўлення і былі запрошаныя археолагі, якія высветлілі перспектывы рэстаўрацыі падмуркаў кляштара. У раскопе, акрамя рэштак пабудовы, былі знойдзеныя фрагменты кафлі, дахоўкі, шклянога і керамічнага посуду, а таксама барацінкі — манеты другой паловы XVII стагоддзя. Адшуканыя былі і рэшткі дваіх пахаваных манахаў. Падмуркі кляштара яшчэ патрабуюць далейшага даследавання, але ўжо цяпер відаць, што на іх аснове магла б адбыцца рэстаўрацыя будынка, які стаў бы выдатным цэнтрам прыцягнення для турыстаў і ўдзельнікаў пілігрымак.

Далей археолагаў чакалі раскопкі на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш у Браслаўскім раёне. Тут, як відаць з назвы, таксама некалі існаваў базыльянскі кляштар, знішчаны пажарам у 1832 годзе, рэшткі якога і трэба было адшукаць — некалі менавіта тут захоўваўся славуты абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў, які цяпер знаходзіцца ў Браславе. Раней востраў ужо спрабавалі даследаваць такія вядомыя археолагі і краязнаўцы мінулых стагоддзяў, як Дзмітрый Струкаў і Отан Гедэман. Сёлетняй жа экспедыцыяй былі выяўленыя каменныя і цагляныя падмуркі драўляных пабудоваў, багата манет, а таксама парэшткі манахаў, якія можна датаваць раней за XVIII стагоддзе. Цэнтр рэгіянальнага развіцця “Браслаў” мае вялікія планы на рэкрэацыю вострава і ператварэнне яго ў турыстычную цікавостку краю.

Паралельна з раскопкамі на Манастыры экспедыцыя даследавала і курганны могільнік у Ахрэмаўцах Браслаўскага раёна, які таксама, як і могільнік у Наўрах, адносіцца да культуры смаленска—полацкіх доўгіх курганоў. Тут былі выяўленыя два пахаванні па абрадзе крэмацыі, а таксама фрагменты керамікі і праселка з арнаментам.

Не толькі раскопкі, але і разведкі

Яшчэ пра адну экспедыцыю распавёў яе кіраўнік, супрацоўнік аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Раман Крыцук. Ён вырашыў паспрабаваць выкарыстаць методыку археалагічнага даследавання месцаў знаходак скарбаў. Раскопкі праводзіліся ў Маладзечанскім раёне, дзе раней быў выяўлены скарб з дзесяці манет XIV стагоддзя, перададзены музею яшчэ ў 2018 годзе — і ў выніку сёлета там жа былі знойдзеныя яшчэ дзве манеты.

Вікторыя Тарасевіч таксама распавяла пра поспехі археалагічнай разведкі, мэта якой — выявіць перспектыўныя помнікі для далейшых даследаванняў. Экспедыцыя адбывалася ў Мядзельскім раёне, тут быў разведаны курганны могільнік у вёсцы Палессе ля Будслава, дзе некалі існавала сядзіба шляхецкага роду Аскеркаў. Тут жа быў знойдзены пад’ёмны матэрыял — фрагменты посуду. Таксама непадалёк ад Будслава быў разведаны могільнік ля хутара Раскоша, а ў Браслаўскім раёне па берагах ракі Друйкі археолагі таксама шукалі пад’ёмны матэрыял — кераміку і шкло позняга сярэднявечча. Яшчэ пра адну разведвальную экспедыцыю ў вёску Рог Вушацкага раёна распавяла Марыя Сцяпанава — тут у курганным пахаванні былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, а таксама пацеркі, пярсцёнкі і скроневыя кольцы ХІ — Х стагоддзяў.

Напрыканцы прэзентацыі ўдзельнікі экспедыцый, валанцёры і спонсары атрымалі дыпломы падзякі за сваю дапамогу археолагам і музейшчыкам. Наведвальнікі мерапрыемства таксама змаглі азнаёміцца з фотавыставай “Навука з рыдлёўкай і ўсмешкай на твары”, якая складаецца са здымкаў зробленых у археалагічных экспедыцыях улетку 2019 года. Кіраўнікі экспедыцый выказалі ўпэўненасць у тым, што людзі, якія паўдзельнічалі ў раскопках ці дапамаглі іх удзельнікам хаця б аднойчы, ужо назаўсёды застануцца ўражанымі гэтымі пошукамі і захаваюць вернасць археалогіі. А як жа іначай — без энтузіязму добраахвотнікаў усе згаданыя адкрыцці проста не былі б магчымыя.